З дзелавым размахам

Амаль 30 працоўных месцаў,
створаных у малым бізнесе, — на рахунку Васіля Захарчука

Памятаю далёкія цяпер ужо 90-ыя, калі ў нашым райцэнтры, як і ў цэлым у краіне, пачалі з’яўляцца першыя невялікія аб’екты індывідуальных прадпрымальнікаў. Бы­­лі гэта ў асноўным ган­д­­лё­выя кропкі, бо першапраходцы ў сфе­­­ры малога бізнесу часцей за ўсё толькі і ас­мельваліся аформіць сваю справу як гандлёва-закупачную дзейнасць. У 1995 годзе свой бізнес пачалі і ў сям’і Васіля Аляксандравіча Захарчука. Быў гэта невялікі пакойчык у памяшканні былой гас­цініцы па вуліцы Савецкай. Але ўжо тады яго з задавальненнем наведвалі многія з пакупнікоў, бо тавары, што можна было купіць у гандлёвай кропцы індывідуальнага прад­прымальніка Васіля Захарчука, мелі сваю адметнасць. Ва ўсякім выпадку прадукцыю прыватных прадпрыемстваў і цэхаў Іванаўшчыны, Бярозаўшчыны, а дакладней, мотальскую і малечскую, якая тады славілася і была нарасхват не толькі ў спажыўцоў Брэстчыны, але і многіх іншых абласцей рэспублікі, можна было купіць толькі тут. Прычым, яна заўсёды была свежанькай, бо гаспадар стараўся прама з цэха закупіць яе і даставіць у гандлёвую кропку. Словам, гэта было ў Захарчукоў адметнай фішкай, дзякуючы чаму яны і заваявалі свайго пакупніка. І хутка ў сценах невялікага памяшкання ў гасцініцы, якое індывідуальныя прад­прымальнікі аран­давалі, стала цесна. Вось тады ў Васіля Аляк­сан­дравіча і з’явілася новая ідэя — адкрыць сваю ўласную гандлёвую кропку, каб не толькі выключыць арэндныя расходы, але і пашырыць асартыментны пералік тавараў. Спыніліся на павільёне, які абуладкавалі на вуліцы Савецкай. Але і яго аказалася мала. Неабходны быў больш прасторны магазін.
А тут і выпадак тра­піўся. Ва ўласнасць можна было набыць стары нежылы дом па вуліцы Піянерскай. І хоць давялося паездзіць па розных інстанцыях, пахадзіць па розных кабінетах, аж да міністра, Васілю Аляксандравічу ўдалося ўсё ж дабіцца свайго.
Не надта шмат часу спатрэбілася, каб стары і не вельмі прыглядны дом на Піянерскай набыў прыгожы выгляд і зажыў новым жыццём. Менавіта тут у 2000 го­дзе і размясціўся магазін Васіля Захарчука, дзе цяпер можна было ажыццяўляць рознічны гандаль таварамі шырокага асартыменту.
Між іншым, Васіль Аляксандравіч і сёння не парывае сувязі са сваімі дзелавымі парт­нёрамі, якіх у яго вельмі шмат, стараецца дагадзіць пакупніку не толькі запатрабаванымі таварамі, але і зноў жа мець сваю фішку. Скажам, нідзе больш, як у магазіне ”Ваяж”, што на Піянерскай, вы не купіце смачных і духмяных уласнай вытворчасці піражкоў, булачак, піра­гоў, што ідуць нарасхват.

Людзі смелыя і прадпрымальныя, рашучыя, ідэйныя, калі з задуманага ўсё ўдаецца ажыццявіць, на дасягнутым не спыняюцца. Яны выношваюць новыя і новыя планы. З’явіўся такі і ў Васіля Аляксандравіча. Побач з магазінам ён бачыў кафэ-бар, які, лічыў, не лішнім будзе як для гараджан, так і для вяскоўцаў, хто захоча кампаніяй ці з сябрамі пасядзець, выпіць піва, кубачак чаю ці кавы, адзначыць рознага роду ўрачыстасці і г.д. І зноў узяўся за ажыццяўленне задуманага.
Цяпер утульны “Фаварыт” О- адно з любімых месцаў многіх, хто хоць раз адзначаў тут сямейныя ўрачыстасці, прафесійныя святы і інш. Чым падкупляе бар? Па-першае, смачнымі стравамі, што тут гатуюць і якія можна заказаць; па-другое, — ветлівасцю і добразычлівасцю персаналу, які ў “Фаварыце” працуе; па-трэцяе, — тут можна паслухаць добрую музыку і песні, якія па вашым жаданні выканае сам Васіль Аляксандравіч.
17 мая гэтага года споўніцца роўна 11 гадоў, як індывідуальны прадпрымальнік Васіль Захарчук стварыў прыватнае гандлёва-вытворчае ўнітарнае прадпрыемства “Ваяж Эфект”. А гэта дало магчымасць забяспечыць больш працоўных месцаў для людзей.
Але не быў бы гэта Захарчук! Яго ініцыятыўнасць, дзелавы характар і нязменная прадпрымальнасць дыктавалі ўсё новыя і новыя задумы. І летась у Чарнянах з’явіліся яшчэ 2 гандлёвыя кропкі ПГВУП ”Ваяж Эфект”: магазін ”1000 драбязы” і прамысловых тавараў. Яшчэ некалькі працоўных месцаў мелі магчымасць атрымаць і вясковыя жыхары.
— Мяне не раз спынялі многія з тых, хто жыве ў мікрараёне Лазкі, — падыходзіць да тэмы адкрыцця новага магазіна на вуліцы Энгельса ў Маларыце Васіль Аляксандравіч, — і прасілі, калі ёсць такая магчымасць, пабудаваць тут магазін. Ну як жа я мог праігнараваць і не прыслухацца да просьбаў людзей!
Такім чынам напярэдадні Дня Перамогі была адкрыта яшчэ адна гандлёвая кропка прыватнага гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Ваяж Эфект”, дзе створана 5 новых працоўных месцаў. Усяго ж “Ваяж Эфект” даў магчымасць працаўладкавацца 29 чалавекам.

