ГЭТА НАША ПЕРАМОГА

У Беларускім грамадскім аб’яднанні ветэранаў сёння налічваецца каля 2,5 мільёна чалавек. Гэта больш чым 6 тысяч пярвічных ветэранскіх арганізацый па ўсёй краіне, якія аб’ядноўваюць людзей з багатым жыццёвым, прафесійным вопытам, людзей неабыякавых, якія добра ведаюць, якой вялікай, цяжкай працай стваралася сучасная Беларусь. Ёсць сярод іх і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны – залаты фонд нацыі, яе гонар і маральны арыенцір. Напярэдадні 72-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне Рэспубліканскі савет Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў аднагалосна прыняў зварот да грамадскасці, моладзі, усіх жыхароў краіны. У ім гаворыцца:

«Дарагія сябры!
72 гады аддзяляюць нас ад гіс­та­рычнай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гадоў.
Для беларускага народа 9 мая 1945 года сапраўды асобы дзень, адна з самых значных і шаноўных дат. Гэты дзень назаўсёды застанецца сімвалам самаадданасці, патрыятызму і гераізму ў імя абароны свабоды і незалежнасці не толькі нашай беларускай дзяржавы, але і многіх краін і народаў свету.
Як бы далёка ні адыходзілі ад нас падзеі Вялікай Айчыннай вайны, мы заўсёды будзем памятаць пра гераізм савецкіх салдат, партызан і падпольшчыкаў, працаўнікоў тылу, усіх тых, хто загінуў у баях з фашызмам і хто памёр ад франтавых ран у мірны час. Уласным жыццём заплацілі яны за нашу свабоду і незалежнасць. Фашызм быў пераможаны сілай духу і адзінствам шматнацыянальнага савецкага народа.
Гэта была рашучая схватка з самым моцным і бязлітасным за ўсю шматвяковую айчынную гісторыю ворагам. За гады вайны Беларусь недалічылася трэцяй часткі свайго насельніцтва. Па агульным узроўні эканамічнага развіцця рэспубліка была адкінута на 16 гадоў.
Вось чаму патрыятычны, духоўны і маральны патэнцыял Вялікай Перамогі і для нас, і для наступных пакаленняў з’яўляецца святыняй і крыніцай нацыянальнага гонару і славы.
Невычарпальнай воляй да Перамогі наш народ здабыў павагу да сябе ва ўсім свеце. Менавіта дзякуючы гераізму, патрыятызму і мужнасці людзей таго пакалення мы сёння маем магчымасць мірна жыць і працаваць, выхоўваць дзяцей і ўнукаў, будаваць сваю будучыню. А гэта дарагога каштуе.
Як сапраўдныя патрыёты сваёй Айчыны, ветэраны рэспублікі з абурэннем абвяргаюць любыя спробы сказіць і перапісаць гісторыю, прынізіць заслугі савецкага народа ў разгроме фашызму.
Яны насаджаюць свой, нічым не пацверджаны пункт гледжання. Іх не цікавяць факты, меркаванні відавочцаў і гістарычныя да­сле­даванні.
Гэта, мякка кажучы, амаральна. Калі разбураны часам помнік можна аднавіць, дык зламысныя словы метадычна разбураюць душы людзей, нацкоўваюць паміж сабой цэлыя народы. Такое “пераасэнсаванне” гісторыі асабліва небяспечна ў справе выхавання маладых грамадзян.
Напярэдадні вялікай падзеі – 72-ой гадавіны Перамогі ў вайне — мы, ветэраны, поўныя рашучасці і ў будучым пацвярджаць высокія патрыятычныя пачуцці і бездакорную адказнасць за лёсавырашальны выбар сацыяльна-эканамічнага шляху развіцця нашай любімай Радзімы – Рэспублікі Беларусь.
Наш абавязак – даражыць свяш­чэнным подзвігам бацькоў і дзядоў. Пакуль б’юцца нашы сэрцы, будзем берагчы ўсё славутае ў нашай гісторыі і не дапусцім, каб насуперак здароваму сэнсу прабіваліся чужыя нацыянальнаму характару каштоўнасці. Без павагі да мінулых перамог мы асуджаны на паражэнне ў будучым!
Сёння нам ёсць чым ганарыцца і чым даражыць. Рэспубліка Беларусь адбылася як суверэнная дзяржава і паўнапраўны член сусветнага супольніцтва.
Краіна становіцца ўсё больш цікавай і адкрытай свету.
Мы, ветэраны, у цесным адзінстве з нашым міралюбівым і стваральным грамадствам, удзячны цяперашняй прэзідэнцкай уладзе за стабільнасць у грамадстве і мірнае неба над беларускай зямлёй, чысціню, прыгажосць і ўтульнасць у нашых гарадах і сёлах, за нястомны клопат па паляпшэнні дабрабыту і жыццёвага ўзроўню людзей. Нас не могуць не радаваць новыя прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, медыцынскія ўстановы, спартыўныя збудаванні, аб’екты культуры і быту, што з’яўляюцца на карце краіны.
Мы ганарымся тым, што наша суверэнная дзяржава не ўдзельнічае ва ўзброеных канфліктах, право­дзіць міралюбівую, незалежную знешнюю і ўнутраную палітыку, настойліва адстойвае інтарэсы беларускага народа на міжнароднай арэне, з кожным годам на ўсіх кантынентах набывае ўсё больш і больш сяброў.
Нашы далёкія і блізкія суседзі і партнёры разам з намі ганарацца тым, што Рэспубліка Беларусь, стаўшы незалежнай і самастойнай, нягледзячы на тое, што адбываецца ў свеце, з’яўляецца “астраўком міру, спакою і дабрабыту”. Мы з вамі ведаем лепш за іншыя народы, што менавіта гэтыя дасягненні з’яўляюцца асновай для ўмацавання эканамічнага і абароннага патэнцыялу нашай Радзімы і паслядоўнага паляпшэння жыццёвага ўзроўню.
Мы заклікаем грамадскія арганізацыі, усіх грамадзян нашай гераічнай незалежнай Рэспублікі Беларусь, напярэдадні 72-ой гадавіны Вялікай Перамогі прадэманстраваць свае высокую арганізаванасць, згуртаванасць, адданасць запаветам тых, хто аддаў свае жыцці за Вялікую Перамогу».

Опубликовано ГЧ № 35 от 6.05.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.