Прафесійны юбілей

Маларыцкаму пра­фе­сій­наму ліцэю сельскагаспадарчай вытворчасці – 65 гадоў. З нагоды гэтай даты ва ўстанове адукацыі прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы.

Пісаць сваю гісторыю Ма­ларыцкі прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці пачаў 19 студзеня 1952г. Тады Савет Міністраў БССР сваёй пастановай прапанаваў Брэсцкаму аблвыканкаму арганізаваць у гарадскім пасёлку Маларыта школу механізацыі. 8 сакавіка 1952г. на базе філіяла Кіеўскага леспрамгаса была адкрыта школа механізацыі. 8 сакавіка 1952г. дырэктарам школы механізацыі быў прызначаны С.М.Грэнкоў. 16 кастрычніка 1952г. пачала займацца першая група навучэнцаў у колькасці 30 чалавек па спе­цыяльнасці “Трактарыст” з пяцімесячным тэрмінам навучання. Узрост будучых трактарыстаў і камбайнераў быў ад 30 да 56 гадоў, адукацыя ў большасці навучэнцаў — 2-3 класы. У 1953г. было пад­рыхтавана 129 трактарыстаў, 63 механікі-камбайнеры, 41 машыніст ільноцерабілак. 30 выпускнікоў Маларыцкага вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі ў 1953г. паехалі працаваць у Казахстан для асваення цалінных зямель.

Згодна з пастановай вераснёў­скага Пленума ЦК КПСС у 1953г. школа механізацыі сельскай гаспадаркі была пераўтворана ў вучылішча механізацыі.
1 студзеня 1954г. школа ме­ханізацыі набыла статус вучылішча. У 1957г. была ўтворана вучэбная гаспадарка з мэтай паляпшэння навучання механізатарскіх кадраў у вытворчых умовах, а таксама для вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі для сталовай вучылішча.
У 1957г. за паспяховае пра­­вя­дзенне работ па добраўпарадкаванні галоўнае ўпраўленне Працоўных рэзерваў пры Савеце Міністраў СССР узнагародзіла калектыў вучылішча Ганаровай граматай. З 1 лістапада 1962г. установа адукацыі перайменавана ў сельскае прафесійнае вучылішча, а ў 1970г. — у СПТВ-11. З гэтага моманту навучэнцы разам з кваліфікацыяй маглі атрымліваць агульную сярэднюю адукацыю. З 1989г. пачалася падрыхтоўка газаэлектразваршчыкаў, квет­каводаў-плода­гарод­нінаводаў. Упершыню ў вучылішча прыйшлі вучыцца дзяўчаты. У 1991г. за добрую вучобу і дысцыпліну 20 навучэнцаў праходзілі вытворчую практыку ў рэспубліцы Польшча. З 1993г. пачалося навучанне па новай спецыяльнасці “Гаспадыня сядзібы” з кваліфікацыяй “Плодагароднінавод, аператар машыннага даення, лабарант малочнага аналізу, швачка”. З 1996г. пачалі прымаць дзяцей у эксперыментальную групу з паглыбленым вывучэннем матэматыкі і фізікі па спецыяльнасці “Майстар сельскагаспадарчай вытворчасці”.

З 1 верасня 2008г. вучы­лішча перайменавана ва ўстанову адукацыі “Маларыцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці”.
32 гады ўзначальваў вучылішча Сяргей Міхайлавіч Грэнкоў. У 1952г. ён быў прызначаны дырэктарам школы механізацыі. За гады яго кіраўніцтва школа стала сапраўднай кузняй кадраў для вёскі.
Для Георгія Паўлавіча Пухоўскага ўстанова адукацыі двойчы была часткай яго біяграфіі. Спачатку ён працаваў выкладчыкам, потым — намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Праз 15 гадоў Георгій Паўлавіч — зноў у вучылішчы. У 1982г. ён быў пры­значаны дырэктарам.
Васіль Карпавіч Каляда ўзначаліў вучылішча ў 1988г. На гэтай пасадзе ён працаваў да 1996г. У 1997г. дырэктарам ПТВ-155 быў прызначаны Сцяпан Васільевіч Герасімук. З 2003г. і па сёння дырэктар установы адукацыі — Станіслаў Яўгенавіч Ляшчук.

