На старце дарослага жыцця

Вось і фініш марафону даўжынёй у вучэбны год. 30 мая ва ўсіх установах адукацыі раёна прайшлі ўрачыстыя лінейкі, прысвечаныя апошняму школьнаму званку. У сваім утульным школьным дворыку сабраўся ў гэты дзень і калектыў другой гарадской школы. На школьнае свята па традыцыі прыйшло шмат гасцей – таты і мамы, сябры школы і шэфы. Павіншаваць хлопчыкаў і дзяўчынак з паспяховым завяршэннем школьных заняткаў і пачаткам самай любімай пары – летніх канікулаў — прыйшлі старшыня райвыканкама Мікалай Шум і начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна Лаўрэенка. Другая гарадская школа для такога візіту, як падкрэсліў, звяртаючыся да ўсіх, кіраўнік раёна, была абрана невыпадкова. Увесь навучальны год установа была ў цэнтры ўвагі, бо тут завяршалася рэканструкцыя школьнай сталовай. Не ўсё было гладка, але вынік атрымаўся добры. Мікалай Мікалаевіч адзначыў, што ў калектыву школы шмат дасягненняў, і пажадаў усім вучням поспехаў, здароўя, міру і дабра, а выпускнікам – выбраць свой шлях у жыцці і здзейсніць свае мары.

Для 29 вучняў школы, якія стаялі ва ўтульным школьным дворыку ўжо ў апошні раз, гэтая лінейка была найбольш урачыстай. Яна — мяжа паміж бестурботным дзяцінствам і дарослым жыццём. А таму кожнае слова, якое гучала, кранала душу. Асабліва, калі выступалі першыя настаўнікі сённяшніх выпускнікоў. Слухаючы іх, кожны ў думках вярнуўся ў мінулае. Успомніў усё да дробязей: свой першы школьны дзень, першыя радкі ў сшытку, першы адказ ля дошкі, першую адзнаку, вясёлыя перапынкі, паходы і экскурсіі. На вачах заблішчэлі слёзы – шчырыя і светлыя слёзы развітання.
Да таго моманту, як празвінеў апошні для сёлетніх выпускнікоў школьны званок, юнакам і дзяўчатам шмат цёплых слоў сказалі іх класныя кіраўнікі, бацькі, першакласнікі. Самі выпускнікі падрыхтавалі школе падарунак – флэш-моб з элементамі народных і класічных танцаў і нават эпізод балета.
…Музыка сціхае. У неба, як знак таго, што школьныя гады ніколі не вернуцца назад, але , адпраўляючыся ўдалячынь, кожны з выпускнікоў ажыццявіць сваю запаветную мару, ляцяць паветраныя шары. І гучыць пералівісты званочак. Апошні званок выпускнікам падаюць Аляксандр Сезік і Дар’я Заляшчук. Пад гукі яго кожны яшчэ раз у думках гаворыць дзякуй школе і за веды, што набылі, і за сяброўства, якое не забываецца, і за цеплыню і клопат, якімі былі акружаны ўсе гады.
— Ідуць юнакі і дзяўчаты ў дарослае жыццё, а жыццё школы працягваецца, — праводзячы выпускнікоў, заўважае дырэктар школы Любоў Куц. І хоць урачыстая лінейка пад­вяла рысу навучальнаму году, як адзначыла Любоў Васільеўна, вучняў у школе чакае яшчэ шмат цікавага. А таму ўсім дырэктар кажа: да сустрэчы!
Святлана МАКСІМУК.

НА ЗДЫМКУ: у час урачыстай лінейкі ў ДУА “Маларыцкая СШ № 2”.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ  № 42 от 3.06.17г.

Добавить комментарий


питна вода

pharmacy24.com.ua

majbutne.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!