Не трапіць у “клешчы” кляшча

У сакавіку ў раёне з’явіліся першыя ахвяры кляшчоў. На пачатак мая шэсць жыхароў раёна звярнуліся за медыцынскай дапамогай па прычыне прысмоктвання кляшчоў. Сярод іх ахвяр і 3-месячнае дзіця. Сезон актыўнасці гэтых учэпістых паразітаў наступае ў маі і працягваецца аж да сярэдзіны жніўня, павялічваецца іх колькасць і восенню. У гэты час узрастае рызыка заразіцца многімі небяспечнымі інфекцыямі, якія пераносяць кляшчы. На Маларытчыне штогод рэгіструюцца выпадкі клешчавага энцэфаліту і хваробы Лайма. Згодна з даследаваннямі спецыялістаў кожны трэці клешч у раёне – інфіцыраваны. Аб тым, што рабіць, калі вас укусіў клешч, як засцерагчы сябе і сваіх блізкіх ад гэтага насякомага, расказвае ўрач-інфекцыяніст цэнтральнай райбальніцы Валянціна Ялкоўская.

— Валянціна Іванаўна, ці сапраўды ў нашым раёне існуе небяспека захварэць на клешчавы энцэфаліт і Лайм-барэліёз? Колькі ахвяр кляшчоў рэгіструецца ў год?
— Давайце прааналізуем статыстыку мінулага года. Летась 110 чалавек звярнуліся за медыцынскай дапамогай пасля ўкусаў кляшчоў, з іх — 22 дзіцяці. Толькі 5-10% пацярпелых адвозілі кляшчоў на даследаванне ў Брэст. У выніку адзін чалавек захварэў на клешчавы вірусны энцэфаліт, двое былі інфіцыраваны Лайм-барэліёзам. На працягу апошніх 30 гадоў выпадкі гэтых хвароб рэгістраваліся на адміністрацыйных тэрыторыях вёсак Мельнікі, Хаціслаў, Забалацце, Велікарыта, Олтуш. Уздым клешчавага энцэфаліту і хваробы Лайма чакаецца ў 2020 годзе. Цяпер жа сітуацыя адносна спакойная. Учэпістыя паразіты часцей за ўсё арудуюць у Маларыце, у раёне Лазак, на Катушы, а таксама ў вёсцы Хаціслаў, на так званым скрыжаванні, у Велікарыце, Забалацці. Для прафілактыкі хвароб пацярпелыя ад укусаў кляшчоў людзі прымаюць даксіцыклін, дзецям да 8 гадоў і цяжарным рэкамендуецца амаксіцыклін.
— Валянціна Іванаўна, раскажыце, якія меры засцярогі трэба захоўваць, каб клешч не мог укусіць чалавека?
— Трэба выконваць простыя правілы паводзін на небяспечнай тэрыторыі. Кляшчы канцэнтруюцца на лясных дарожках і сцежках, абочыны якіх параслі травой. Калі ў непасрэднай блізкасці ад кляшча пройдуць жывёла або чалавек, яго рэакцыя будзе імгненнай. Растапырыўшы пярэднія лапкі, ён паспрабуе ўхапіць свайго будучага гаспадара. Таму, калі вы накіроўваецеся ў лес, парк, трэба кожныя 1-2 гадзіны праводзіць самаагляды і агляды членаў сям’і для выяўлення кляшчоў. Нельга садзіцца і лажыцца на траву, стаянкі ці начоўкі ў лесе неабходна ладзіць на ўчастках без травяной расліннасці або ў сухіх лясах на пясчаных глебах. Не трэба прыносіць у памяшканне сарваныя ў лесе расліны і кветкі. Пасля таго, як прыйдзеце з лесу, дачы, трэба зняць вопратку, старанна агледзець цела і адзенне. Клешч выбірае тыя месцы, дзе скура тонкая: ля валасяной часткі патыліцы, шыі, у падпахавай і пахвіннай абласцях, вобласці пупка, пад лапаткамі. Акрамя сябе, трэба ўважліва аглядаць і хатніх жывёл. Калі збіраецеся ў лес, трэба апранаць аднатоннае і светлае адзенне,штаны запраўляць у абутак. Сачыце, каб манжэты рукавоў шчыльна прылягалі да рукі, на галаву апранайце капюшон ці запраўляйце валасы пад хустку, шапку. Можна выкарыстоўваць спецыяльныя хімічныя сродкі індывідуальнай абароны ад кляшчоў.
