Працэс творчы: ад першага радка да паштовай скрынкі

У вашых руках свежы нумар раённай газеты… Вось ён – гарачы  “прадукт” з друкарскай “печкі”. Яшчэ адчуваецца пах фарбаў. Больш за 70 гадоў кіпіць рэдакцыйнае жыццё, каб газета аблятала дамы нашых жыхароў, і з ёй да ўсіх тых, хто аддае перавагу “раёнцы”, траплялі актуальныя і цікавыя навіны. Нярэдка пытаюць, якія этапы праходзіць газета перад тым, як трапіць у сумку паштальёна ці на паліцу “Белсаюздруку”. Магчыма, і вас калі-небудзь цікавіла, як журналісты збіраюць матэрыялы і рыхтуюць іх да вёрсткі, колькі людзей шчыруе над нумарам газеты, як фарміруюцца і дзе друкуюцца газетныя палосы. Напярэдадні нашага прафесійнага свята прапануем вам разам з намі выпусціць адзін газетны нумар і знайсці адказы на ўсе пытанні.

Пераступіўшы парог рэдак­цыі, вы не пачуеце стук друкарскіх машын, бо газета ў тым выгля­дзе, у якім прывык бачыць яе чытач, трапляе да яго з Брэсцкай друкарні. Прайсці па калідорах рэдакцыі, дарэчы, можа кожны, хто пажадае. Заметкам і фотаздымкам, ідэям і пажаданням, рэкламным аб’явам і віншаванням, з якімі прыходзяць нашы чытачы і падпісчыкі, заўсёды рады ў “Голасе часу”. Любая газета выходзіць для людзей і расказвае пра людзей, таму нам так важна ведаць, што вас цікавіць, хвалюе, якія тэмы для вас важныя, якія праекты нашых аўтараў вы падтрымліваеце. У першым кабінеце злева кліентаў чакае Галіна Пракапук. Менавіта яна трымае сувязь з усімі нашымі рэкламадаўцамі. Падабраць віншаванне, на­пісаць тэкст рэкламы з яе дапамогай нескладана і нават прыемна. Шчырая ўсмешка, якой яна сустракае людзей, настройвае наведвальнікаў на пазітыў. Бываюць дні, калі дзверы яе кабінета не зачыняюцца ад вялікай колькасці рэкламадаўцаў. У сярэднім 20-30 кліентаў штодня прыходзяць у аддзел рэкламы. Быць уважлівай і сканцэнтраванай, прадбачыць пажаданні лю-дзей, каб кожны выходзіў з кабінета з пачуццём поўнага задавальнення, – задача нялёгкая. Але Галіна Сцяпанаўна з ёй спраўляецца добра, як і з яшчэ адной важнай функцыяй у падрыхтоўцы нумара ў друк – карэктурай. Але аб гэтым пазней. А пакуль ідзем далей па калідоры. Кабінет з шыльдай “Галоўны рэдактар” карыстаецца не меншай папулярнасцю, чым рэкламны. Сюды прыхо-дзяць многія пазаштатныя карэспандэнты са сваімі матэрыяламі, кіраўнікі і спецыялісты арганізацый і прадпрыемстваў, каб запрасіць прыняць удзел у нейкім мерапрыемстве ці прапанаваць актуальную тэму для абмеркавання на газетных старонках, былыя калегі, якія не забываюць “”, газету, якой аддалі многія гады свайго жыцця. Для калектыву рэдакцыі гэты кабінет, можна сказаць, цэнтральны пульт кіравання, ля “штурвала” якога вось ужо 15 гадоў Ніна Уладзіміраўна Свіцюк. Тут нара-джаюцца ідэі, абмяркоўваюцца важныя навіны, вырашаецца, якія матэрыялы і па якіх тэмах увойдуць у бліжэйшы нумар, карэспандэнты ў час “лятучак” атрымліваюць рэдакцыйныя заданні, а таксама могуць дзяліцца напрацоўкамі і планамі .