На адкрыццё новай гандлёвай кропкі, у чым мы пераканаліся самі, прыйшло шмат людзей, як на вялікае свята. І сапраўды, Алена Кобак — адна з першых пакупнікоў, а таксама Ніна Струнец, Марыя Струнец, іншыя, хто жыве на Лазках, з удзяч­насцю гаварылі, што такога магазіна ой як ім не хапала.
— Раён наш з кожным годам усё больш і больш разрастаецца, — гаварыла Ніна Струнец. — Толькі за апошнія некалькі гадоў тут пабудавала новыя жылыя дамы і засялілася ў іх шмат маладых сем’яў. Таму тут патрэбны не толькі магазін, але не перашкодзілі б і іншыя аб’екты сацыяльна-культурнага прызначэння.
— Калі тыя, хто жыве ў цэнтры горада, маглі і могуць выбраць, у які магазін ім ісці за пакупкамі,-дапаўняла Ніну Дзмітрыеўну Марыя Аляксееўна Струнец, — дык у нас такой выгоды не было. На Лазках працаваў толькі адзін магазін. Падабалася табе ці не, як там абслугоўвалі, вымушаны быў ісці за пакупкамі туды, куды бліжэй. Ды і не заўсёды хочацца ці ёсць магчымасць у цэнтр за пакупкамі дабірацца. А цяпер і мы з усімі ў роўных умовах. Таму хочацца сказаць ад імя жыхароў мікрараёна Лазкі шчыры дзякуй гаспадару магазіна Васілю Аляксандравічу Захарчуку, што пайшоў нам насустрач.

Забягаючы наперад, скажам, што ў новым мага­зіне ”Ваяж”, як і ў іншых гандлёвых кропках гэтага прадпрыемства, будуць прадаваць не толькі тавары, набытыя на базах і прадпрыемствах-вытворцах, але і сваю ўласную прадукцыю.
— Я шмат разоў быў за мяжою, — гаворыць Васіль Аляксандравіч. — Ніколі не праходзіў па вуліцы, каб не зайсці ў гандлёвыя кропкі. Што прыемна здзіўляла? Амаль у кожнай з іх пакупнікам прапаноўваюць гарачую хлебную і хлебабулачную выпечку. І мне хочацца набыць міні-пякарні ва ўсе гандлёвыя кропкі нашага прадпрыемства, дзе можна будзе выпякаць сваю ўласную хлебабулачную прадукцыю.
— Васіль Аляксандравіч, калі размова заходзіць пра развіццё прадпрымальніцтва ці малога бізнесу, многія лічаць, што дзелавых людзей часцей за ўсё рухае жаданне матэрыяльна ўзбагаціцца.
— Скажу шчыра: калі я пачынаў свой бізнес і калі пашыраў прадпрыемства, не ставіў перад сабою мэту ўзбагаціцца. Мне хацелася зрабіць нешта карыснае для людзей, каб ім было зручна.
— А канкурэнцыі не баіцеся?
— Я — за здаровую канкурэнцыю, за тое, каб чалавек меў права выбіраць тую гандлёвую кропку, той тавар, які яго задавальняе і па якасці, і па цане, дзе яго найбольш ветліва і культурна абслужаць. Ды і што ў тым дрэннага, калі сярод нас бу­дзе больш людзей, якія змогуць разумна распарадзіцца сваімі грашовымі зберажэннямі. Чым больш заможных, тым багацейшая дзяржава.
Ірына КАСЦЕВІЧ.

На здымку: дырэктар прыватнага гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства”Ваяж Эфект” Васіль Захарчук; 

новы магазін «Ваяж»; у дзень адкрыцця гандлёвай кропкі.

Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 37 от 17.05.17г.

 

Добавить комментарий


заказ води борисполь

ссылка chemtest.com.ua

У нашей фирмы нужный портал , он рассказывает про https://shtory.ua.
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!