ГАЛАСАВАЛІ ЗА ДАЛЕЙШЫ ЛЁС КРАІНЫ І СВОЙ

Паркавая, 10. Па гэтым адрасе ў райцэнтры знаходзіцца ўчастак №1 Маларыцкай-Чырвонаармей­скай камісіі для галасавання па выбарах Прэзідэнта РБ. З самага ранку тут было не вельмі многа тых, хто хацеў выканаць свой грамадзянскі абавязак. Прыкметна стала больш людзей бліжэй да 11.00. На ўчастку да паслуг выбаршчыкаў абсталявана гандлёвая кропка — выязны буфет ад магазіна №14. “Святочны” асартымент уразіў багаццем. Акрамя таго, у першай палове дня настрой выбаршчыкаў падымалі сама­дзейныя артысты. Тут з невялікім канцэртам выступіў калектыў дзіцячай школы мастацтваў.
— Мы заўжды імкнемся стварыць атмасферу камфорту, добразычлівасці і ўтульнасці.- кажа Мікалай Германюк, старшыня ўчастковай камісіі,  які на выбарах працуе з 1960г. – Выбаршчык павінен адчуваць клопат пра сябе, да яго неабходна праяўляць увагу. Са сваіх уласных шматгадовых назіранняў зрабіў вывад, што найбольшая колькасць выбаршчыкаў прыходзіць прагаласаваць у прамежку з 11.00 да 15.00. Многія – нават цэлымі сем’ямі.
-Мікалай Фёдаравіч, а якая, на вашу думку, асаблівасць сённяшняй кампаніі?
-На нашым участку ў спіс для галасавання ўнесена 1980 чалавек. Датэрмінова прагаласавала 606. Прычыны — самыя розныя. У дзень выбараў людзі не змаглі б прагаласаваць, таму прыйшлі тады, калі атрымліваецца. А гэта сведчыць пра грамадзянскую свядомасць маларытчан, якія хочуць самі вырашыць далейшы лёс краіны і свой.
На датэрміновым галасаванні на ўчастку ў якасці назіральніка пабываў прадстаўнік Казахстана. А сёння з арганізацыяй выбараў і ходам іх правядзення дэталёва знаёміліся назіральнікі са ЗША і Францыі (па аднаму чалавеку, прадстаўлялі АБСЕ). На працягу амаль гадзіны (з 10.00 да 11.00) яны гутарылі з выбаршчыкамі і членамі камісіі, назіралі за іх працай, праглядалі спісы выбаршчыкаў, урну для галасавання… Між   іншым, бюлетэні для галасавання мы выдаем толькі пасля прад’яўлення дакумента, які засведчвае асобу. Хоць многіх члены выбарчай камісіі ведаюць асабіста. Аднак гэтага патрабуе закон. Пасля ад’езду назіральнікаў на ўчастку пабываў яшчэ адзін. На гэты раз – з Расіі. У нас ён правёў прыблізна 30 хвілін. Нам не было чаго хвалявацца, бо ўся работа камісіі арганізавана ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам і выключна ў яго межах. Мы працуем адкрыта і празрыста. За ходам выбарчай кампаніі сочаць і мясцовыя назіральнікі. Акрамя таго, ахову правапарадку забяспечваюць адпаведныя органы.
— Напэўна, ёсць і такія выбаршчыкі, хто па нейкіх прычынах не можа сам прыйсці на ўчастак, але хоча прагаласаваць. Як вы дзейнічаеце ў такім выпадку?
— Без увагі не пакінем нікога. Мы прадугледзелі розныя магчымыя варыянты, у тым ліку – і такі. Для гэтай мэты ў нас ёсць спецыяльна замацаваная машына. На ўчастку заведзены журнал, дзе рэгіструюцца званкі ад тых, хто сам прагаласаваць прыйсці не зможа. На працягу адной-дзвюх гадзін члены камісіі з урнай выязджаюць па ўказаным адрасе. Па стану на 12.10 у нас зарэгістравана амаль 20 такіх заявак. Мы да кожнага абавязкова даедзем.
Ля урны для галасавання мы сустрэлі Вікторыю Карэцкую.
— Сёння я галасую ўпершыню, — прызнаецца Вікторыя, апускаючы бюлетэнь ва урну,  — таму трошкі і хвалююся. Са сваім кандыдатам у прэзідэнты вызначылася зага­дзя, бо ўважліва сачыла за ходам агітацыі прэтэндэнтаў. Я зрабіла ўсвядомлены выбар. Спадзяюся, што правільны.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.