Сэрца сям’і

Аднакласнікі Алесі, здаўшы школьныя экзамены, рыхтаваліся да іспытаў у вну, а яна – да вяселля. Руская прымаўка сцвярджае: «Выйти замуж – не напасть, как бы с мужем не пропасть». І сапраўды, многія раннія шлюбы не вытрымліваюць “вятроў” сямейнага жыцця. Але такое здараецца, як упэўнена мнагадзетная мама Алеся Уладзіміраўна Яцура з вёскі Олтуш, калі пачуцці нетрывалыя. Наперакор усім прымаўкам яна ніколі не пашкадавала аб раннім замужжы, бо яе спадарожнік па жыцці, Уладзімір Анатольевіч, — надзейная апора.

— Маім універсітэтам стала сямейнае жыццё. Прафесія жонкі, мамы – яна самая важная для жанчыны. З яе я і пачала сваё дарослае жыццё, — прызнаецца Алеся.
Узрост сям’і Яцура – 19 гадоў. Старэйшаму з дзяцей, сыну Максіму, ужо васямнаццаць, дачцэ Марыне – шаснаццаць. А самай маленькай, Маргарыце, у студзені гэтага года споўніўся годзік.
— Звычайна, калі дзеці ўжо, можна сказаць, дарослыя, бацькам не вельмі хочацца вяртацца да пялёнак-распашонак, бяссонных начэй. Для вас гэта было асэнсаванае рашэнне ці проста шчаслівы выпадак? – цікаўлюся ў сваёй субяседніцы.
— Хоць у сям’і мужа і маёй бацькоўскай сям’і было па двое дзяцей, заўжды хацела, каб у нас дзяцей было трое. Калі Максім і Марына падраслі, сталі задумвацца аб тым, што хутка яны пойдуць у самастойнае жыццё, а мы застанемся толькі ўдваіх. А значыць, у доме, пакуль яшчэ самі маладыя, павінна было з’явіцца яшчэ адно маленькае шчасце.
Але гэтага шчасця — любіміцы ўсіх, Маргарыткі, ім давялося чакаць шмат гадоў. Тры разы радасць чакання раптам абрывалася. Быў час, калі, як прызнаецца Алеся, гублялі ўжо надзею. Але дзіва нараджэння яшчэ аднаго дзіцяці ў іх сям’і ўсё ж адбылося. З нецярплівасцю маленькую сястрычку чакалі старэйшыя брат і сястра. Нават пакой святочна ўпрыгожылі, каб у доме адчувалася свята. І цяпер Маргарытка – радасць і забава для ўсіх.
Вучоныя вагаюцца ў вызначэнні аптымальнага ўзросту для нараджэння дзяцей. Адно толькі не выклікае сумнення: у кожным узроставым перыядзе адчуванне мацярынства зусім іншае. Гэта не ўтойвае і Алеся Яцура:
— Сын нарадзіўся, калі мне было ўсяго 18 гадоў, праз два гады – дачка Марына. Іх дзяцінства праляцела, як сон. Нават фотаздымкаў не шмат засталося. Цяпер жа хочацца, каб кожны дзень дзіцяці застаўся ў памяці. Калі Маргарытцы спаўняўся годзік, мы арганізавалі незабыўнае свята. Сцяну ўпрыгожылі яе фотапартрэтамі з кожнага месяца жыцця ад самага нараджэння.
Спачатку першыя крокі, першыя словы, першыя ўменні – усе гэтыя маленькія поспехі маленькай дачушкі радуюць тату і маму. Але не меншая радасць для бацькоў і поспехі старэйшых дзетак. Сын Максім ужо студэнт. Ад таты яму перадалася схільнасць да тэхнікі. У Пружанскім каледжы юнак цяпер набывае прафесію механіка. Марына вучыцца ў дзясятым класе. Яна і ў вучобе старанная, і ў жыцці школы актыўная, удзельніца ўсіх конкурсаў, арганізатар розных мерапрыемстваў.
