НАСТАЎНІЦАЙ БЫЛА МАЦІ

Праскоўя Чабанава не разгубілася, калі яе з даярак перавялі ў цялятніцы. Наадварот, гэта ёй было больш даспадобы, бо абыходзіцца з малымі жывёлінамі яна ўмела. Некалі на ферме працавала яе маці, і Праскоўя, як і іншыя дзеці, бегала туды, каб не толькі пазабаўляцца з маленькімі цяляткамі, якіх вельмі любіла, але і разам з маці карміць іх, падсцілаць, паіць. Маці давярала Праскоўі любую работу, ведаючы, што дзяўчынка зробіць яе не абыяк, а як дарослая.
Калі прыйшла ў ка­лектыў на ферму ў в. Ланская, Праскоўя і тут знайшла добрага дарадчыка. Антаніна Рыгораўна Алесік была для яе як маці. А калі тая пайшла на пенсію, перадала сваю групу Праскоўі. Яна ж добра бачыла і ведала, як гэтая жанчына адносіцца да работы. Сюды ж на змену сваім маці прыйшлі Святлана Шаўчук і Галіна Дручак. Цяпер гэта адзін калектыў, кожны ў якім добра разумее, што ад іх старання залежаць не толькі сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлін (а яны ў групе Праскоўі склалі за 11 месяцаў г.г. 811 грамаў, што +44 грамы ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года), але і заработная плата. А кожнаму ж хочацца, каб яна была дастойнай.
Што і казаць, нялёгка працаваць сёння на старых фермах, дзе амаль 100% ручной працы. Туды і канём не заедзеш, каб кармы развезці ці малако прывезці. Таму ўвесь цяжар кладзецца на плечы і рукі жанчын. Між іншым, пры сустрэчы ніхто з іх не скардзіўся на такія ўмовы, хаця працаваць на новай сучаснай ферме, дзе былі б не толькі добрыя ўмовы працы, але і бытавыя выгоды, марыць, напэўна, кожная.
Мала таго, што жанчыны стараюцца на ферме, стараюцца і дома. Вяскоўцу ж без уласнай гаспадаркі цяжка пражыць. Трымае кароўку-карміцельку, іншую жыўнасць і Праскоўя. Балазе, ёсць у яе добры памочнік — сын, 11-класнік Ваня. Ён калі не на ферме, дык дома маму замяняе. Ваня ведае, што ёй адной з усім справіцца цяжка, ды, у рэшце рэшт, мама ж стараецца не толькі для сябе, але і для іх, дзяцей сваіх.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: лепшая цялятніца СВК “Ланская” Праскоўя ЧАБАНАВА.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!