Пазнавальная экскурсія

Старшакласнікі з раённай гімназіі і першай гарадской школы да пачатку экскурсіі па аддзелу загса Маларыцкага райвыканкама магчыма і не задумваліся над тым, што ўстанова, якая рэгіструе шлюбы, выконвае яшчэ шмат важных функцый. Тут можна прасачыць па дакументах усё жыццё кожнага чалавека: рэгістрацыю нараджэння, смерці, усынаўленне (удачарэнне), устанаўленне бацькоўства (мацярынства), змену прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку, скасаванне шлюбу. Загс папраўляе, дапаўняе запісы актаў грамадзянскага стану, узнаўляе страчаныя запісы, анулюе запісы актаў грамадзянскага стану па рашэнні суда, захоўвае кнігі рэгістрацыі, аднаўляе шматлікія архіўныя звесткі разнастайных дакументаў. Аб усім гэтым даведаліся вучні, наведаўшы рабочы кабінет аддзела загса і архіўны пакой. Было цікава школьнікам пабываць і ў зале, дзе праходзяць урачыстыя цырымоніі рэгістрацыі.

У юбілейны год экскурсія была б няпоўнай, калі б школьнікі не пазнаёміліся з гісторыяй органаў, якія праводзяць запіс актаў грамадзянскага стану. На­чальнік аддзела загса Маларыцкага райвыканкама Наталля Камянчук зрабіла для юнакоў і дзяўчат цэлы экскурс у гісторыю. Яны даведаліся, што ў дарэвалюцыйны перыяд рэгістрацыю шлюбаў, нараджэнняў дзяцей і смерцяў ажыццяўлялі ў царкве. Запісы ўносіліся ў метрычныя кнігі. А гісторыя органаў загса пачалася з прыняцця ў снежні 1917 года Усерасійскім Цэнтральным Выканаўчым Камітэтам і Саветам Народных Камісараў РСФСР дэкрэта “Аб грамадзянскім шлюбе, аб дзецях і аб вя­дзенні кніг актаў грама­дзянскага стану”. З гэтага часу прызнаваліся толькі шлюбы, якія рэгістраваліся ў аддзелах запісу шлюбаў і нараджэнняў пры гарадской, раённай, павятовай ці валасной управе. У канцы 20-х гадоў архівы метрычных кніг былі цалкам перададзены аддзелам загса. Пачулі школьнікі і шмат іншай цікавай інфармацыі: пра тое, калі і як быў прыняты Кодэкс аб шлюбе і сям’і, у якім годзе з’явіўся ў нашай краіне першы Палац шлюбаў, даведаліся, што ў Рэспубліцы Беларусь цяпер дзейнічае 148 аддзелаў загса, 3 дамы грамадзянскіх абрадаў і адзін дом шлюбаў, 7 архіваў органаў загса галоўных упраўленняў юстыцыі, у якіх працуе больш за 390 супрацоўнікаў.
Непасрэдна з гісторыяй дзейнасці органаў запісаў актаў грамадзянскага стану на Маларытчыне ўдзельнікаў экскурсіі пазнаёміла былы начальнік аддзела загса Антаніна Пішчык. Расказ чалавека, які больш за 20 гадоў выконваў важныя функцыі, што ўваходзяць у абавязкі работнікаў аддзела загса, школьнікам было слухаць цікава. Антаніна Сцяпанаўна пастаралася растлумачыць ім правільны сэнс слова “грамадзянскі шлюб”. Такім словазлучэннем нярэдка замяняюць сёння паняцце сужыцельства. Але сапраўдны грамадзянскі шлюб рэгіструецца менавіта ў загсе. І толькі такі шлюб з’яўляецца законным.
У час экскурсіі школьнікі даведаліся, што аддзел загса праводзіць не толькі ўрачыстыя рэгістрацыі шлюбу.
— Па жаданні, для ўмаца­вання сямейных традыцый, павышэння прэстыжу сям’і, — расказвала школьнікам начальнік аддзела загса Наталля Камянчук, — у зале ўрачыстай рэгістрацыі ў ГДК пра­во­дзіцца ўшанаванне сярэбраных, залатых і брыльянтавых юбіляраў сямейнага жыцця. Для кожнай шлюбнай пары складаецца сцэнарый, які засноўваецца на біяграфічных фактах. Арганізоўваецца і ўрачыстая рэгістрацыя нованароджаных. Усё гэта можна пра­водзіць з выкарыстаннем нацыянальных традыцый, калі ёсць жаданне, дык на беларускай мове.
Юнакі і дзяўчаты ўсю інфармацыю ўспрымалі з ці­кавасцю, задавалі шмат пытанняў, на якія ар­ганізатары экскурсіі далі кампетэнтныя адказы.
Святлана МАКСІМУК.

НА ЗДЫМКУ: у час экскурсіі вучняў СШ №1 і раённай гімназіі ў аддзел загса райвыканкама.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 41 от 31.05.17 г.

Добавить комментарий


https://mitsubishi.niko.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!