Аб’яднаныя “Белай Руссю”

Сёлета свой першы юбілей адзначыць Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”. У нашай краіне яно аб’ядноўвае 165 тысяч чалавек, якія жадаюць, каб беларускі народ быў адзіным моцным цэлым, а краіна стабільна развівалася. А для гэтага трэба стваральна працаваць, паважаць гістарычнае мінулае сваёй краіны, прымаць рэальны ўдзел у кіраванні справамі дзяржавы. Раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” – гэта 400 прадстаўнікоў Маларытчыны з усіх яе ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў. 28 з іх былі абраны дэлегатамі справаздачна-выбарчай канферэнцыі, на якой падвялі рысу пад двума з паловай гадамі дзейнасці раённай арганізацыі і намецілі задачы на перспектыву.

Перш чым успомніць, чым зай­малася грамадскае аб’яднанне ў справаздачным перыядзе, Вадзім Шпетны, старшыня раённай арганізацыі, узгадаў, як яно развівалася, адкуль яго вытокі. Такім чынам, маларыцкая раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” пачала дзейнічаць у студзені 2008 года. Першапачаткова ў ёй налічвалася 15 членаў, і ўзначальвала арганізацыю дырэктар СШ № 2 г. Маларыта Любоў Куц. Разам з ёй першыя заявы аб уступленні ў грамадскае аб’яднанне напісалі Вадзім Шпетны, Таццяна Лаўрэенка, Андрэй Гарбацэвіч, Таццяна Сацюк і іншыя. Усіх гэтых людзей добра ведаюць у нашым невялікім раёне. За апошнія два з паловай гады колькасць членаў арганізацыі вырасла на 90 чалавек. Цяпер у раёне дзейнічае 28 пярвічных арганізацый аб’яднання. У ліку задач, якія раённая арганізацыя ставіць на будучае, — умацаванне “пярвічак” і рост колькасці іх членаў, утварэнне новых пярвічных арганізацый на прадпрыемствах і ў арганізацыях, прыцягненне ў свае рады перспектыўнай моладзі.
— Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” актыўна супрацоўнічае з палітычнымі партыямі, грамадскімі аб’яднаннямі і арганізацыямі, чые мэты накіраваны на павышэнне якасці жыцця людзей, пабудову незалежнай, моцнай, квітнеючай Беларусі. У такой сумеснай рабоце з іншымі грамадскімі аб’яднаннямі ў раёне “нарадзілася” шмат акцый і мерапрыемстваў па падтрымцы ветэранаў і пажылых людзей, патрыятычным выхаванні моладзі, ушанаванні адораных маладых людзей, навядзенні парадку на зямлі, — адзначаў Вадзім Паўлавіч. – Рэалізоўваліся ў раёне і брэндавыя акцыі грамадскага аб’яднання: “Белая Русь” – з любоўю да дзяцей!”, “Белая Русь” – будучым абаронцам Айчыны!”, “Белая Русь” – за здаровую нацыю!”, “Белая Русь” — за адраджэнне духоўнай спадчыны!”.
У рамках акцый “Белай Русі” дзеці атрымлівалі навагоднія падарункі і прымалі ўдзел у Навагодняй ёлцы ў Брэсце, для жанчын напярэдадні 8 Сакавіка праводзілі канцэрты “Мелодыі дабра”. Усе сродкі, выручаныя з канцэртаў, накіроўвалі на дабрачынныя мэты. Традыцыяй у раённай арганізацыі стала ўшаноўваць жанчын, якія нарадзілі дзяцей 1 студзеня, у Дзень Незалежнасці, Дзень Маці і іншыя святочныя даты.
У рамках акцыі “Белая Русь” – за здаровую нацыю!” члены раённай арганізацыі прымаюць актыўны ўдзел у спартыўных мерапрыемствах, выхоўваюць любоў да фізічнай культуры і спорту, здаровага ладу жыцця, сямейных каштоўнасцей. Напрыклад, на Дзень Незалежнасці і ў рамках святкавання Дня горада раённае аб’яднанне дапамагае арганізоўваць турніры па вялікім тэнісе.
— Адным з асноўных накірункаў дзейнасці РГА “Белая Русь” з’яўляецца ўдзел членаў аб’яд­нання ў выбарчых кампаніях. Члены раённай арганізацыі праводзілі пікеты, збіралі подпісы, былі прадстаўлены ва ўсіх выбарчых камісіях, створаных у раёне, а таксама задзейнічаны ў якасці назіральнікаў. Дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў 27 склікання абрана наша калега, старшыня пярвічнай арганізацыі Гвозніцкай школы, яе дырэктар – Марыя Афанасенка. У раённы Савет дэпутатаў абрана 13 членаў “Белай Русі”. Упэўнены, што і на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў у 2018 годзе таксама будуць вылучаны і абраны члены нашага аб’яднання, — гаварыў старшыня раённай ар­ганізацыі.
Расказаў Вадзім Шпетны і аб рабоце грамадскіх прыёмных “Белай Русі”, маніторынгу меркаванняў грамадзян па выніках выступленняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прыняцця важных заканадаўчых актаў, а таксама падзяліўся планамі раённай арганізацыі на будучае.
Аб супрацоўніцтве, якое наладжана паміж грамадскімі аб’яднаннямі, расказалі запрошаныя на канферэнцыю госці — Сяргей Строк, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, і Людміла Бурштын, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру”.
Падвядзенне вынікаў работы не прайшло без ушанавання лепшых “кадраў” раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, а таксама людзей, якія актыўна супрацоўнічаюць з грамадскім аб’яднаннем. Граматы раённага Савета РГА “Белая Русь” атрымалі Любоў Куц і Людміла Бурштын. Граматай раённай арганізацыі за актыўны удзел у патрыятычным выхаванні моладзі адзначана пярвічная арганізацыя Маларыцкай раённай гімназіі. Грамату абласнога Савета РГА “Белая Русь” атрымала Лілія Хатынюк, а лістамі падзякі заахвоцілі Валянціну Жалнерык і Людмілу Вазнасіменка.
Аднагалосным рашэннем Савета раённай арганізацыі новым старшынёй яе абраны Андрэй Гарбацэвіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.
Дар’я ПАЎЛЯНКОВА.

На здымку: у час ушанавання членаў раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.

Опубликовано ГЧ № 43 от 7.06.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.