ГАЛОЎНАЯ ТУТ ВАРТАСЦЬ — ЛЮДЗІ

І. Традыцыя пачцівасці
Пачціва і з разуменнем адносіцца да спецыялістаў,  да чалавека працы наогул у Хаціславе навучыліся ў былога старшыні Леаніда Іванавіча Ляонава. Ён, разумны і талковы кіраўнік, добра ведаў, што для таго, каб чалавек цалкам выкарыстоўваў увесь свой працоўны патэнцыял, яму патрэбны не толькі добрая заработная плата, але і належныя бытавыя ўмовы, а яшчэ — маральныя стымулы: цёплае слова падзякі, падтрымка, калі няшчасце ці гора, разуменне, калі ў цябе многа праблем. Нездарма Леанід Іванавіч прыклаў усе намаганні, каб хаціслаўчане першымі ў раёне мелі ў сваіх кватэрах прыродны газ, каб у іх быў Дом культуры такі, як у добрым горадзе, каб і да іх прыязджалі артысты нават з Польшчы (я сама прысутнічала на іх канцэрце), каб вяскоўцы маглі хадзіць па асфальтавых тратуарах, і каб сфера гандлю і бытавых паслуг была развіта не горш, чым у горадзе.
Таму не дзіўна, што ў Хаціславе найбольш тых, хто ўдастоены высокіх урадавых узнагарод, – ордэнаў за самаадданую і добрасумленную працу.
Як не дзіўна, што тут назаўсёды заставаліся маладыя,  якія станаві­ліся моцнымі спецыялістамі. Дастаткова ўспомніць галоўнага інжынера Уладзіміра Аляксеевіча Кашко і галоўнага агранома Сцяпана Георгіевіча Паўчалюка, якія праз некалькі ўжо гадоў работы ў гаспадарцы сталі высокімі прафесіяналамі сваёй справы якія, аднойчы апынуўшыся ў Хаціславе, так і засталіся тут на ўсё жыццё. А   брыгадзір Мікалай Сцяпанавіч Герасімук, галоўны бухгалтар Людміла Андрэеўна Ігнатовіч, намеснік старшыні гаспадаркі Васіль Сяргеевіч Харык, галоўны эканаміст Таццяна Мікалаеўна Ківачук, загадчык фермы в. Сушытніца Іван Мікалаевіч Пішчык, як і многія іншыя, набыўшы абраныя спецыяльнасці, вярнуліся на сваю малую радзіму (а гэта было 30 і больш гадоў таму назад) і засталіся тут.
Між іншым, і цяперашні кіраўнік СВК Васіль Васільевіч Пішчык некалі таксама маладым спецыялістам вярнуўся ў родны калгас, добра ўпісаўся ў каманду тутэйшых спецыялістаў і дарос да кіраўніка. Добра, што ён разам з намеснікам гаспадаркі Васілём Сяргеевічам Харыкам працягваюць традыцыю пачцівасці ў адносінах да чалавека працы, маладых спецыялістаў.
Ушанаванне лепшых работнікаў СВК, ветэранаў сельгасвытворчасці, якое прайшло ў мінулы аўторак у Хаціслаўскім Доме культуры, лішні раз пацвердзіла гэта.
Адкрываючы свята, намеснік старшыні СВК Васіль Харык сказаў, што вызначэнне чалавека года ў розных галінах сельгасвытворчасці ў СВК становіцца традыцыяй. Праўда, на гэты раз у гаспадарцы крыху змянілі сцэнарый і запрасілі на ўрачыстасць маладых спецыялістаў,  якія летась і сёлета па размеркаванні прыехалі працаваць у кааператыў,  каб яны самі пераканаліся, як у гаспадарцы шануюць тых, хто стараецца працаваць. Акрамя атрымання ганаровых грамат, грашовых прэмій, лепшыя работнікі гаспадаркі ў той дзень былі сфатаграфаваны, а гэта значыць, што іх здымкі з’явяцца на Дошцы гонару СВК. А яшчэ, кожнаму была ўручана фотакартка на памяць. Такога гонару ўдастоіліся: загадчыца склада Ніна Іванаўна Баршчэўская, аператар машыннага даення Вера Пятроўна Смаль, тэхнік-асемянатар Вольга Іванаўна Бенясюк, аператар машыннага даення Лідзія Сяргееўна Яўтушык, цялятніца Святлана Адамаўна Вягера, аператар машыннага даення Ала Расціславаўна Янчук, брыгадзір паляводчай брыгады Рыгор Васільевіч Ківачук, брыгадзір Рыгор Сцяпанавіч Саўчук, механізатары Мікалай Іванавіч Саўчук, Леанід Фёдаравіч Бягеза, вадзіцель Леанід Сямёнавіч Бяльчук, загадчык фермы в. Сушытніца Іван Мікалаевіч Пішчык.

