Птушкі шчасця

 

Не ведаючы нават дакладнага адрасу, пад’езд, дзе знаходзіцца кватэра Ганны Сергіевіч, знайшоў адразу і беспамылкова. Зразумеў па чысціні, парадку на лесвічнай пляцоўцы і намаляваных лебедзях на сценах. Прыгожыя, грацыёзныя, бы жывыя.
Я пазваніў. Дзверы адчыніць праз некаторы час выйшла сама гаспадыня.
— Трошкі затрымалася, даруйце, што прымусіла чакаць, — стала апраўдвацца Ганна Фёдараўна. – Булачкі якраз падаспелі. З духоўкі вымала.
Жанчына гасцінна запрасіла ў кватэру. Мы прайшлі ў пакой. Адразу склалася ўражанне, што трапіў у казку, апынуўся на беразе невялічкага чароўнага возера, дзе плаваюць 8 незвычайных лебедзяў.
— Гэта не ўсё з таго, што паспела зрабіць, — не чакаючы майго пытання, тлумачыла Ганна Сергіевіч. – Іх,  вялікіх,  у мяне ужо 23. Праўда, сабраць сёння ўсіх разам, на жаль, немагчыма, таму што некалькі птушак падарыла родным і блізкім з Расіі. Некалькі пар лебедзяў у якасці сувеніраў паехалі ў Польшчу і Германію.
Ганна Сергіевіч – швачка па адукацыі. У свой час закончыла Брэсцкае ГПТВ №26. Аднак абставіны склаліся так, што па атрыманай спецыяльнасці давялося працаваць зусім мала. Дзе б ні знаходзілася, заўжды і ва ўсім жанчына імкнулася да таго, каб хоць трошкі змяніць да лепшага навакольны свет сваімі рукамі. Спрабуе яго і да гэтага часу прыхарошыць, упрыгожыць. Робіць тое, што пад сілу. Летам у Ганны Фёдараўны асноўны занятак на дачы. Там адводзіць душу. Яна не адзін год вырошчвае кветкі. Гэта – яе хобі. Адных толькі вяргінь налічваецца ажно 40 відаў, а таксама многа лілей, хрызантэм… У цёплую пару года не зблытаеш з іншым і балкон кватэры жанчыны, бо на ім у вялікай колькасці радуюць вока герані, петуніі, сульфініі.
Талент майстра лебедзяў Ганна Сергіевіч у сабе адкрыла параўнальна нядаўна. Дапамог выпадак. У навукова-даследчым інстытуце траўматалогіі і артапедыі (г. Мінск) у адной палаце яна ляжала разам з жанчынай, якая ў вольны час рабіла прыгожых птушак. Ганна Фёдараўна добра запомніла гэты працэс: як, што за чым і ў якой паслядоўнасці неабходна змацоўваць, каб атрымаўся лебедзь. Аднак гэты занятак у яе асаблівага захаплення не выклікаў, таму што работа, здавалася тады, была марудная, манатонная і нецікавая. Вярнуўшыся дадому, пра гэта нават і забылася. Але калі не прайшла вадзіцельскую камісію, стала думаць, чым бы заняцца карысным і патрэбным. Тут і ўспомніла рамяство, якому навучылася ў сталіцы. Вырашыла паспрабаваць. Спачатку ўбачылі свет маленькія лебедзі са звычайнай белай паперы. Атрымалася. Нават самой стала падабацца. Зробленых птушак дома ў сябе не захоўвала, а адразу дарыла знаёмым. Проста так. За шчыры дзякуй, за ласкавае і сардэчнае слова.
— Люблю людзям прыносіць нешта добрае, прыемнае, — прызнаецца мая субяседніца. – Ці то радасць, хоць маленькую, хоць нязначную, ці то прыемнае слова. Гэтым і жыву. З гэтага чэрпаю жыццёвыя сілы. Маладзею душою, калі побач нехта адчуе хоць на імгненне сябе шчаслівым.
А  нядаўна  Ганна Сергіевіч пачала рабіць лебедзяў з вінілавых шпалер. З-пад умелых рук жанчыны яны атрымліваюцца як сапраўдныя, як жывыя. Вялікія, прыгожыя, пушыстыя і гордыя. Так і хочацца як мага хутчэй дакрануцца да лебедзяў. Здаецца, адно імгненне – і знікнуць яны. Расправяць свае крылы, узмахнуць імі і схаваюцца за акном.
— Каб зрабіць аднаго лебедзя, патрабуецца не так і многа часу, — кажа Ганна Сергіевіч.- Спачатку ў магазінах шукаю адпаведнага колеру шпалеры. Затым разразаю іх на прамавугольнікі памерам 10х15 см, складаю кожны так, каб атрымаўся невялікі трохвугольнік. А потым іх па пэўнай схеме змацоўваю. Клей, ніткі ў працэсе не выкарыстоўваю. Трохвугольнікі самі па сабе ўстойліва з’ядноўваюцца. На адну птушку іх траціцца 410 штук. Наогул, з трох стандартных ролек вінілавых шпалер атрымліваецца 2 лебедзі.
Ганна Фёдараўна – чалавек творчы. Прыгожую рэч яна можа “змайстраваць” сваёй фантазіяй з таго, што знаходзіцца побач. Як, напрыклад, ружы, зробленыя з лістоў клёну. Між іншым, вазу для іх таксама прыдумала сама з таго, што было пад рукою.
У жанчыны ёсць яшчэ адна, пакуль што не здзейсненая мара. Яна плануе стварыць папяровага паўліна. Спачатку – аднаго, а калі атрымаецца прыгожа і спадабаецца, то і больш. Над гэтым зараз жанчына якраз і працуе.
Хутка праляцеў час за размовай з Ганнай Фёдараўнай. Здалося, што яна любіць і ўмее расказаць пра жыццё. Прыгожа, цікава, пераканаўча і незвычайна. Не пераслухаць жанчыну. Аднак час прыспешваў. На развітанне яна падарыла свайго лебедзя, з надзеяй, што птушка прынясе і мне шчасце.
Мікалай НАВУМЧЫК.
НА ЗДЫМКУ: Ганна СЕРГІЕВІЧ: “Хочацца, каб кожны мой лебедзь прынёс шчасце таму, да каго ён трапіць”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!