Шчасце пачынаецца з дзяцей

З чаго пачынаецца сям’я? Напэўна, кожны адкажа: “З кахання!” А вось сапраўднае сямейнае шчасце адчуваеш менавіта з нараджэннем дзяцей. У гэтым упэўнены Святлана і Аляксандр Лойка з вёскі Велікарыта. Іх сям’і сем гадоў. Тры з іх ён і яна жылі ў чаканні і надзеі на тое, што каханне абаіх будзе мець працяг у дзецях. І запаветная мара здзейснілася. Для Святланы, у якой была ўжо дарослая дачка ад першага шлюбу, нараджэнне яшчэ адной дачушкі, якую бацькі назвалі Машачкай, было не меншай радасцю, чым нараджэнне першынца. А шчасце Аляксандра і ўвогуле было бязмежным. Тады яшчэ бацькі і ведаць не ведалі, што кожны год  іх сям’я будзе папаўняцца. 

— Не планавалі вялікай сям’і, не думалі, але для нас гэта сапраўднае шчасце – нашы дзеці. Вельмі доўга мы чакалі гэтага цуда, таму калі даведаліся, што будзе другое дзіця, толькі радаваліся.
За Машай на свет з’явіўся Міша, а за ім — маленькая Ліза. За тры гады – трое дзетак. Такі вось багаты каштоўны ўраджай сабрала, пасеяўшы зерне кахання, сям’я Лойка.
Мы прывыклі лічыць, што гадаваць шмат дзяцей – цяжка. Але Святлана, як і многія мнагадзетныя мамы, прызнаецца: найбольш складана з першым, пакуль няма вопыту. Ды і любыя цяжкасці забываюцца, калі абдымаюць цябе маленькія ручкі, калі чуеш такое пяшчотнае: “Мама”.
…Святлану мы сустрэлі на парозе дома. З малодшымі дзеткамі яна адпраўлялася на прагулку. Тут жа ў двары займаўся гаспадарчымі справамі Аляксандр. Думаць пра сваю сям’ю, радавацца кожнаму новаму дню, праведзенаму ра­зам, любіць і быць любімым – гэта і ёсць для Лойкаў іх маленькае сямейнае шчасце.
Святлана МАКСІМУК.

НА ЗДЫМКУ: Святлана і Аляксандр Лойка з дзеткамі.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 36 от 13.05.17г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.