У “Горадзе майстроў” пабываў і міністр

У Мінску ў выста­вачным комплек­се прайшла ХVІІ Рэспуб­ліканская выстава на­вукова-метадычнай лі­таратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі пад дэвізам “Правільны прафесійны выбар – упэўненая будучыня маладога пакалення”. У мерапрыемстве ўдзельнічала 10 вучняў з 6 “А” класа СШ № 2 райцэнтра, а таксама іх настаўнікі. Маларытчане на выставе, у якой прымалі ўдзел Міністр адукацыі Ігар Карпенка, дэпутаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі дыпламатычных місій многіх краін свету, прэзентавалі свой “Горад майстроў”.
Тым, хто наведаў маларыцкую экспазіцыю, удзельнікі фальклорнага калектыву “Вытокі” (СШ №2, кіраўнік Галіна Бягеза) у прыгожых нацыянальных касцюмах паказалі праграму “Кірмашовыя гульні”. На выставе можна было ўбачыць і нават набыць некаторую прадукцыю, што вырабляюць у школьных майстэрнях СШ №2 райцэнтра. Між іншым, цяпер на ўроках тэхнічнай працы і занятках па інтарэсах хлопцы вырабляюць 39 найменняў прадукцыі. Гэта, напрыклад, хлебніцы, карнізы, лесвіцы, кармушкі для птушак, падсвечнікі, лапаты для прыбірання снегу, кніжныя паліцы, млыны садовыя, малаток драўляны, табурэтка кухонная і інш. А вось пералік прадукцыі, якая вырабляецца дзяўчатамі на ўроках аб­слу­говай працы і занятках па інтарэсах, — большы. Гэта пасцельная бялізна (7 найменняў), навалачкі, падушкі, коўдры (3 найменні), рукзакі, сумкі гаспадарчыя, рабочыя рукавіцы, ручнікі, мяккія цацкі…
Падчас выставы шмат з таго, што было прадстаўлена, актыўна набывалі наведвальнікі. Тут жа шасцікласнікі давалі майстар-класы па вырабе сваёй прадукцыі. Не прамінулі і наведалі маларыцкую экспазіцыю Міністр адукацыі краіны Ігар Карпенка і пасол Венесуэлы ў Беларусі. Таццяна Трафімук, класны кіраўнік 6 “А” класа, настаўніца рускай мовы і літаратуры СШ №2, падарыла Ігару Васільевічу школьны сувенір – сурвэтку з вышытымі васількамі, а вучні выканалі народную песню.
Традыцыi працоўнага выхавання, што актыўна падтрымлівае адміністрацыя школы, захоў­ваюць i працягваюць ва ўста­нове адукацыі не адно дзе­сяцiгоддзе. Яны бяруць пачатак яшчэ з тых часоў, калi школа была дзiцячым домам.
-Калі б не было збыту, то сваю прадукцыю мы, безумоўна, не выпускалі б, — гаворыць Любоў Куц, дырэктар СШ №2. — Дзелавыя партнёры нашай установы адукацыі – гэта сельгаспрадпрыемствы раёна, установы, арганізацыі, а таксама аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Яны часта робяць у нас заказы, бо ў нас танна, надзейна і выгадна.
-Любоў Васільеўна, якая штомесячная выручка ад гэтай дзейнасці?
-Адкажу так: па-рознаму бывае. У адзін месяц — большая, у другі – меншая, аднак на прэмію вучням, гаспадарчыя расходы, а таксама на ўмацаванне матэрыяльнай базы ўстановы штомесяц ідзе 40% ад атрыманай выручкі. Толькі за апошні час, напрыклад, мы набылі ў кабінеты 3 вадкакрышталічныя тэлевізары.
Паездка ў Мінск пакінула многа ўражанняў у дзяцей. Яны не толькі годна прадставілі сваю навучальную ўстанову і Маларытчыну, але і многа цікавага і карыснага ўбачылі і перанялі для сябе.
* * *
Вучні і настаўнікі СШ №2 выказваюць шчырую падзяку Таццяне Лаўрэенка, начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму, за магчымасць пабываць на рэспубліканскім мерапрыемстве.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Ігар Васільевіч Карпенка, Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь, ля “Горада майстроў” СШ №2.

Опубликовано ГЧ № 39 от 24.05.17 г.

Добавить комментарий


chemtest.com.ua

www.topobzor.info

www.topobzor.info
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!