З хаціслаўскімі каларытам і самабытнасцю

Хаціслаўскія артысты адкрылі гастрольны сезон паездкай у Польшчу для ўдзелу ў ІІІ Днях славянскай пісьменнасці. Традыцыйна гэтае свята ладзіцца ў мястэчку Бельск Падляшскі з мэтай прапаганды і папулярызацыі славянскай культуры, далучэння да яе шырокіх колаў насельніцтва. На свята былі запрошаны вядомыя дзеячы культуры, народныя майстры, творчыя калектывы, у тым ліку і ансамбль “Хаціславяне”.

Асноўнае дзейства разгарнулася ў мясцовым парку. У праграме – кірмаш народных промыслаў, выставы літаратуры, сустрэчы з паэтамі і пісьменнікамі, кінапаказы, гістарычна-фальклорныя пастаноўкі мясцовых гуртоў, а таксама выступленне замежных калектываў. Сярод іншых “Хаціславяне” вызначаліся самабытнасцю і традыцыйнасцю, напеўнасцю народных песень, а таксама весялосцю і заліхвацкасцю побытавых танцаў. Па­слухаць выступленне калектыву сабралася шмат прыхільнікаў і аднадумцаў.
Не прапусцілі хаціслаўскія артысты і абласное свята фальклорнага мастацтва “Таночак”, што праходзіла ў в. Бездзеж Драгічынскага раёна. На этнаграфічным падворку “Каля плэса” па­казвалі сваё майстэрства 9 лепшых фальклорных калектываў Брэстчыны, у тым ліку і ўзорны дзіцячы клуб аматараў фальклору “Вясковая табала” Хаціслаўскага сельскага Дома культуры пад кіраўніцтвам Галіны Хомік. Самадзейныя артысты бліскуча праявілі сябе ў 5 намінацыях: народная песня, танец, найгрыш, байка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Арыгінальная падача фальклорнага матэрыялу, цікавы змест, артыстызм і сцэнічная культура – вось чым захаплялі ўдзельнікі клуба. Рэспубліканскае журы высока ацаніла іх выступленне. Дыпломам І ступені адзначаны гурт у асноўных намінацыях конкурсу: песня і танец. Асаблівы інтарэс выклікаў песенны карагод “На Юр’еву росу”.
Спецыяльны дыплом уру­чаны за папулярызацыю самабытных мясцовых найгрышаў. Адзначаны і асобныя выканаўцы. Дыпломам ІІІ ступені ўзна­гароджаны ўдзельнік калектыву Арцём Кірычук у намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” (пляценне з саломы). Таксама дыплом ІІІ ступені атрымаў удзельнік калектыву Цімафей Палуян у намінацыі “Вусная творчасць” за выкананне байкі на мясцовы лад “Шануй старога”. Яшчэ больш запамінальным і яркім зра­біла выступленне вядомая фалькларыстка нашага раёна Сцепаніда Сцепанюк, якая выканала старадаўнюю жніўную песню.
У рамках свята ўпершыню адбыўся дэфіле-паказ аўтэнтычных і адноўленых народных касцюмаў “Модны стыль – народны тэкстыль”.
Прадстаўнікі з розных рэгіёнаў Брэстчыны імкнуліся прадэманстраваць народныя строі сваёй мясцовасці ў сцэнічных паказах, фрагментах абрадаў, фальклорных дзействах. Разам з “Вясковай табалой” удзел у дэфіле прынялі і дзяўчаты з раённага Цэнтра народнай творчасці. Яны прадэманстравалі сты­лізаваныя касцюмы Маларыцкага строю, вырабленыя рукамі дырэктара Цэнтра Валянціны Струнец, і былі ўзнагароджаны Граматай аргкамітэта.
Свята закончылася этнадыскатэкай “Час вяртання”. А задаволеныя артысты прыехалі дамоў з незабыўнымі ўражаннямі, новымі ідэямі і творчымі задумкамі.
Наталля ГАЛАВІЙ, дырэктар раённага Цэнтра культуры.

НА ЗДЫМКУ: у час выступлення хаціслаўскіх артыстаў на свяце фальклорнага мастацтва.

Опубликовано ГЧ № 43 от 7.06.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий