У школу – з 9 гадзін?..

Яшчэ ў час выступлення перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў пятага і шостага скліканняў у кастрычніку мінулага года Прэзідэнт краіны прапанаваў падумаць над тым, каб пачынаць школьныя ўрокі ў 9 гадзін, а не ў 8. А нядаўна да гэтага пытання вярнуліся зноў. Цяпер яго актыўна абмяркоўваюць у грамадстве, вывучаюць меркаванні бацькоў. Што думаюць на гэты конт жыхары Маларытчыны, высвятляла карэспандэнт “Голасу часу” у бліцапытанні.

Людміла Саўчук:
— Да таго, каб пачынаць вучобу ў школе ў 8.30 ці 9 гадзін, стаўлюся станоўча. Гэта той выпадак, калі пастаянна не хапае 15-20 хвілін, каб усё паспець. Ды і дзеці ранкам паспяць крыху больш, бо падняць іх часцей за ўсё праблематычна. На вучэбным працэсе такія змены не адаб’юцца. Адзіны мінус, што многія бацькі спяшаюцца да 8 гадзін на працу і пракантраляваць дзіця, адвезці яго ў школу ў такім выпадку проста не змогуць. Але ж вый­сце ў любой сітуацыі, думаю, можна знайсці.

Наталля Дзямчук:
— Як мама будучага пер­шакласніка я супраць такой рэформы. Калі размова ідзе пра маленькіх дзяцей, бацькі зацікаўлены адвезці іх у школу да пачатку рабочага дня, які пачынаецца з 8 гадзін. Калі будзе прынята рашэнне пачынаць заняткі ў 9 гадзін, гэта даставіць нязручнасці і праблемы бацькам, якія, каб паспець сабраць дзяцей у школу, вымушаны будуць спазняцца на работу. Па-ранейшаму прыводзіць дзіця ў школу да 8 гадзін? Тады ў чым сэнс такой рэформы? Напэўна, варта падумаць і папярэдне вызначыць, для якіх класаў варыянт з пераносам часу пачатку заняткаў лепш падыходзіць.
Алеся Яцура:
— Мы жывем у Олтушы. Заняткі ў школе раней заўжды пачыналіся з 9 гадзін. Цяпер нашы дзеці вучацца з 8.45. У вёсцы ў школу яны ходзяць самі, а таму і прыходзіць у школу на 9 гадзін для ўсіх зручна. У горадзе, дзе дзяцей, асабліва маленькіх, бацькам у школу трэба праводзіць ці падвозіць, магчыма, заняткі з 9 гадзін не для ўсіх прымальныя, бо ў гэты час трэба ўжо быць на рабоце. А што датычыцца хваляванняў бацькоў наконт таго, што дзіця даўжэй будзе занятае ў школе, дык розніца на гадзіну – гэта не так і многа. Проста да ўсяго трэба прывыкнуць.

Вольга Толсцікава:
— Я лічу, што пераносіць час пачатку ўрокаў не патрэбна. Бацькі адправяцца на работу, а дзіця застанецца дома адно, а значыць, бацькі і ведаць не будуць, ці паесць яно, як збярэцца, што апране. І яшчэ адзін нюанс. Калі дзіця наведвае дадатковыя заняткі і гурткі, яно дамоў прыходзіць позна. А калі на гадзіну змесціцца час пачатку вучобы, дык зімою школьнік увогуле будзе вяртацца дамоў амаль што ўначы. Я супраць.
Любоў Куц:
— Як дырэктар школы магу сказаць з поўнай упэўненасцю: школа забяспечыць занятасць дзяцей у любы час. І нават калі заняткі будуць пачынацца з 9 гадзін, а ў сям’і скла­дзецца такая сітуацыя, што дзіця трэба будзе адправіць у школу раней, праблем не ўзнікне. Школа штодня адкрыта з 7 гадзін, і некаторыя дзеці напачатку восьмай гадзіны ўжо тут. Дзяцей, калі будзе такая неабходнасць, мы зможам заняць факультатывамі, інфармацыйнымі і класнымі гадзінамі. Захаванне патрабаванняў санітарных правілаў і норм школа забяспечыць. А ўсё іншае будзе залежыць ад сям’і: ад тых звычак, якія ў ёй склаліся, ад раскладу, якога прытрымліваецца школьнік, ад выхавання самастойнасці дзяцей. Многія бацькі прывозяць ранкам і забіраюць са школы дзяцей, хоць яны ўжо вучацца не ў пачатковых класах. А многія наадварот просяць самастойна адпускаць дамоў нават вучня другога класа.
Мы часта баімся ўсяго новага. Вось і шосты школьны дзень спачатку не ўсе ўспрымалі правільна. Дарэчы, калектыў другой гарадской школы ўдзячны бацькам школьнікаў за актыўны ўдзел у шостым дні, падтрымку, разу­менне і канкрэтную дапамогу. А што датычыцца змянення часу заняткаў, дык тут важна, каб бацькоў правільна зразумелі кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў і, калі гэта трэба, змянілі графік работы. Тады добра будзе ўсім: і дзецям, і бацькам, і школе.
Запісала
Святлана МАКСІМУК.

Опубликовано ГЧ № 41 от 31.05.17г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.