Працоўныя дынастыі — гонар і апора Маларыцкага прафесійнага ліцэя сельскагас­падарчай вытворчасці. З пакалення ў пакаленне перадаюцца ў іх вопыт, веды і ўменні. Работнікі, звязаныя роднаснай сувяззю, імкнуцца трымаць гонар прозвішча, адсюль — адказнасць, прафесіяналізм, працавітасць і стараннасць. Ва ўстанове некалькі педагагічных дынастый: Фёдара Фёдаравіча Кузьміча і яго сына Сяргея Фёдаравіча; Канстанціна Яфімавіча Кавалевіча і яго сыноў Сяргея Канстанцінавіча і Аляксандра Канстанцінавіча; Генадзя Антонавіча Няфёдава, яго сына Уладзіміра Генадзьевіча і нявесткі Людмілы Валянцінаўны; Людмілы Антонаўны і Віктара Іванавіча Мядз­ведзь, іх дачкі Ірыны Віктараўны Сікорскай; Ігара Сцяпанавіча Бурштына і яго сына Яўгена Ігаравіча; Алены Аляксандраўны Талашка і яе сына Антона Уладзіміравіча.
Асабліва ў калектыве прафе­сійнага ліцэя ганарацца выпус­к­нікамі, якія цяпер займаюць адказныя пасады. Гэта, напрыклад, Вадзім Міхайлавіч Галоўчык, выпускнік ліцэя 1995г., які цяпер займае пасаду першага намесніка старшыні Маларыцкага райвыканкама, Андрэй Пятровіч Кур­дзюк, дырэктар ААТ “Хаціслаўскі”, Алена Аляксандраўна Талашка, выпускніца 1986г., намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Маларыцкага прафесійнага ліцэя СГВ, Аляксандр Васільевіч Бурштын, выпускнік ліцэя 2000г., з 2012г. займае пасаду начальніка Маларыцкага ДРБУ-179 і інш.

* * *
З нагоды 65-годдзя ў Мала­рыцкім прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці прайшоў юбілейны вечар. На яго былі запрошаны ветэраны педагагічнай працы ўстановы адукацыі, працоўны калектыў і навучэнцы. Са словамі віншаванняў да прысутных звярнуліся: Станіслаў Яўгенавіч Ляшчук, дырэктар установы адукацыі, Аляксандр Фёдаравіч Жук, першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, Вадзім Міхайлавіч Галоўчык, першы намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама, Віктар Віктаравіч Марушаў, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК, Таццяна Міхайлаўна Лаўрэенка, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Маларыцкага райвыканкама, Ірына Віктараўна Сікорская, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ўстановы адукацыі, Андрэй Пятровіч Курдзюк, дырэктар ААТ “Хаціслаўскі”, Сцяпан Васільевіч Герасімук, былы дырэктар установы адукацыі.

Лепшыя работнікі ліцэя былі адзначаны ўзнагародамі. Напрыклад, Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі атрымала Ірына Аляксандраўна Крысіна, выкладчык спецыяльных дысцыплін. Ганаровымі граматамі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама адзначаны Іосіф Віктаравіч Іванчук, майстар вытворчага навучання, і Алена Пятроўна Косік, выкладчык спецыяльных дысцыплін. Граматамі Брэсцкай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК заахвочаны Людміла Валянцінаўна Няфёдава, майстар вытворчага навучання, Галіна Іванаўна Яўтушык, загадчыца сталовай, і Наталля Сцяпанаўна Уласюк, майстар вытворчага навучання.
Некаторыя работнікі ўстановы адукацыі атрымалі граматы райкама прафсаюза работнікаў АПК і прафкама ліцэя.
Падчас юбілейнага вечара, сцэнарыстам і вядучай якога стала Вольга Жыльцова, з канцэртнымі нумарамі выступілі самадзейныя артысты Маларытчыны, а таксама Святлана Саўчук, фіналістка народнага шоу “Я магу!”, удзельніца шоу “Залаты пыл”, “POP-ART”, “POP-ART” на 2 палотнах”, “POP-ART” на 4 палотнах”, “Ілюзія на палотнах”, “Маляўнічая ілюзія”, “ART ROLLER SHOW”.
Мікалай
НАВУМЧЫК.

Опубликовано ГЧ № 41 от 31.05.17г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!