Цэнтр спартыўнага жыцця

З 9 снежня г.г. ва ўстанове “Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Маларыцкага раёна” новы дырэктар. На гэтую пасаду назначаны Міхаіл Улезла.

Анкета “ГЧ”.

Прафесійны багаж.
Міхаіл Міхайлавіч нара­дзіўся ў в.Малінаўка Маларыцкага раёна. Закончыў мясцовую васьмігадовую школу. Пасля навучаўся ў СШ №7 г. Баранавічы. Атрымаўшы атэстат сталасці ў 1965 г., паступіў далей вучыцца ў Баранавіцкі тэхналагічны тэхнікум Белкааптаварыства, каб набыць спецыяльнасць “Тэхнік-механік хлебапякарнага абсталявання”. На першае месца працы быў размеркаваны ў Маларыцкае раённае спажывецкае таварыства загадчыкам зоны №4 па гандлю. Праз 2 гады назначаны намеснікам дырэктара аб’яднання грамадскага харчавання. Новая пасада патрабавала і новых ведаў. Міхаіл Улезла адчуў, што для эфектыўнай і выніковай работы іх недастаткова, таму паступае набываць вышэйшую адукацыю ў Гомельскі кааператыўны інстытут па спецыяльнасці “Эканаміст-арганізатар гандлю”. У 1977 г. назначаецца дырэктарам аб’яднання грамадскага харчавання (г.Маларыта). Гэтай рабоце аддаў 10 гадоў. З ліпеня 1984 г. займае пасаду старшыні праўлення Іванаўскага райспажыўтаварыства. Са снежня 1988 г. па красавік 1995 г. быў намеснікам старшыні праўлення Брэсцкага аблспажыўтаварыства, пасля – старшынёй праўлення гэтай жа ўстановы. З лютага 1997 г. па ліпень 2001 г. – першы намеснік старшыні Белспажыўсаюза. Уключна па 2 чэрвеня 2010 г. працаваў старшынёю рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў спажыўсаюза.
Жанаты. Мае дачку Алену і сына Андрэя.
Галоўныя якасці любога кіраўніка.
Кожны кіраўнік павінен валодаць 2 самымі неабходнымі і важнымі якасцямі: разумная строгасць і справядлівасць, аднолькавая ў адносінах да ўсіх членаў калектыву. Справядлівасць ляжыць у аснове любой справы, вялікай і малой. Гэта як падмурак, зыходны пункт для паступовага і планамернага руху наперад.
Міхаіл Міхайлавіч любіць парадак, дысцыпліну і адказнасць за даручаную справу. Ён не прымае тых, хто працуе абы-як і як-небудзь. Сам такі, ён патрабуе гэта ж ад падначаленых. Гэтыя рысы характару закладзены маці, Верай Фёдараўнай. Міхаіл Улезла імкнецца іх прытрымлівацца ўсё жыццё.
Думкі пасля 5 дзён работы на новай пасадзе.
Міхаіл Улезла прызнае, што пасада адказная і нялёгкая, асабліва зараз, калі адбываецца станаўленне ўстановы. У многіх пытаннях даводзіцца ісці непратаптанаю сцежкаю. Усё неабходна давесці да ладу. Якасна і хутка. Умовы для тых, хто тут працуе, і для тых, хто прыйдзе на заняткі ці трэніроўкі, павінны быць створаны самыя спрыяльныя. Для наведвальнікаў, каб іх зацікавіць, неабходна прадастаўляць увесь комплекс паслуг на самым высокім узроўні. Гэта – патрабаванне часу і неабходная ўмова выніковай працы ў цяперашні момант. Новы кіраўнік прыйшоў не на пустое месца, бо многае ўжо зроблена да яго. На сённяшні дзень будаўніцтва комплекса практычна завершана. Сваю галоўную задачу дырэктар бачыць у тым, каб установа запрацавала эфектыўна на поўную магутнасць і па лініі дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, і па аказанню паслуг для насельніцтва. “Захаваць лепшае, стварыць новае” – такі прынцып у працы Міхаіла Улезла.
— Работы яшчэ многа, — кажа Міхаіл Міхайлавіч. — Аднаму ўсё гэта закруціць не пад сілу. Шчыра спа­дзяюся на падтрымку ўсяго калектыву (Сёння ў штаце 19 чалавек, калі комплекс будзе працаваць на поўную магутнасць, у ім будзе амаль 60 чалавек). Ад кожнага чакаю ініцыятывы, падказкі, парады. Я чалавек адкрыты. Усё выслухаю з увагаю і падзякаю. Мы павінны працаваць адной камандай, маналітнай, дружнай, над рэалізацыяй пастаўленых задач. Ад гэтага будзе залежыць імідж усёй нашай установы. Спартыўны комплекс на вуліцы Паўднёвая павінен стаць цэнтрам спартыўнага жыцця Маларытчыны.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Міхаіл Улезла, дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, плануе  ўстанову, якую ўзначальвае, зрабіць галоўным спартыўным аб’ектам раёна.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


avtomaticheskij-poliv.kiev.ua/

ディテール

imr.net.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!