Юная модніца з Маларыты

Подыум Беларускага тыдня моды пакарыла маленькая мадэль з Маларыты. Нягледзячы на тое, што Віталіне Міцук усяго 5 гадоў, дзяўчынка трымалася як сапраўдны прафесіянал у час моднага паказу, які праходзіў у нацыянальным выставачным цэнтры “Белэкспа” ў Мінску.
У галоўным «модным» мерапрыемстве года маларытчанка прымала ўдзел у рамках “Kids Fashion Days”. Разам з іншымі ўдзельнікамі брэсцкага ансамбля танца “Белая Русь” Віталіна дэманстравала калекцыю адзення пад назвай “Цвіценне” дызайнера брэнда “FIOLA” Вольгі Фядковіч з Брэста. У калекцыі, якую творча прадставілі юныя танцоркі, спалучаліся яркія колеры, ручная вышыўка, лёгкасць фактур – усё, што нагадвае нам аб вясне і так падыходзіць дзецям.
Падрыхтоўка да паказу, як расказваюць бацькі дзяўчынкі, доўжылася тры месяцы, рэ­петыцыі займалі па 2-3 гадзіны. Каб модныя эксперты і аматары беларускай дзіцячай моды змаглі ўбачыць годнае шоу, што зачароўвала, дзецям давялося шмат працаваць. Хоць удзельнікі ансамбля ўжо не ўпершыню дэфіліравалі па моднай сцэне краіны, для юнай маларыцкай мадэлі гэта быў дэбют. Перад выхадам на подыум, як належыць сапраўдным мадэлям, макіяж Віталіне рабіла прафесійны візажыст. Маленькай прыгажуні спадабалася роля мадэлі, а асабліва захопленыя позіркі і авацыі з залы.
Дарэчы, у ансамблі танца Віталіна займаецца з трох гадоў. На заняткі ў Брэст дзяўчынку два разы на тыдзень адвозяць бацькі ці бабуля з дзядулем. Хоць гэта патрабуе шмат часу і выдаткаў, але поспехі юнай танцоркі, на думку сям’і, таго варты.
Дар’я ПАЎЛЯНКОВА.
На здымку: у час моднага паказу (Віталіна Міцук першая злева).

Опубликовано ГЧ № 40 от 27.05.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.