…“Раве” рухавік рэдакцыйнага аўто. Мала хто не бачыў у Маларыце ці ў вёсках раёна «Жыгулі» з над­пісам “Прэса”. Гэты аўтамабіль за 18 гадоў накалясіў па раёне шмат тысяч кіламетраў. Вось і цяпер карэспандэнт Мікалай Навумчык і загадчыца аддзела пісем і сацыяльных праблем Святлана Максімук разам з вадзіцелем-фотакарэспандэнтам Алегам Крэмянеўскім спяшаюцца ў камандзіроўку ў сельскую мясцовасць, каб даведацца, чым жывуць вяскоўцы, а потым падзяліцца з вамі гэтай інфармацыяй. Пры-знацца, дні, калі рэдакцыйная машына накіроўваецца вясковымі дарогамі, – адны з самых цікавых. За чатыры-пяць рабочых гадзін ты можаш пазнаёміцца з дружнай мнагадзетнай сям’ёй, выведаць сакрэт шчаслівага жыцця ў юбіляраў, якія 50, а то і больш гадоў дзеляць усе радасці і праблемы на дваіх, сустрэцца з механізатарам, які працуе ў полі, маладым спецыялістам, які толькі спасцігае азы прафесіі, вясковым “самаробкіным”, чалавекам з залатымі рукамі, у якіх нават старыя і непатрэбныя рэчы ператвараюцца ў шэдэўры. У біяграфіі кожнага чалавека ёсць нешта незвычайнае, павучальнае, сімвалічнае, аб чым хочацца расказаць. Натхніўшыся сустрэчамі, карэспандэнт спяшаецца да камп’ютара, каб даць думкам волю і ператварыць іх у журналісцкі матэрыял.
Усе матэрыялы трапляюць у скарбонку адказнага сакратара. Да работы звычайнага сакратара гэтая пасада не мае ніякага дачынення. І слова адказны не выпадкова стаіць на першым месцы. Вычытаць усе тэксты, якія трапляюць у газету, на наяўнасць стылістычных памылак і адпаведнасць лічбаў і дат рэчаіснасці, сфарміраваць газетныя палосы так, каб яны былі насычаны разнастайнай тэматыкай, і пры гэтым самой заставацца творчай асобай, весці аўтарскія праекты — каб спраўляцца з такім аб’ёмам задач, патрэбны вопыт, энергія, энтузіязм і натхненне. Усяго гэтага Ірыне Касцевіч не пазычаць.
Сабраныя ў адно цэлае, тэксты трапляюць у наступны кабінет, які можна смела назваць творчай майстэрняй. “Майстрыхі” дызайну і вёрсткі Анжаліка Андарак і Таццяна Уласюк з дапамогай спецыяльнай праграмы размяшчаюць іх на палосах, працуюць над тым, каб газетны нумар выглядаў арыгінальна і сучасна, ніводная з рэкламных аб’яў не згубілася, а чытачы атрымалі газету са зручнай тэлевізійнай праграмай.
Вось газетны нумар амаль і гатовы. Звярстаныя палосы забірае на вычытку карэктар. Памылкі газеце аўтарытэту не дадаюць. Таму трэба прыкласці шмат намаганняў, каб не прапусціць ніводную коску, літару і гэтак далей. За карэктарам перачытвае гатовы нумар рэдактар, і толькі тады яго падпісваюць і адпраўляюць у друк. І, нарэшце, газета трапляе ў рукі да нашых чытачоў. Згадзіцеся – шлях няхуткі і працаёмкі. Не магу не сказаць яшчэ аб двух работніках нашага калектыву. Любоў Бярчук адказвае за фінансавы дабрабыт “Голасу часу”. Без яе функцыянаваць увесь гэты адладжаны механізм проста не змог бы. А пра чысціню і ўтульнасць у кабінетах рэдакцыі клапоціцца Алена Палівода.
Спадзяемся, што вам было цікава далучыцца да творчага працэсу нараджэння чарговага нумара любімай “раёнкі”.
Дар’я ПАЎЛЯНКОВА.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 34 от 3.05.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.fashioncarpet.com.ua

список богатейших людей мира

инвестиционные портфели