ЗА ЦЯБЕ, БЕЛАРУСЬ!

19 снежня, 8 гадзін ранку. У фае СШ №1, дзе размясціўся Маларыцкі-Школьны выбарчы ўчастак № 4,  усё гатова да пачатку галасавання. Першы бюлетэнь для галасавання ў дзень выбараў атрымлівае Васіль Рыгоравіч Дончанка.
— Армейская служба навучыла мяне быць дысцыплінаваным, — заўважае Васіль Рыгоравіч. – Я заўжды прывык галасаваць зранку, не адкладваючы важную справу на “потым”. А на гэтых выбарах тым больш не павінен спазняцца, бо на выбарчым участку я не толькі выбаршчык, але і наглядальнік ад грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў”.
Між іншым, місію ўнутраных наглядальнікаў на ўчастку выконвала 6 прадстаўнікоў розных арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў.
За першую гадзіну галасавання да 574 галасоў, якія аддалі выбаршчыкі ў час папярэдняга галасавання, дабавілася яшчэ 32. У асноўным гэта тыя, хто вырашыў зранку выканаць свой грамадзянскі абавязак, каб днём спакойна займацца сваімі справамі. Адноснае зацішша на выбарчым участку працягвалася нядоўга. Бліжэй да 11 гадзін маларытчане праявілі асаблівую актыўнасць. На гэты час працэнт галасавання  на ўчастку складаў амаль 40. На выбары многія ішлі сем’ямі, каб разам вырашаць, як далей будзе жыць краіна. Аддаўшы свой голас за таго, каго лічылі самым дастойным кандыдатам, людзі не спяшаліся вяртацца дамоў. Сустрэўшыся з сябрамі, знаёмымі, абменьваліся ўражаннямі, гаварылі пра жыццё. Некаторыя працягвалі сваю размову за столікамі ў буфеце, які, трэба сказаць, здзівіў сваім багатым асартыментам. Іншыя ішлі пагля­дзець канцэртную праграму, якую падрыхтавалі работнікі ГДК. 
12 гадзін дня. На ўчастку працягваецца актыўнае галасаванне. Але выбарчая камісія ведае, што магчымасці прагаласаваць чакаюць у сваіх дамах 45 прыпісаных да ўчастка маларытчан,  якія,  хто па прычыне састарэлага ўзросту, хто з-за цяжкай хваробы, не здольны самастойна прыйсці на выбарчы ўчастак. А таму, узяўшы з сабою бюлетэні і урну для галасавання, члены камісіі адпраўляюцца па адрасах.
— А я ўжо хвалявацца пачала, думала,  што  да мяне не прыйдуць, — ажыўлена гаварыла, сустракаючы гасцей, інвалід з дзяцінства Кацярына Пугач. – Мне самой важна сваю думку выказаць.
Прагаласаваўшы, жанчына дадала:
— Вельмі хачу,  каб і далей у краіне парадак быў. Няўжо можна быць незадаволеным сённяшнім жыццём? І рамонты ў дамах зрабілі. І цёпла ў кватэрах, і пенсію пакрыху павялічваюць. Ад дабра, як гаворыцца, дабра не шукаюць.
Па падліках на 13 гадзін, на ўчастку прагаласавала 59 % выбаршчыкаў. Выбары адбыліся, але да завяршэння іх заставалася яшчэ 7 гадзін. Для 18-гадовай маларытчанкі Наталлі Струнец, як і для многіх іншых маладых людзей, выбары Прэзідэнта – першыя ў яе жыцці, а значыць самыя хвалюючыя. Зрабіць правільны выбар пажадаў дзяўчыне старшыня ўчастковай камісіі Андрэй Хамічук і ўручыў ёй сувенір. Упершыню зрабіць самастойны выбар, ад якога залежыць лёс цэлай дзяржавы, давялося і Мікалаю Дзем’янюку. Дзень яго паўналецця  супаў з днём выбараў, што дазволіла Мікалаю, атрымаўшы віншаванні, прыняць удзел у галасаванні.
20 гадзін вечара. Камісія праводзіць апошнія падлікі. З 2073 выбаршчыкаў прагаласавала 1784, што склала больш за 86%.
— Выбары на ўчастку прайшлі спакойна, без парушэнняў, — адзначыла, падводзячы вынікі дня выбараў наглядальнік Таццяна Лаўрэенка. – Самае галоўнае, што жыхары горада былі актыўнымі, стараліся выканаць свой абавязак, ад якога,  як лічылі, залежыць іх жыццё, будучае іх дзяцей і ўнукаў.
Святлана МАКСІМУК.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


вывоз строительного мусора киев

https://monaliza.kiev.ua

www.topobzor.info