Эліксір олтушскай зямлі

У Олтуш, дзе прайшло яе дзяцінства, дзе стаіць бацькоўскі дом, Людміла Крастоўская вырашыла ехаць адразу, як атрымала сумнае паведамленне аб тым, што са старэнькай маці здарылася бяда – у яе цяжкі пералом, з-за якога пажылая жанчына прыкаваная да ложка. Не спынілі дачку ні адлегласць у больш чым дзве тысячы кіламетраў, якія аддзяляюць Ізраіль ад Беларусі, ні тое, што трэба было закрыць прыватную справу, пакінуць на доўгі час сваю сям’ю. Яна ведала: чалавеку, які даў ёй жыццё, цяпер вельмі цяжка, а значыць, яна павінна быць побач. З таго дня, як грамадзянка Ізраіля зноў пачала гаспадарыць у вясковым бацькоўскім доме, пайшоў ужо другі год. За гэты час Людміла Іванаўна, па спецыяльнасці медыцынская сястра, змагла з дапамогай масажаў амаль што паставіць на ногі хворую маці і, разам з тым, добраўпарадкаваць участак ля дома, абзавесціся жыўнасцю і рэалізаваць сваю цягу да зямлі – заняцца агародніцтвам. Якраз гэтыя штодзённыя клопаты, прызнаецца яна, і дапамаглі не ўпасці ў дэпрэсію, вытрымаць усе цяжкасці.
…Да сябе ў госці карэспандэнтаў “раёнкі” Людміла Іванаўна не чакала і была вельмі здзіўлена візіту журналістаў. Але ці маглі мы застацца раўнадушнымі, калі даведаліся пра такі дзіўны факт: мінулым летам на прысядзібным участку гаспадыні расло больш за тысячу кустоў памідораў аж но 400 (!) розных гатункаў. А яшчэ хацелася распытаць “госцю” з Ізраіля, як жывецца людзям з нашым беларускім менталітэтам за мяжой, чым адрозніваюцца культуры краін, іх традыцыі.
Бацькоўскі дом Людміла Іванаўна пакінула ў 15 гадоў. Спачатку былі вучоба ў медыцынскім вучылішчы, затым — работа ў Брэсце, сям’я, хатнія клопаты. У Олтуш атрымлівалася прыязджаць нячаста. А дваццаць гадоў назад, як рэпатрыянты, Людміла Іванаўна з мужам, які па нацыянальнасці яўрэй, і дачкой паехалі ў Ізраіль.
— Адразу ў аэрапорце нам выдалі пашпарты грамадзян Ізраіля. З гэтага моманту пачалося новае жыццё. Месцам жыхарства мы абралі горад Нетанія. Тым, хто яшчэ дзецьмі прыязджае ў Ізраіль, прыстасавацца лягчэй. Нам жа было спачатку вельмі цяжка. Рыхтуючыся да паездкі, я вывучыла літары, магла чытаць, але гэтага было мала, бо ні я, ні муж не разумелі мовы, — успамінае Людміла Іванаўна.
Каб засвоіць іўрыт, Крастоўскія адправіліся ва ўльпан. Менавіта так у Ізраілі называюцца спецыяльныя школы, дзе масава вывучаюць мову. Людміла Іванаўна прызнаецца, што мова ёй давалася няцяжка, таму праз месяц яна вырашыла перайсці ў медыцынскі ўльпан, каб падрыхтаваць сабе прафесійную глебу. Яна ведала, што без добрага ведання мовы і спецыяльнага перанавучання разлічваць на тое, каб яе ўзялі працаваць медсястрой, было дарэмна. А таму ўладкавалася санітаркай. Калі з мовай праблем ужо не было, пайшла на курсы медсясцёр, а затым і на курсы масажыстаў.
— Днём вучылася, уначы працавала. Было вельмі складана. Той, хто прыехаў у Ізраіль з разлікам адразу атрымаць добрую пасаду, высокааплачваемую работу, вядома, не вытрымліваў такой нагрузкі. Мы ведалі, што ўсяго павінны дабівацца сваёй працай. Не апускалі рукі і ішлі да сваёй мэты, — успамінае Людміла Іванаўна.
І ўсё задуманае сапраўды здзейснілася. У мінулым была вучоба па поўнаму курсу масажу, з’явіліся свае пастаянныя кліенты, і Людміла Крастоўская адкрыла свой масажны кабінет. З гэтага часу Людміла Іванаўна змагла цалкам аддаць сябе любімай справе. Па ёй сумуе і сёння. І пацыенты яе, як прызнаецца, таксама сумуюць. Тэлефануюць, пытаюцца, калі вернецца і зноў пачне працаваць. Але на такое пытанне пакуль у Людмілы Іванаўны адказу няма.
— Мне заўжды было цяжка, — прызнаецца яна, — таму, што сям’я раздзялілася на дзве часткі. І я разумела, што прыйдзе той час, калі мне давядзецца вярнуцца, каб падтрымаць у старасці самага блізкага чалавека.
