СТРАШНЫ ВЫБУХ БОЛЮ

25 красавіка 1986 года.Запланавана прыпыніць работу 4-га энергаблока Чарнобыльскай АЭС для чарговага планава-папераджальнага рамонту. Ён павінен праводзіцца пры магутнасці рэактара 700 – 1000 МВт (цеплавых), 23 – 31% ад поўнай магутнасці.
03:47. Магутнасць рэактара на ўзроўні прыкладна 1600 МВт. У адпаведнасці з праграмай адключана сістэма аварыйнага ахаладжэння рэактара. Зніжаць магутнасць далей забараніў дыспетчар “Кіеўэнерга”.
23:10. Забарона адменена. На працягу 2 гадзін магутнасць рэактара зніжаюць да ўзроўню, прадугледжанага праграмай. Па незразумелых прычынах яна апускаецца да 500 МВт.
26 красавіка 1986 года. 00:28. Ідзе пераход з сіс­тэмы лакальнага аўтаматычнага рэгулявання на аўтаматычны рэгулятар агульнай магутнасці. Аператар не можа ўтрымаць магутнасць рэактара на зададзеным узроўні. Яна правальваецца амаль да 0. Персанал прымае рашэнне аб аднаўленні магутнасці рэактара і атрымлівае яе ўзрастанне і стабілізацыю на ўзроўні 160 – 200 МВт.
01:23:04. Пачынаецца эксперымент.
01:23:38. Зарэгістраваны сігнал аварыйнай абароны ад націску кнопкі на пульце аператара. Сігнал паўтараецца. У наступныя некалькі секунд рэгіструюцца розныя сігналы, што сведчаць пра хуткае ўзрастанне магутнасці. Сістэма рэгістрацыі перастае працаваць.
01:23:47…
26 красавіка 1986 года. Цёмная ноч. Пачатак новых сутак. Субота, а гэта значыць, што ў большасці людзей выхадны, і многія плануюць заняцца хатнімі справамі. Але гэта ўдзень, а ўначы ў Прыпяці і іншых населеных пунктах — цішыня, усе спяць. Спаў і Брагін, раённы цэнтр Гомельскай вобласці. Адлегласць паміж Брагінам і Чарнобылем па трасе — каля 90 кіламетраў, напрамую – каля 45.
У Брагін чуткі пра аварыю дайшлі праз некалькі гадзін. Але гэта былі чуткі, і ніхто нават уявіць не мог, чым абернецца аварыя. Афіцыйна пра яе стала вядома толькі ў першыя дні мая.
У выніку Чарнобыльскай катастрофы Брагінскі раён аказаўся ў ліку тых, дзе было найбольшае радыеактыўнае забруджванне. Таму жыхароў 52 населеных пунктаў вымушаны былі адсяляць. А 9 вёсак проста параўнялі з зямлёй. З Брагіна ў чыстыя месцы была пераселена 1651 сям’я (4892 чалавекі). З іх 2 сям’і пераехалі жыць у Маларыту: а менавіта сем’і Івана Лаўрэнцьевіча і Клаўдзіі Васільеўны Рагуля, Віктара Васільевіча і Таццяны Міхайлаўны Лаўрэенка. Карэспандэнт рэдакцыі сустрэўся з імі і папрасіў яшчэ раз вярнуцца ў тыя далёкія дні, расказаць, як усё было.
Таццяна Міхайлаўна Лаўрэенка:
— Жылі мы ў Брагіне. Толькі што купілі дом. Хацелі там уладкоўвацца. У той страшны дзень на маленькім участку каля дома садзілі бульбу. Муж тады служыў у міліцыі. Каб дапамагчы нам, прыехалі бацькі — і мае, і яго. Віктара ўсё няма і няма. Прыбег ён пасля таго, як мы закончылі ўсё рабіць. Сказаў, што ён на 5 хвілін і што на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі здарылася аварыя. І зноў пайшоў. Не было Віктара суткі. Потым прыйшоў, крыху адпачыў і зноў пайшоў. А я, каб не быць адной, паехала разам з бацькамі да іх.
Людзі пачыналі з’язджаць з Брагіна. Паехала і я, бо была цяжарная. Пасля таго, як нарадзілася дзіця, вярнулася назад у Брагін. Жыццё, здавалася, ішло сваім парадкам. Але праз некалькі гадоў і мы вырашылі пераехаць. Кватэры давалі тым, у каго нарадзіліся дзеці ў гады аварыі. Ну вось я і “выцягнула” Брэст, а потым мы адтуль пераехалі ў Маларыту.
Пераязджаць на новае месца было страшна. Найбольш баяліся таго, як нас успрымуць людзі. На новае месца мы з сабою амаль нічога не бралі, усё пакінулі ў Брагіне. Калі прыехалі засяляцца ў кватэру ў Маларыту, усе жыльцы дома выйшлі нам дапамагаць. Тады мы зразумелі, што тут не прападзем.
Цяпер, калі пасля аварыі прайшоў 31 год, адчуваеш настальгію толькі па сваёй малой радзіме, дзе прайшла наша маладосць і якую практычна ў нас забралі. А пра аварыю мы не любім успамінаць. Надта балюча гэта…
Іван Лаўрэнцьевіч Рагуля:
— Эвакуацыя ў Брагіне пачалася, па-мойму, 7 мая. Жанчын з дзецьмі пасадзілі ў аўтобус, вывезлі за 2 кіламетры ад Брагіна. Там яны і былі цэлы дзень. Ніхто не ведаў, што з імі рабіць і куды іх везці. Дзеці і жанчыны пабывалі ў Барысаве, Гомелі і Мінску. Іх перавозілі з месца на месца і не ведалі, куды дзець. Потым жонка з дзецьмі вярнулася ў Брагін.
Ва ўсіх дзіцячых садах Брагіна былі забіты вокны, каб не праходзіла радыяцыя. Але да таго, як туды пачалі зноў хадзіць дзеці, там жылі салдаты, якія працавалі на атамнай станцыі. Таму не было гарантыі, што ў садок не “прабралася” радыяцыя. Калі я ўзяў дазіметр і памераў узровень яе, то ў будынку ён быў вышэйшы, чым на вуліцы.
Ведаючы, што ў горадзе узровень радыяцыі вышэйшы, чым дапушчальны, наша сям’я прыняла рашэнне пера­ехаць. У кабінеце свайго начальніка, калі звальняўся і падпісваў дакументы, выпадкова ўбачыў карту, на якой былі адзначаны забруджаныя зоны. Аказалася, што ёсць і самыя чыстыя раёны, сярод іх –і Маларыцкі. Калі мы прыехалі ў Маларыту, першым чынам, праверыў узровень радыяцыі на тарфяных пляцоўках, бо менавіта торф яе прыцягвае. Узровень забруджанасці быў ніжэйшы за дапушчальную норму. Мы вырашылі застацца ў Маларыце.
Праз шмат гадоў ездзіў у Брагін. У нашай кватэры і сёння забітыя вокны.
* * *
Да прыезду ў Маларыту гэтыя дзве сям’і не былі знаёмыя. Але адно гора і адзін боль іх з’ядналі.
Павел КАНАНОВІЧ.
На здымках: Іван Лаўрэнцьевіч і Клаўдзія Васільеўна РАГУЛЯ; Таццяна Міхайлаўна ЛАЎРЭЕНКА.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА і
Мікалая НАВУМЧЫКА.

Опубликовано ГЧ № 32 от  22.04.17 г.

Добавить комментарий


стоимость ремонта новой квартиры

cialis-viagra.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!