— Якія сімптомы сведчаць аб інфіцыраванні на клешчавы энцэфаліт і Лайм-барэліёз?
— Інкубацыйны перыяд пры клешчавым вірусным энцэфаліце — ад 3 да 30 дзён. Часта чалавек можа пераблытаць сімптомы захворвання са звычайнай прастудай. З’яўляецца слабасць у целе, назіраецца павышэнне тэмпературы да 38-40 градусаў, агульнае недамаганне, рэзкі галаўны боль, святлабоязь, рэзь у вачах. Першыя праяўленні Лайм-барэліёзу характарызуюцца агульнай інфекцыйнай сімптаматыкай і паражэннем скуры. Гэтая інфекцыя небяспечная сваімі ўскладненнямі. На больш позніх стадыях Лайм-барэліёз выклікае хваробы сэрца і суставаў.
Той, каго ўкусіў клешч, павінен штодня на працягу трох тыдняў вымяраць тэмпературу цела і ўважліва аглядаць скурныя покрывы ў месцы ўкусу. Калі ў гэты час вы выявіце адзін або некалькі сімптомаў, неабходна неадкладна звярнуцца ў бліжэйшую медыцынскую ўстанову для абследавання і магчымага лячэння.
— Ведаю, што існуе вакцына супраць клешчавага энцэфаліту? Ці можна зрабіць прышчэпку ў нашай паліклініцы?
— Можна, але вакцынацыя праводзіцца на платнай аснове. Бяс­платна робяць прышчэпкі толькі тым, хто па сваёй прафесіі пастаянна знаходзіцца на небяспечных тэрыторыях, напрыклад, леснікі. Дзякуючы таму, што гэтая катэгорыя праходзіць вакцынацыю, колькасць выпадкаў захворвання на клешчавы энцэфаліт у раёне значна зменшылася. Імунізацыя насельніцтва супраць клешчавага энцэфаліту праводзіцца згодна з календаром прафілактычных прышчэпак. Аб сваім жаданні вакцынавацца трэба паведаміць ўчастковаму тэрапеўту. Пасля першаснага курса вакцынацыі прышчэпку паўтараюць, у сярэднім праз 12 месяцаў. Наступныя рэвакцынацыі праводзяцца кожныя 3 гады. Супрацьпаказаннямі да вакцынацыі з’яўляюцца моцныя алергічныя рэакцыі на кампаненты вакцыны, а таксама вострыя ліхаманкавыя станы.
— Валянціна Іванаўна, куды звяртацца, каб праверыць, ці інфіцыраваны клешч?
— Экспрэс-даследаванні інфіцыраванасці кляшчоў вірусам клешчавага энцэфаліту ў рабочыя дні праводзяць у лабараторыі абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (плошча Свабоды, 8). Даследаванне платнае. Бясплатна яго праводзяць для інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, дзяцей са шматдзетных сем’яў. Пры сабе неабходна мець дакумент, які пацвярджае льготу.
Памятайце, што захаванне мер прафілактыкі пры выхадзе на прыроду, своечасовая медыцынская дапамога і тэрміновае лячэнне дапамогуць прадухіліць развіццё небяспечных для жыцця і здароўя хвароб.
Гутарыла Дар’я ПАЎЛЯНКОВА.

Опубликовано ГЧ № 39 от 24.05.17г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.