Калі размова зайшла пра пажылых, Людміла Іванаўна пачала расказваць аб тым, як жывуць на старасці гадоў ізраільскія пенсіянеры. Пенсійнага ўзросту жанчыны там дасягаюць у 64 гады, мужчыны – у 67. Паколькі так прынята, што дзеці не жывуць з бацькамі, а адразу пасля школы самастойна ўладкоўваюць сваё жыццё, пажылыя бацькі добра ведаюць, што трэба загадзя падрыхтавацца да старасці. Нам цяжка спакойна адносіцца да таго, што іншы раз старыя дажываюць свой век у інтэрнатах. У Ізраілі, расказвае Людміла Іванаўна, гэта ўспрымаецца зусім па-іншаму.
— Рыхтуючыся да старасці, кожны стараецца назапасіць сродкі, каб потым мець магчымасць жыць у спецыяльным комплексе – гарадку для пажылых. У такіх гарадках ёсць усё – і спартыўныя залы, і басейны, і магазіны, і медыцынская дапамога. Гэта ўсё для тых, хто яшчэ можа сябе дагледзець самастойна. А калі сілы пакідаюць чалавека, ён едзе ў “Бейт авот”, гэта такі дом для састарэлых, дзе забяспечваецца поўны догляд, прычым ён сапраўды на высокім узроўні. Гавару аб гэтым упэўнена, бо сама там працавала, — расказвае Людміла Іванаўна.
Дзве нітачкі на працягу дваццаці гадоў звязвалі сям’ю Крастоўскіх з Беларуссю – сын, які застаўся жыць у Брэсце, і бацькоўскі дом. І вось Людміла Іванаўна зноў на сваёй маленькай радзіме. Тыя клопаты, у якія давялося паглыбіцца, забіралі шмат часу.
— Маме стала зусім дрэнна. Важна было не ўпусціць час, дапамагчы ёй, падтрымаць, дагледзець. З фізічнымі цяжкасцямі яшчэ можна было справіцца, а вось з маральнымі… Як медыцынскі работнік разумела, што яшчэ крыху і я ўпаду ў дэпрэсію.
Псіхалагічнай напружанасці важна было нешта супрацьпаставіць. І Людміла Іванаўна знайшла вый­сце. Яна вырашыла заняць сябе працай на прысядзібным участку.
— Нават у Ізраілі я знаходзіла магчымасць пасадзіць пад сваімі вокнамі хоць некалькі кустоў памідораў. І агуркі на падаконніку вырошчвала. А тут столькі зямлі… Вось і пачала яе абрабляць.
Перцы, баклажаны, розных відаў капуста, салата, сельдэрэй, рукала, цыбуля-парэй – што толькі не высадзіла на сваім участку гаспадыня! Не магла абысці ўвагай яна і таматы. Неяк заўважыла аб’яву, у якой прапаноўвалася насенне памідораў 400 розных відаў. Вырашыла набыць іх, як прызнаецца, з цікаўнасці. Захацелася ёй пераканацца, ці сапраўды магчыма вырасціць столькі розных гатункаў таматаў. Калі на градках і ў цяпліцы пачалі спець памідоры рознай формы – ад маленькіх чэры розных колераў, да веліканаў, не засталося сумненняў — эксперымент удаўся. Якіх толькі форм памідоры не зрывала з кустоў Людміла Іванаўна. Былі, успамінае, і таматы-грушы, і таматы-бананы, і танюсенькія доўгія пальчыкі, і гіганты. Адрозніваліся плады і колерамі: чорныя з жоўтым, чорныя з чырвоным, лімонныя, аранжавыя, зялёныя звонку, ружовыя ўсярэдзіне, паласатыя… Кансервавала іх гаспадыня, рабіла смачны сок. Але такі ўраджай перапрацаваць самой было не пад сілу. Таму частавала памідорамі ўсіх, хто прыходзіў у госці.
Непрыкметна, у руплівай працы ляцелі дні. Правільны догляд, пастаянны ўмелы масаж зрабілі сваю справу. І цяпер мама Людмілы Іванаўны ўжо рухаецца. Дапамагла ёй увага дачкі. А самой Людміле Іванаўне эліксірам для настрою была праца. І хоць самы складаны перыяд ужо у мінулым, Людміла Іванаўна пакідаць сваю сельскагаспадарчую тэрапію і не думае. Вось і сёлета расаду ў цяпліцы пасеяла. Па сшытку, у якім пералічаны ўсе гатункі памідораў, выбрала самыя-самыя, тыя, што ёй спадабаліся. Праўда, свае карэктывы ў планы ўнеслі вясенні замаразкі. А яшчэ зрабіла хлеўчык, дзе цяпер разводзіць розныя віды хатніх птушак. Тут і індакачкі, і індыкі, і куры аж сямі парод.
— Колькі мне давядзецца быць тут – не ведаю. Увогуле, нічога не загадваю наперад, — гаворыць Людміла Іванаўна. — Ведаю адно: чалавек не павінен сядзець без справы. Бо рух – гэта жыццё.
Святлана МАКСІМУК.

НА ЗДЫМКУ: Людміла Крастоўская ў сваёй цяпліцы.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 41 от 31.05.17г.

Добавить комментарий


http://steroid-pharm.com

https://velotime.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!