ІІ. “Не бойцеся памылак, на іх жа вучацца”
Гледзячы на маладых спецыялістаў, кожны, напэўна, успамінаў, калі сам першы раз прыйшоў на работу, як хваляваўся, перажываў, што многага не ведаеш, і як хацелася тады, каб побач быў нехта з вопытных калег, хто мог бы падказаць, шчыра параіць і дапамагчы. А колькі часам у нас, маладых спецыялістаў, узнікала бытавых праблем. Многім цяжка было нават кватэру знайсці, не гаворачы пра тое, каб яе абуладкаваць.
Юнакам і дзяўчатам, якія працуюць цяпер у Хаціславе, і ў гэтым плане вельмі пашанцавала. Тут з даўніх часоў жыве яшчэ адна традыцыя – падтрымліваць маладых, прычым не толькі матэрыяльна, але і маральна, у бытавым плане.
Галоўны эканаміст гаспадаркі Таццяна Ківачук расказвала:
— Усе юнакі і дзяўчаты, якія летась і сёлета прыехалі да нас працаваць, уладкаваны па сваіх спецыяльнасцях. Яны атрымалі жыллё інтэрнацкага тыпу, а тыя, хто родам з тутэйшых мясцін, жывуць у дамах з бацькамі. Усім мы выплацілі не толькі належную суму грошай, але і набылі халадзільнікі, ложкі, стулы, шафы. У дамах, дзе жывуць маладыя, ёсць усе зручнасці і выгоды. Будуць старацца, кіраўніцтва гаспадаркі ніколі не пакіне іх старанні без увагі, у чым яны змаглі самі сёння пераканацца.
Цяжка пакуль сказаць, застануцца ў Хаціславе ўсе 8 чалавек ці толькі адпрацуюць належны тэрмін, хаця адна з іх, бухгалтар Алена Кох, пажадала працаваць тут і далей, ужо трэці год.
Перайшлі з былога саўгаса “Маларыцкі” і працуюць цяпер у Хаціславе малады галоўны аграном Андрэй Курдзюк і Сяргей Тамашук, які выконвае абавязкі галоўнага інжынера.
Між іншым, як гаварылі вопытныя спецыялісты, яны задаволены маладымі. Тэарэтычную базу ў ВНУ ўсе набылі добрую,  да сваёй прафесіі неабыякавыя, многім цікавяцца. А па гэтым ужо можна меркаваць, што з іх атрымаюцца добрыя спецыялісты. Таму старэйшыя калегі, у чым прызнаваўся, выступаючы, Андрэй Серафімавіч Вабішчэвіч, не толькі рады, што ў іх з’явілася маладая змена, але і што гэта змена дастойная.
— Тры маладыя спецыялісты, — гаварыў Андрэй Серафімавіч, — прыйшлі да нас у ветэрынарную службу. Гэта новыя людзі, больш кваліфікаваныя, у іх ёсць зусім іншыя магчымасці для павышэння свайго прафесійнага майстэрства, маю на ўвазе Інтэрнэт і інш. Ну, а мы, чым можам, дапаможам.
Ніколі не саромецца прасіць гэтай дапамогі ў старэйшых, вопытных калег параіў учарашнім студэнтам і Сяргей Тамашук, які прыйшоў у Хаціслаў 3 гады таму назад.
— На вытворчасці, дзе мы працуем цяпер, — гаварыў ён, нам трэба вучыцца нанава. Бо тэорыя тэорыяй, а практыка – зусім іншая справа. Слухайцеся сваіх кіраўнікоў і не саромейцеся раіцца.
Інжынер па тэхніцы бяспекі Уладзімір Іванавіч Пішчык, які адпрацаваў у гаспадарцы 40 год, настаўляў маладых не баяцца памылак, бо на іх жа вучацца.
— Наша гаспадарка заўсёды славілася як кузня кадраў, — гаварыў Уладзімір Іванавіч. – Шмат аўтарытэтных кіраўнікоў пачыналі сваю працоўную біяграфію некалі ў Хаціславе. Гэта і дырэктар прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Савушкіна” Пётр Пракопавіч Яцура, і старшыня Хаціслаўскага сельвыканкама Уладзімір Міхайлавіч Смаль, і былы старшыня калгаса “Зара” Іван Васільевіч Ківачук, і былы кіраўнік калгаса “17 Верасня” Іван Сцяпанавіч Кавалеўскі, і многія іншыя.
Уладзімір Іванавіч Пішчык пажадаў маладым, каб яны яшчэ больш высока ўзнялі планку славы гаспадаркі, каб яна грымела не толькі ў раёне, але і ў рэспубліцы.
— Вазьміце сабе за правіла, — гаварыў Уладзімір Іванавіч, — рабіць штодзённа па добрай справе. За год гэта будзе мора дабра, а за ваша жыццё – незлічоная колькасць.
А  галоўны заатэхнік гаспадаркі Эма Міхайлаўна Харык, якая таксама маладым спецыялістам некалі апынулася разам з мужам у Хаціславе і назаўсёды прапісалася ў тутэйшых мясцінах, ад імя ўсіх працаўнікоў гаспадаркі выказала надзею, што юнакі і дзяўчаты, якіх ахвотна прынялі ў гаспадарцы, не захочуць мяняць месца работы, не захочуць мяняць вёску, у якой сёння ёсць усе ўмовы для нармальнай работы і жыцця.
На памяць аб сустрэчы намеснік старшыні гаспадаркі Васіль Харык уручыў маладым спецыялістам каштоўныя падарункі.
На сустрэчы прысутнічаў і выступіў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Марушаў.

ІІІ. “Жывы агонь бацькоўскага жытла”
Калі вядучая свята Галіна Міхайлаўна Бенясюк цёпла, шчыра, задушэўна і проста расказвала пра лепшых людзей гаспадаркі, у мяне, як, напэўна, і ў многіх прысутных, замірала сэрца. Як дасканала ведае гэтая жанчына кожную сям’ю, кожнага работніка! Якія словы ўмее падабраць, каб так трапна ахарактарызаваць сваіх землякоў! Слухаючы яе кароценькія, сціплыя і ў той жа час змястоўныя замалёўкі пра людзей працы, якія прысутнічалі ў той дзень на свяце, падумала: так шчыра і цёпла пра сваіх бліжніх можа сказаць толькі той, хто гэтак жа шчыра і ўсім сваім сэрцам любіць іх, любіць свой родны куточак, сваю зямлю, сваю малую радзіму, сваю Беларусь. Некалі і Галіна Міхайлаўна, набыўшы спецыяльнасць у сярэдне-спецыяльнай навучальнай установе, маладой дзяўчынай вярнулася ў родную вёску. Тут жылі яе бацькі. А дзе яшчэ больш камфортна і ўтульна адчуваеш сябе, калі не побач з імі! Галіна Міхайлаўна ўсё сваё жыццё да выхаду на заслужаны адпачынак працавала бібліятэкарам, а гэта значыць, з людзьмі. Вось чаму такая зразумелая яе любоў да іх і да родных мясцін.
Адданасць Эдуарда Пішчыка роднай зямлі, сваім землякам можна адчуць, слухаючы яго песні. Пранікнёны, чысты, прыгожы, задушэўны і моцны голас гэтага самадзейнага і любімага многімі спевака заўсёды ўскалыхвае душу,  прымушае пускаць слязу, як было і ў той дзень, калі Эдуард дарыў свае музычныя падарункі лепшым працаўнікам гаспадаркі, сваім жа землякам. Ды і хіба можна было без слёз слухаць песню, у якой ішла размова пра бацькоўскі дом, яго неўміручую сілу, дзе нашы карані і куды мы заўсёды спяшаемся, ведаючы, што пры любых абставінах нас там чакаюць і любяць…
Дзякуй і Галіне Міхайлаўне, і Эдуарду Пішчыку, як і ўсім арганізатарам гэтага свята, за дастаўленую ўсім прысутным радасць.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКАХ: у час урачыстасці ў в. Хаціслаў.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


http://www.etalon.com.ua/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!