— Дзяцей з малых гадоў мы прывучалі разам з намі працаваць. Калі ў хаце прыбіраем, дык усе ра­зам, усёй сям’ёй на агародзе працуем. Дзеці не павінны заставацца ў баку ад спраў, бо работа таксама аб’ядноўвае. Ды і дзе навучыцца дзіцяці працаваць, як не ў сям’і? – разважае Алеся Уладзіміраўна.
— А ці ёсць у вашай сям’і “ка­мандзір”, загады якога не аспрэчваюцца? – цікаўлюся ў субяседніцы.
— Мы з мужам усе пытанні вырашаем разам. І справы ніякія не распачынаем, калі адзін з адным не параімся. І гэта, думаю, вельмі добра. Тады і спрэчкі не ўзнікаюць.
— І што, ніколі не спрачаецеся?
Алеся смяецца:
— Вядома, бывае так, што згода дасягаецца не адразу.
— І хто тады ўступае?
— Уступаю я. Стараюся пра­маўчаць. Так і павінна быць у сям’і, але гэта разумееш з гадамі.
Калі ўпершыню пабачыла фотаздымак сям’і Яцура, адразу адчула, што яна дружная. А калі сустрэлася з Алесяй, зразумела – уся пазітыўная энер­гетыка іх дома трымаецца менавіта на ёй. Можна быць умелай гаспадыняй, клапатлівай мамай, але ў доме не будзе з’яднанасці пачуццяў, адчування таго, што сям’я – гэта адно цэлае. Дабіцца такой атмасферы можна толькі намаганнямі з’яднаць усіх. Што, між іншым, і робіць у сваёй сям’і Алеся Яцура. Яна – генератар усіх ідэй, сапраўднае сэрца сям’і. Ні адно свята ў доме не праходзіць без сюрпрызаў для кожнага. У мужа, Уладзіміра Анатольевіча, быў юбілей, дзеці і мама зрабілі падборку фотаздымкаў і арыгінальны падарунак – букет са шкарпэтак. На дзень нараджэння Маргарыты ў доме з’явілася вялікая лічба “1”, зробленая з сурвэтак, а яшчэ на памяць застаўся фотапартрэт сям’і ў імянных майках. Кубкі з фатаграфіямі сям’і, фотакалажы – усё гэта, як лічыць Алеся, каштоўныя рэліквіі сям’і, якія дарагія кожнаму. А яшчэ сям’я Яцура любіць разам адпачываць. Шмат гадоў добрай традыцыяй было падарожжа ў Закарпацце. Але ў апошнія некалькі гадоў паездкі давялося адкласці. Ёсць у кожнага члена сям’і і свае захапленні. Уладзімір любіць паляванне. А сама Алеся доўгі час захаплялася рукадзеллем. Прыгожыя дрэвы і кветкі з пацерак і нітак, якія рабілі мама з дачкой Марынай, упрыгожваюць утульныя пакоі дома Яцураў.
Хоць мнагадзетнай маме не давялося адразу пасля школы атрымаць спецыяльную адукацыю, яна ўсё ж знайшла сябе ў прафесіі прадаўца. Шмат гадоў да дэкрэтнага водпуску яна працавала ў магазіне “Бакалея”, не раз удзельнічала ў конкурсах прадаўцоў, удасканальвала сваё прафесійнае майстэрства і атрымала самы высокі разрад. Але цяпер на пэўны час зноў яе галоўная прафесія – мама. Дапамагчы кожнаму з дзяцей знайсці і адкрыць сябе Алеся Уладзіміраўна лічыць сваім галоўным прызначэннем. І ўпэўнена: шчасце жанчыны – у сям’і.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Уладзімір і Алеся Яцура з дзецьмі Максімам, Марынай і Маргарытай.

Фота з сямейнага фотаальбома

Опубликовано Гч № 33 от 29.04.17г.

Добавить комментарий


steroid-pharm.com/

www.pills-generic.com

посмотреть
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!