Папрацавалі “крута”

Ужо не першы год навучэнцы Маларыцкага дзяржаўнага ліцэя сельскагаспадарчай вы­творчасці, члены маладзёжнага атрада аховы правапарадку, наводзяць парадак на тэрыторыі ля “ваеннага” возера ў г. Маларыта. 14 красавіка, нягледзячы на дажджлівае надвор’е, прайшла маладзёжная працоўная акцыя “Труд – крут!”, якая стала працягам праекта “Выбіраем студатрад”.

Увагу прыцягнула прыбярэжная тэрыторыя возера, на якой пасля зімы засталося шмат смецця. Юнакам давялося добра папрацаваць: прыбіралі бутэлькі, пакеты і іншае смецце, якое пакінулі тыя, хто адпачываў, рыбакі, жыхары і госці нашага прыгожага горада. На жаль, многія прыходзяць на чыстую і дагледжаную тэрыторыю, але потым забываюць прыбіраць за сабой і не клапоцяцца пра іншых людзей, якія таксама жадаюць адпачыць у гэтым утульным месцы. Маладыя сваім прыкладам даказалі, што не саромеюцца працаваць на зямлі і наводзіць парадак на ёй. Юнакі аднесліся да справы сур’ёзна, хоць, між іншым, не ўсе з іх жывуць на Маларытчыне.

Хацелася б выказаць вялікую ўдзячнасць хлопцам з МААП, кіраўніку атрада Васілю Шалашову і адміністрацыі прафесійнага ліцэя за тое, што моладзь не пашкадавала ні сіл, ні часу, каб добраўпарадкаваць возера. А таксама хочацца аддзячыць раённай арганізацыйнай структуры РД ГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” за аказанне дапамогі ў час уборкі і забеспячэнне інвентаром.
Дзякуючы такім акцыям наш горад становіцца больш чыстым і прыгожым. А юнакі, якія ўдзельнічаюць у іх, напэўна, не выкінуць смецце ў неналежным месцы, бо добра ведаюць, колькі сіл трэба прыкласці, каб яго прыбраць.
***
У рамках маладзёжнай пра­цоўнай акцыі “Труд – Крут!” на Маларытчыне прайшла і акцыя “Памяць пакаленняў”. Прадстаўнікі раённага камітэта ГА “БРСМ”, вучні СШ № 1 г. Маларыты наводзілі парадак на магілах і месцах пахаванняў на гарадскіх могілках: брацкай магіле танкістаў, магіле партызана Аляксея Мікалаевіча Юшчука і брацкай магіле савецкіх і партыйных работнікаў.
Аляксей ДЗЯМІНСКІ.
На здымку: у час акцыі “Труд-Крут!” на гарадскіх могілках.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 32 от 22.04.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий