У школу вярнуўся настаўнікам

Людзей, якія любяць фізічную культуру і спорт, шмат. Нехта “штурмуе” спартыўны п’едэстал у розных відах спорту і дасягае алімпійскіх вяршынь, іншыя штодня накіроўваюцца на прабежкі, велапрагулкі, загартоўваюцца ці проста “хварэюць” за любімую каманду. А хтосьці кожны дзень перадае спартыўныя навыкі дзецям, адшуквае і развівае таленты, стымулюе школьнікаў да здаровага ладу жыцця і самаўдасканалення. У трэцюю суботу мая ўсе яны адзначаюць сваё прафесійнае свята – Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту.
Раман Хівук настаўнікам фізічнай культуры ў СШ № 2 г.Маларыты працуе чацвёрты год. У сценах той жа школы, дзе малады настаўнік некалі вучыўся сам і дзе цяпер вучні называюць яго Раманам Віктаравічам, пачыналася спартыўнае захапленне педагога. З дзяцінства Раман любіў футбол, год ён трэніраваўся ў брэсцкай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. Вабіла яго і лёгкая атлетыка. Яшчэ вучнем ён добра абараняў гонар школы на лёгкаатлетычных спаборніцтвах. Першы настаўнік фізічнай культуры і цяперашні калега Рамана — Аляксандр Серада – выхаваў у ім сапраўдную любоў да фізічнай культуры. А калі прыйшоў час выбіраць прафесію, будучы настаўнік вырашыў, што яго дзіцячая мара — звязаць жыццё са спортам — павінна ажыццявіцца. У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна Раман Хівук набыў спецыяльнасць “арганізацыя фізкультурна-аздараўленчай работы і турызму”. Дыпламаваны спецыяліст год працаваў у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе інструктарам па плаванні. Затым яго на работу запрасіла Любоў Васільеўна Куц. За гэта малады настаўнік ёй бязмежна ўдзячны.

— Мне мая работа прыносіць задавальненне. Тое, што працую цяпер са многімі сваімі настаўнікамі, патрабуе вялікай адказнасці, хочацца апраўдаць іх давер. У сваю школу прыемна было вярнуцца ў якасці настаўніка. Прыйшоў быццам дамоў. У іншую навучальную ўстанову нават за большую зарплату не перайшоў бы, — смяецца Раман Віктаравіч.
Тое, што ён правільна абраў прафесію, Раман зразумеў ужо на першых курсах вучобы, калі пачалася практыка. Бачыць станоўчыя вынікі пасля заняткаў з вучнямі – лепшая ўзнагарода для настаўніка. А яшчэ, як адзначае Раман Віктаравіч, ён шчыра радуецца, калі ўдаецца зацікавіць спортам нават тых, хто спачатку быў да яго абыякавы.
— Падзяліцеся сакрэтам: як гэта зрабіць?
— Нескладана! Трэба разнастайваць навучальныя заняткі, выкарыстоў­ваць розныя формы работы з дзецьмі. Рыхтавацца да ўрокаў так, каб на кожным занятку яны даведваліся нешта новае і цікавае. Зразумела, у кожнага ўрока фізічнай культуры ёсць тры часткі: пад­рыхтоўчая, асноўная і заключная. Але тое, у якім фармаце пройдзе ўрок, ці будзе ён дынамічным, залежыць толькі ад настаўніка.
Раман Хівук лічыць, што незалежна ад узросту, а вядзе ўрокі фізічнай культуры ён у 4,5,8-х класах, а таксама ў дзяўчат-старшакласніц, неабходна выкарыстоўваць гульнёвыя формы ў працэсе навучання. Гэта дапамагае школьнікам разняволіцца, адпачыць. Дзяцей, якія зусім не жадаюць вучыцца, сярод яго вучняў, перакананы малады настаўнік, няма. Бо задача педагога, перш за ўсё, да кожнага знайсці свой падыход.
«…Напра­ва,кругом, на пер­шы-другі разлічыся!» — на­пэўна, кожны з нас чуў гэтыя словы ў час заняткаў па фізкультуры. На ўроку, на якім нам давялося пабываць, дысцыпліна была на вышыні, хоць настаўнік ні разу не ўзмацніў тон голасу. Значыць, дзеці паважаюць, а гэта дарагога каштуе.
Акрамя ўрокаў, Раман Хівук вя­дзе гадзіну фізкультуры ў шосты школьны дзень, а таксама гурток шашак і шахматаў. А яшчэ яму даверылі класнае кіраўніцтва ў пяцікласнікаў.
Па-за школьнай спартыўнай залай Раман Хівук не забывае аб спорце. Штогод ён прымае ўдзел у чэмпіянаце Маларыцкага раёна па футболе, турнірах па міні-футболе. Апошнія гады гуляў за каманды “Камунальнік”,“Савушкіна”. У вольны час не прапускае трэніроўкі на брусах, а таксама велапрагулкі.
— Я люблю фізічную культуру і не разумею тых, хто ідзе на “спартфак” толькі таму, што там конкурс меншы, чым на іншых факультэтах, — выказвае думку малады настаўнік. — Да любой прафесіі павінна цягнуцца душа, асабліва да той, дзе трэба працаваць з дзецьмі.
Дар’я ПАЎЛЯНКОВА.

На здымку: Раман Віктаравіч тлумачыць правілы перадачы мяча ў баскетболе.
Фота Алега
КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 38 от 20.05.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


источник

www.pills24.com.ua

http://steroid-pharm.com