ПАЯДЫНАК з хваробай

Думаю, не вельмі шмат сярод нас ёсць такіх, хто, пачуўшы страшны дыягназ ад дактароў, знойдзе ў сабе маральныя сілы не падаць духам, не сканцэнтроўваць увагу на хваробе, больш таго — радавацца жыццю. У ліку тых нямногіх і жыхар вёскі Новае Раматова Мікалай Ляўчук.

— Калі ў 1986 годзе на Чарнобыльскай атамнай станцыі здарылася аварыя,-пачынае свой расказ Мікалай Мікалаевіч,-я працаваў на палівачнай машыне ў аўтабазе ”Брэстсельбуда”.-Тады на ліквідацыю вынікаў аварыі накіроўвалі прадстаўнікоў розных службаў, па жэрабю выпала ехаць і мне. Я быў прыкамандзіраваны да дарожнікаў. Яны ехалі туды на сваіх самазвалах, а я — на сваёй палівачнай машыне. Працавалі мы ў 30-кіламетровай зоне ад Чарнобыля, жылі ў вёсцы Галоўчыцкая Буда Нараўлянскага раёна. І хоць радыяцыю нельга было ўбачыць нават узброеным вокам, наяўнасць яе на тутэйшай тэрыторыі адчувалася ў многім. Па-першае, нам даводзілася бачыць, як бульдозер выкопваў глыбокія ямы, а затым туды “хавалі” па 2 хаты, што бульдозер зносіў. Хаты не такія, як у вайну, разваленыя і разбітыя, а цэлыя, прыгожыя, многія — зусім новыя. Мясцоваму насельніцтву забаранялася ўжываць прадукцыю з уласных прысядзібных участкаў.
Работа і знаходжанне ў забру­джанай зоне, вядома ж, не маглі не адбіцца на здароўі. Ужо ў хуткім часе я адчуў, што ў арганізме нешта не так. А калі паехаў да ўрачоў, яны паставілі страшны дыягназ: востры мелабластны лейкоз. Назначылі мне стацыянарнае лячэнне і сказалі, што бальніца мне прапісана на паўгода. 5 з паловай месяцаў праходзіў я курс лячэння. Прайшоў 30 курсаў хіміятэрапіі. Не толькі валасы з галавы павыпадалі, але і вусоў не стала. Месяц з палаты нельга было выходзіць. І гэта мяне прыгнятала найбольш. Каб справіцца са сваімі адмоўнымі эмоцыямі, настроіў сябе так, што я не ў бальніцы знаходжуся, а ў доўгай і неадкладнай камандзіроўцы. А калі выпісвалі з бальніцы, доктар сказаў, што на вуліцу мне можна выходзіць усяго толькі на 5 хвілін. Справа ў тым, што хіміятэрапія забівае імунную сістэму. І я добра разумеў, што чалавек з нулявым імунітэтам падвержаны розным, нават самым нязначным інфекцыям, і што не прыслухоўвацца да рэкамендацый урачоў — значыць, шкодзіць самому сабе.
А далей пачаўся няпросты аднаўленчы перыяд. Павышаная ўвага і добразычлівасць у сям’і, пастаянны кантроль з боку ўрачоў, уласная ўстаноўка на абавязковае выздараўленне, толькі станоўчыя эмоцыі і пачуцці, здаровае харчаванне.
— 2 гады запар кожны месяц я ездзіў у абласную бальніцу на праверку, здаваў аналізы. Асобых падстаў для хвалявання няма, рабілі на аснове аналізаў вывады медыкі.
І гэта было моцным маральным фактарам выздараўлення. А калі праз нейкі час Мікалай Мікалаевіч заехаў у бальніцу на праверку зноў, доктар спытаў: ”Што прымаеце?” — “Нічога, акрамя, як іншы раз 100 грамаў,” — жартам адказаў Мікалай Мікалаевіч. Урач не паверыў, што пацыент абыходзіцца без медыкаментаў.
— Калі мне стала лепш, не сядзеў склаўшы рукі. Стараўся пастаянна сябе нечым заняць. Заняты чалавек сканцэнтроўвае ўсяго сябе на рабоце. А ўсё астатняе адыходзіць на другі план, — перакананы Мікалай Мікалаевіч.
Любілі яго залатыя рукі не толькі што-небудзь у доме майстраваць, але і з тэхнікай вазіцца. Ён быў з ёю на “ты”. І ніколі не лічыў лішняй у гаспадарцы ні адну старую запчастку. Майстравіты гаспадар добра ведаў, што кожнай з такіх можна надаць другое жыццё. Была ў Мікалая Мікалаевіча і неажыццёўленая мара: зрабіць свой невялікі трактар. За яго і ўзяўся. І зрабіў. І ў Мінск завёз, каб у Міністэрстве транспарту атрымаць спецыяльныя дакументы на законную эксплуатацыю самаробнай тэхнікі. Добрая справа, якая ўдалася, вельмі стымулюе. І Мікалаю Мікалаевічу захацелася яшчэ адзін трактар зрабіць. І зноў атрымалася.
Каб быць увесь час занятым, цяпер Мікалай Мікалаевіч робіць рамонт ва ўласным доме, які 30 гадоў таму назад сам пабудаваў у Новым Раматове. Ды і не проста рамонт, а з тым разлікам, каб у доме ўсе выгоды былі, цяпер жа і ў вёсцы ўсім хочацца жыць так, як у горадзе. І гэта правільна.
Ёсць і яшчэ адна немалаважная дэталь, якая несумненна садзейнічае выздараўленню чалавека: яго унутраны свет, стан душы. Калі ў ёй жывуць толькі любоў і дабрыня, яна пастаянна чыстая, спакойная, яна радуецца. Радуецца кожнаму імгненню, кожнаму дню, сонцу, дажджу, радуецца людзям, якія побач, і радуецца за іх — радуецца жыццю. І хоць крыху крыўдна, што іх, так званых чарнобыльцаў, пазбавілі льгот, Мікалай Мікалаевіч не ездзіць па інстанцыях у пошуках ісціны і праўды. Ныць і скардзіцца — не ў яго характары. Яму куды больш прыемна ад таго, што ў любы час можа выручыць сваіх аднавяскоўцаў, якія просяць закультываваць ці ўзараць агарод, пасадзіць альбо выкапаць бульбу, прывезці дровы ці сена. Альбо на святах, што ладзяць аднавяскоўцы, па іх жа просьбе ўзяць у рукі гітару і ад душы сыграць.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымку: старыя запчасткі па-новаму запрацавалі ў трактары, зробленым умелымі рукамі Мікалая Мікалаевіча Ляўчука.
Фота аўтара.

Опубликовано Гч № 40 от 27.05.17г.

Добавить комментарий


www.chemtest.com.ua/

続きを読みます
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!