На шляху да сваёй мары

У IV адкрытым конкурсе маладых выканаўцаў “Мая Мара — 2017”, які праходзіў у Мінску, прынялі ўдзел і спевакі з Маларытчыны – выхаванцы вакальнай студыі “Мusik boom”, кіруе якой Вікторыя Ляўчук. Дзевяць юных выканаўцаў з нашага раёна прадэманстравалі сваю творчасць кампетэнтнаму журы. Арганізатары конкурсу — музычны адукацыйны цэнтр “Эстрадная школа талентаў” пры падтрымцы грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз музычных дзеячаў” і Міжнародны дабрачынны фонд дапамогі дзецям “Шанц”.
Юныя эстрадныя таленты Маларытчыны вярнуліся дамоў з узнагародамі. Званне лаўрэата ІІ ступені заслужыла пяцігадовая Яраслава Пракапеня, лаў­рэатамі ІІІ ступені сталі Арсеній Галоўчык і Анастасія Алесік. Дыплом першай ступені заваявала Алена Саўчук. Дыпламантамі ІІІ ступені сталі Вераніка Коцелева, Ніка Наўрось і Лізавета Бурда. Дыпломы за творчы пошук атрымалі Багдана Антуф’ева і Яна Філановіч.
У юных вакалістаў збылася мара пабываць на вялікай сцэне. Многім конкурс падарыў радасць першых перамог. Юныя таленты змаглі пакарыць журы, у складзе якога былі вядучыя педагогі і прафесіяналы сваёй справы. Гэта быў шанц праявіць сябе і паглядзець на іншых, бо ўдзел у конкурсе прымалі вакалісты з розных гарадоў Беларусі. Віншуем спевакоў з вакальнай студыі “Мusik boom” і іх таленавітага кіраўніка Вікторыю Ляўчук з поспехам і жадаем новых перамог!
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: лаўрэаты і дыпламанты конкурсу “Мая Мара” Арсеній Галоўчык, Ніка Наўрось, Яраслава Пракапеня, Вераніка Коцелева і Алена Саўчук.
Фота Вікторыі Ляўчук.

Опубликовано ГЧ № 43 от 7.06.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.