ВЫШЭЙ ЗА ЎСЯКУЮ ПАХВАЛУ

У рамках штогадовага Тыдня фінансаў і моладзі (Global Money Week) спецыялісты ЦБП №120 ААТ ”ААБ Беларусбанк” арганізавалі і правялі навучальныя заняткі з моладдзю і школьнікамі раёна, а таксама конкурс дзіцячых сэлфі і фатаграфій. Конкурс насіў назву ”Тэрыторыя магчымасцей”, што адлюстроўвала яго сутнасць. Юнакам і дзяўчатам было прапанавана, выкарыстоўваючы інтэрнэт-рэсурсы і кансультацыі спецыялістаў банка, вывучыць банкаўскія прадукты і адлюстраваць іх на фатаграфіі ці ў сэлфе-здымку. Удзельнікам конкурсу трэба было прытрымлівацца адной абавязковай умовы: іх работы не павінны дубліраваць рэкламныя праспекты банка.
Да ўдзелу ў конкурсе былі запрошаны больш чым 350 вучняў школ раёна, тут жа былі вызначаны настаўнікі, якія павінны былі аказваць дапамогу канкурсантам у афармленні работ. На падрыхтоўку адводзілася паўтара месяца. Тое, што на суд журы прадставілі ўдзельнікі конкурсу, аказалася вышэй за ўсякую пахвалу.

Алег ЯКУБЧЫК, дырэктар ЦБП № 120 ААТ “ААБ Беларусбанк”, старшыня журы конкурсу:

— Фантазія, творчы падыход, дзіцячая непасрэднасць – усё злілося ў адзіным імкненні стварыць свой, асабісты “шэ­дэўр”. Нехта спыніўся на асоб­ным банкаўскім прадукце, нехта ўзяў цэлы накірунак, да прыкладу, дыстанцыйнае банкаўскае абслугоўванне, а нехта паспрабаваў ахапіць неабдымнае і адлюстраваць у фотарабоце ўвесь спектр банкаўскіх паслуг.
Вызначыць прызёраў аказалася няпроста. Журы, у складзе якога былі кіраўніцтва ЦБП №120 і прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, доўга раіліся і спрачаліся. Усе работы былі індывідуальныя і яркія. У адпаведнасці з умовамі конкурсу былі адабраны работы і вызначаны тры прызёры конкурсу. У якасці прызоў канкурсанты атрымалі кубкі, на якіх размешчаны іх работы, што былі прадстаўлены на конкурс, з лагатыпам Беларусбанка, а таксама ганаровыя граматы. Для школьнікаў такое заахвочванне іх творчасці было вельмі нечаканым і вельмі прыемным.
Але самым важным у конкурсе было тое, што дзяцей захапіла банкаўская тэматыка. Яны са­ма­стой­на вывучылі матэрыял і праявілі творчы падыход і ініцыятыву. Пастаўленая намі мэта была дасягнута.
Прагледзеўшы разам з Ірынай Васільеўнай Глушчык работы ўдзельнікаў конкурсу, была ў захапленні. Яны пераканалі, што маладыя людзі сёння неабыякавыя да новых банкаўскіх прадуктаў, умеюць карыстацца імі, хочуць быць фінансава адукаванымі. І гэта правільна. Між іншым, назву конкурсу прыдумала адна з прызёраў яго Вераніка Хапалюк, вучаніца 6 класа гарадской сярэдняй школы №2. Як прызналася Вераніка, яна вельмі любіць фатаграфавацца. А яшчэ — творчасць. Неабыякавая да ўсяго гэтага і настаўніца Святлана Аляксандраўна Улезла, якая дапамагала дзяўчынцы рыхтаваць конкурсныя работы. Вучаніца 10 класа Олтушскай сярэдняй школы Марына Яцура і сёлетняя выпускніца раённай гімназіі Ангеліна Федасюк, па ўсім было відаць, зноў жа — натуры тонкія, творчыя, ім падабаецца эксперыментаваць, як гаворыцца, пазнаваць сябе. Дарэчы, Ангеліна аднойчы правярала сябе ўжо на фінансавую адукаванасць (тады таксама была ў ліку прызёраў) і пераканалася, наколькі карысныя такія конкурсы, як шмат яны даюць, таму, не задумваючыся, прыняла рашэнне зноў памерацца сваімі сіламі з іншымі. А тым больш, што яе падтрымала настаўніца Таццяна Мікалаеўна Жыгалава, якая добра ведае здольнасці Марыны, усяляк дапамагала дзяўчыне рыхтаваць работы. Быў ініцыятыўны натхняльнік і ў Марыны Яцуры — настаўніца Наталля Пятроўна Гаральчук. Атрымаўся добры творчы дуэт, які разам распрацоўваў і ажыццяўляў цікавую конкурсную ідэю.
Ці будуць прафесііі гэтых дзяў­чынак звязаны з банкаўскай справай? Пакуль невядома. Ва ўсякім выпадку, са сваім будучым яны яшчэ не вызначыліся. Але кім бы яны ні сталі, задаткі творчых людзей у кожнай з іх ёсць. У дадатак да гэтага — ініцыятыўнасць, мэтанакіраванасць, жаданне па­знаваць новае. А гэта тыя якасці, якія ўзвышаюць чалавека любой прафесіі.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымках: прыемна было прызёрам конкурсу Марыне Яцура, Вераніцы Хапалюк і Ангеліне Федасюк атрымаць памятныя прызы ад дырэктара ЦБП № 120 ААТ ”ААБ Беларусбанк” Алега Якубчыка; конкурсныя работы Марыны Яцура і Веранікі ХАПАЛЮК.конкурсная работа Ангеліны ФЕДАСЮК.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 32 от 22.04.17г.

Добавить комментарий


узнать больше www.profvest.com

www.gss.com.ua

источник gss.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!