ЗАЙЗДРОСНАЕ ПАСТАЯНСТВА ГАЛІНЫ ГУЛЯЙ

Прадавец магазіна № 14 у Маларыце Галіна Гуляй з пераканаўчай дакладнасцю абвяргае адну з інтэрнэт-версій паходжання свайго прозвішча, згодна з якой яно пайшло ад дзеяслова гуляць, гэта значыць, быць вольным ад работы, бяздзейнічаць. 33 гады нязменна аддала Галіна сферы гандлю, з іх 30 — працуе ў сістэме Маларыцкага райспажыўтаварыства непасрэдна, а ў магазіне №14 Маларыты — 25 гадоў.

— Галіна Іванаўна, прафесію нам ніхто не выбірае, кожны з нас сам вырашае, кім быць. Падзяліцеся, што ці хто паўплываў на ваш выбар?
— Пасля заканчэння школы мы са сваёй аднакласніцай, лепшай сяброўкай, паехалі паступаць у Гродзенскі кааператыўны тэхнікум. Тады цэнтралізаванага тэсціравання яшчэ не было, залічвалі ў навучальныя ўста­новы згодна з адзнакамі, якія атрымліваў пры здачы экзаменаў. І хоць мы па прафілюючых прадметах атрымалі быццам бы і нядрэнныя адзнакі, па конкурсу не прайшлі. Бо тады Гродзенскі кааператыўны тэхнікум быў чамусьці найбольш папулярным, і конкурс штогод — высокім. Сяброўка забрала дакументы і падала іх у Маларыцкае кааператыўнае вучылішча, а я не захацела ад яе адставаць. І хоць ужо быў верасень, поўным ходам ішлі заняткі, мяне ў вучылішча прынялі.
— Вучыцца вам было ці­кава?
— Вельмі. І найперш таму, што ў гэтай навучальнай установе былі моцныя ў прафесійным плане выкладчыкі, яны стараліся даць нам не толькі тэорыю, але і вялікі ўпор рабілі на практыку. Таму калі я пасля заканчэння вучылішча па размеркаванні паехала працаваць у вёску Чэрск Брэсцкага раёна, мне не надта цяжка было ўлівацца ў сваю прафесію.
— Вам не прапаноўвалі пасля таго, як у Чэрску адпрацавалі патрэбны тэрмін, застацца ў калектыве і надалей?
— Прапаноўвалі. Але абставіны склаліся зусім інакш. Тады быў 1986 год. У красавіку, як вядома, на Чарнобыльскай атамнай станцыі здарылася аварыя. У раёны, што былі побач з Чарнобылем, адпраўлялі прадстаўнікоў розных службаў, у тым ліку і работнікаў прылаўка. І я разам з іншымі прадаўцамі трапіла ў вёску Амялькоўшчына Хойніцкага раёна. Жыхароў гэтай вёскі на той час яшчэ не адсялілі, хаця забаранілі ўжываць прадукцыю з асабістых падсобных гаспадарак — усё неабходнае яны куплялі толькі ў магазіне. Праўда, праз нейкі час і жыхароў Амялькоўшчыны вымушаны былі адсяліць. Між іншым, у Амялькоўшчыне я пазнаёмілася і са сваім будучым мужам. Ён часта прыходзіў у магазін у якасці пакупніка. А калі даведаўся, што мы будзем ад’язджаць, папрасіў у мяне адрас. Я нават і не падумала, што Валодзя прыедзе ў Маларыту. У верасні мы згулялі вяселле. Тады я і змяніла сваё прозвішча Пішчык на Гуляй.
-Яно, напэўна, адзінае ў нас на Маларытчыне?
— Па-мойму, так. Акрамя членаў нашай сям’і яго ніхто больш не носіць.
— А ваша сям’я — гэта хто?
— Акрамя мужа, яшчэ двое нашых сыноў: Рома і Дзіма.
— Галіна Іванаўна, у ця­пе­рашні калектыў вы прыйшлі працаваць адразу пасля таго, як прыехалі з чарнобыльскай зоны?
— Пэўны час працавала ў мага­зіне №23 Маларыты, а калі загадчыца магазіна №14 Таццяна Галавій пайшла ў дэкрэтны водпуск, мне прапанавалі замяніць яе. 2 гады я ўзначальвала калектыў гэтай гандлёвай кропкі, а калі Таццяна Андрэеўна выйшла на работу, я пайшла ў прадаўцы. З таго часу прадаўцом і працую. Хаця адна з былых кіраўнікоў райспажыўтаварыства не раз гаварыла, маўляў, не будзеш ты працаваць у гэтым магазіне, не могуць спрацавацца дзве загадчыцы. Але скажу шчыра: я ніколі не імкнулася да высокіх пасад.
— Калі ў раёне пачалі адкрываць свае гандлёвыя кроп­кі індывідуальныя прад­прымальнікі, многія з работнікаў прылаўка падаліся туды. Вас ніхто не спакушаў пайсці за кампанію?
— Некаторыя калегі прапаноўвалі, але ў мяне самой такога жадання не было. Я не люблю бегаць з месца на месца, шукаць, дзе лепш ці дзе больш выгадна. У прыватніка таксама не мёдам намазана, і за так сабе там грошы не плацяць. Іх, як і на любой рабоце, трэба зарабіць. Мне падабаецца наш калектыў, цудоўныя жанчыны тут працуюць. Дарэчы, і Наталлю Бурштын, і Лідзію Герасімук, ды і многіх іншых, магу лічыць сваімі аднадумцамі ў плане пастаянства. І з Таццянай Галавій, загадчыцай магазіна, насуперак усяму, мы цудоўна спрацаваліся. А ад дабра, як гавораць, дабра не шукаюць.
НА ЗДЫМКУ: прадавец магазіна № 14 г. Маларыта Галіна ГУЛЯЙ.

Опубликовано ГЧ № 38 от 20.05.17г.

Добавить комментарий


もっと

maxformer.com

sribnapidkova.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!