След на зямлі

У пяты месяц года Васіль Мацвеевіч Саўчук з вёскі Масевічы адзначае два святы: дзень нараджэння і ўсенароднае, да якога ён мае самае непасрэднае дачыненне, — Дзень Перамогі. А сёлетні май для ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны ўвогуле асаблівы, бо адзначыў Васіль Мацвеевіч свой 90-гадовы юбілей. Дома тады ён сустракаў гасцей. Прадстаўнікі Маларыцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва разам са старшынёй Велікарыцкага сельвыканкама Віктарам Кірычуном і карэспандэнтамі раённай газеты завіталі ў яго дом, каб павіншаваць ветэрана, уручыць падарунак, пажадаць здароўя і яшчэ доўгіх гадоў жыцця.
Час робіць сваё. Ён адлічвае гады, пасыпае інеем галаву, прытупляе памяць пра падзеі, якія калісьці здаваліся важнымі і значнымі. Але ёсць і такія, якія не- падуладны часу. Як сёння памятае Васіль Мацвеевіч тую зімнюю ноч, калі ён, сувязны партызанскага атрада імя Чарнака, ішоў у лес, каб даставіць пар­тызанам інфармацыю. А тут насустрач на дарозе з’яві­ліся немцы. Кінуўся хлопец на абочыну ў снег, вырашыў перачакаць, пакуль вораг праедзе. Колькі давялося праляжаць, нават не ведае. Але амаль не адчуваў ужо ні рук, ні ног. У атрадзе сувязнога адагрэлі. На дзіва, усё абышлося без абмаражэння. Праз некалькі гадзін юнак ужо накіроўваўся ў суседні, варашылаўскі атрад, з чарговым заданнем. І такіх заданняў было шмат.
У дзеючую армію Васіля Саўчука прызвалі напачатку 1945 года. Спачатку была вучэбка, затым байца накіравалі ва Усходнюю Прусію. Хоць вораг ужо капітуляваў, на ўскраінах гарадоў, як успамінае Васіль Мацвеевіч, яшчэ ішлі баі з узброенымі групоўкамі. За ўдзел у гэтых баях і быў узнагароджаны ўдзельнік вайны медалём “За Перамогу над Германіяй”. Больш за 6 гадоў працягвалася армейская служба Васіля Мацвеевіча. А калі вярнуўся дамоў, у Масевічы, ажаніўся. У працы і звычайных вясковых клопатах прайшло яго жыццё. Вялікага багацця не нажыў, затое шчаслівы, што дзяцей траіх выгадаваў, унукам чацвярым парадаваўся, а цяпер вось нядаўна праўнучкі дачакаўся. Усе яны – значны след чалавека на зямлі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: 90-гадовы юбіляр Васіль Саўчук сустракае гасцей.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 39 от 24.05.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.progressive.ua

gepatite.com

http://all-diplomer.com