“Рада, што людзі мне давяраюць”

На мінулым тыдні наш раён наведала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання па Белавежскай выбарчай акрузе № 8 Жанна Уладзіміраўна Стаціўка. Яна прыняла ўдзел у пасяджэнні райвыканкама, а затым правяла прыём грамадзян па асабістых пытаннях у Олтушскім сельскім Савеце.

Забягаючы наперад, скажу, што прасіць садзейнічання ў вырашэнні набалелых пытанняў, якія праблематычна вырашыць на мясцовым узроўні, да дэпутата прыйшло нямала чалавек. А пытанні былі сапраўды жыццёва важныя. Возьмем, напрыклад, тое, што ўзнімалі бацькі, бабулі і дзядулі дзяцей, якія наведваюць мясцовы дзіцячы садок. У гэтай дашкольнай навучальнай установе, дзе 80 дзяцей, ёсць басейн. Вельмі цудоўны. Але ён не працуе. 3 гады таму назад такое пытанне бацькі ўжо ўзнімалі, толькі яно і па сённяшні дзень не вырашылася.
-Калі ў нас у свой час абу­ладкоўвалі аграгарадок, — гаварыла адна з жанчын, якія прыйшлі на прыём, — у садку ніякія работы не былі запланаваны. А яму ўжо шмат гадоў. Сама па сабе напрошваецца рэканструкцыя, у выніку якой можна было б аднавіць і работу басейна. Тым больш, што на адлегласці 7 метраў ад дзіцячай навучальнай установы пракладзены газаправод. Падвялі б газ у садок, вырашыліся б і многія іншыя пытанні.
Жанна Уладзіміраўна, уважліва вы­слухаўшы жанчын-маці і бабуль, прааналізавала разам з імі ўсе варыянты вырашэння гэтага пытання. Адзін з іх — напісаць заяву ў райвыканкам з просьбай прадугледзець пры фарміраванні бюджэту выдзяленне грашовых сродкаў на рэканструкцыю Олтушскага дзіцячага садка, другі — звярнуцца да генеральнага дырэктара ААТ ”Савушкін прадукт”, адно з вытворчых падраздзяленняў якога — сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства ”Савушкіна” — знаходзіцца тут, у Олтушы. Садок жа наведваюць дзеці тых, хто працуе ў “Савушкіна”. Значыць, у “Савушкіным прадукце” павінны быць таксама зацікаўленыя ў тым, каб дзіцячая дашкольная навучальная ўстанова мела адпаведны выгляд. Олтуш — аграгарадок усё ж!
Нельга назваць малазначным і пытанне, якое хвалюе на­­стаяцеля Олтушскай Свята-Праабражэнскай царквы айца Уладзіміра.
— Нашаму храму, — гаварыў айцец Уладзімір,-234 гады. Каб захаваць царкву, яе, безумоўна, трэба рамантаваць. У прыватнасці, мяняць купалы. Але рабіць мне гэта не дазваляюць. Як быць? — спрабаваў высветліць айцец Уладзімір.
Каб разабрацца, што і як, Жанна Ула­дзіміраўна патэлефанавала намесніку начальніка ўпраўлення культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Вячаславу Іванавічу Гарбузову. І вось што ён растлумачыў.
-Олтушскі храм — гэта ўнікальны помнік народнага драўлянага дойлідства і архітэктуры XIX стагоддзя. Ён уяўляе гісторыка-культурную каштоўнасць і ахоўваецца дзяржавай. І тым не менш накіраваць на рамонт яго бюджэтныя сродкі немагчыма. Для таго, каб правесці рамонт за кошт ахвяраванняў прыхаджан, неабходна напісаць адпаведнае пісьмо ў Міністэрства культуры. Калі там дадуць сваю згоду, у абавязковым парадку трэба будзе заказваць праектна-каштарысную дакументацыю, бо ў час рамонту купалоў ці замены іх абавязкова будзе задзейнічана кроквенная сістэма. Выраб праекта — не таннае задавальненне, але рабіць гэта неабходна. Так прадугледжана законам.
Айцец Уладзімір дзякуе Жанне Ула­дзіміраўне за тое, што дапамагла расставіць усе кропкі над ”і”, тым самым прадухіліла ад узнікнення непрыемнасцей.
А вось вырашэнне другой праблемы, якую таксама агучыў настаяцель Олтушскай царквы,-пад сілу дэпутату.
-Каб абгарадзіць мясцовыя могілкі, неабходна 150 метраў штыкетніку,-гаварыў айцец Уладзімір.-Ці можна тут атрымаць якую-небудзь дапамогу ад дзяржавы?
Жанна Уладзіміраўна пракансультавалася са спецыялістамі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама і паабяцала, што просьбу свяшчэнніка абавязкова задаволяць. Выдзяляюцца ж сродкі на грамадскія работы, а такі варыянт у дадзеным выпадку якраз і падыходзіць.
Канкрэтныя кансультацыі атры­малі і іншыя грамадзяне, якія прый­шлі на прыём да дэпутата.
-Жанна Уладзіміраўна, што паказаў сённяшні прыём грамадзян па асабістых пытаннях?
-Прызнаюся: з усіх тых пы­тан­няў, з якімі прыходзілі да мяне выбаршчыкі ў астатніх раёнах Бе­лавежскай выбарчай акругі №8, дзе я вяла прыёмы, сённяшнія, што ўзнімалі і прасілі пасадзейнічаць у іх вырашэнні жыхары аграгарадка Олтуш,-вельмі жыццёва важныя. Безумоўна, не ўсе іх мож­на вырашыць на мясцовым узроўні і адразу. Але я абавязкова ўнікну ў просьбу кожнага з заяўнікаў, буду аналізаваць, што прадугле­джана ў тым ці іншым плане на заканадаўчым узроўні, кансультавацца з кампетэнтнымі спецыялістамі і абавязкова дам адказы ўсім, хто прыходзіў на прыём. Я вельмі і вельмі рада, што людзі давяраюць дэпутату, бачаць у ім свайго памочніка і дарадчыка. Дзякуй ім!
Запісала Ірына КАСЦЕВІЧ.

На здымку: у час прыёму грамадзян па асабістых пытаннях у аграгарадку Олтуш.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ №43 от 7.06.17 г.

Добавить комментарий


Рекомендуем http://www.fashioncarpet.com.ua/.
www.profvest.com

продвижение интернет магазинов
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!