ТАК РАСПАРАДЗІЎСЯ ЛЁС…

Сёлета ў студзені наш раён адзначыў 70-годдзе з дня ўтварэння. Адзін з тых, хто ўнёс немалы ўклад у яго развіццё, заваёўваў славу Маларытчыны, — Леанід Іванавіч Ляонаў, былы старшыня калгаса “Запаветы Леніна”, які нядаўна адзначыў 80-годдзе з дня нараджэння.
Амаль 50 гадоў Леанід Іванавіч узначальваў хаціслаўскую гаспадарку, таму не дзіўна, што тут, у Хаціславе, куды ён прыехаў маладым і дзе жыве і сёння, гэтага чалавека добра ведае кожны: ад старога да малога.
…Ідучы да Ляонавых, хвалявалася, бо не ведала, ці атрымаецца шчырая размова. Але, калі пераступіла парог дома, павітаўшыся з гаспадарамі яго і пазнаёміўшыся, зразумела: тут жывуць простыя гасцінныя людзі. Усціння Фёдараўна і Леанід Іванавіч ветліва прапанавалі прайсці ў дом, запрасілі разам з імі паабедаць. А тут і завязалася наша размова.
Нарадзіўся Леанід Іванавіч Ляонаў на Смаленшчыне. Юнака заўсёды цікавіла сялянская праца. Ён неабыякавым быў да таго, як бацькі апрацоўваюць поле, як сеюць. Вучыўся ў іх гэтаму. Пасля заканчэння 10 класаў хлопец са Смаленшчыны паступае ў Віцебскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Атрымаўшы дыплом, па размеркаванні едзе ў Брэсцкую воб­ласць, а адтуль — на Маларытчыну.
— Хацелася пабываць на поўдні Беларусі, — прызнаецца Леанід Іванавіч, – пазнаёміцца з новымі людзьмі, праявіць сябе ў ролі спецыяліста. Спачатку працаваў у райсельгасаддзеле райвыканкама, а потым памочнікам начальніка палітаддзела па камсамолу. Работа падабалася, таму я працаваў з асаблівым стараннем. Праз некаторы час паступіла заманлівая прапанова паехаць на вучобу ў Ціміразеўскую сельскагаспадарчую акадэмію г. Масквы. Вучыцца ў такой прэстыжнай установе можна было толькі марыць, і я, вядома ж, згадзіўся. Але ўсё склалася інакш.
Якраз у гэты час,  у 1953 годзе,  праходзілі выбары кіраўнікоў калгасаў “Запаветы Леніна” ў Хаціславе і “8 Сакавіка” ў Мельніках. У другім кіраўніка выбралі хутка, а вось у Хаціславе вырашыць гэтае пытанне было не так проста. Вяскоўцы прапанавалі на пасаду старшыні кандыдатуру Усцінні Фёдараўны Саўчук, а тая адмовілася.
— Па-першае, я была яшчэ вельмі маладая, — расказвае Усціння Фёдараўна, — па-другое, вельмі страшна было браць на сябе такую вялікую адказнасць, хаця і людзі запэўнівалі, што будуць дапамагаць мне,  і ў мяне ўсё атрымаецца. Была і трэцяя прычына, з-за якой я адмовілася. У калгасе тады працавалі за працадні, а ў сельсавеце, старшынёю якога я была, зарплату атрымоўвалі грашыма, таму можна было хоць крыху палепшыць становішча сям’і.
Між  іншым, Усціння Фёдараўна нарадзілася ў в. Хаціслаў. Таксама бачыла жахі вайны, пра якія расказвае не без слёз на вачах. Менавіта вайна і прымусіла яе хутка пасталець. Сям’я жыла бедна, без бацькі, а Усціння была старэйшая з дзяцей. Яна разумела, што трэба дапамагаць матулі, і таму, нягледзячы на свой юны ўзрост, пайшла працаваць. Спачатку была сакратаром у сельсавеце, а потым – старшынёю яго.
— Я любіла працаваць з людзьмі, — успамінае Усціння Фёдараўна. — Калі магла, дапамагала ім, а калі не атрымлівалася дапамагчы, суцяшала добрым шчырым словам.
За гэта яе, напэўна, вяскоўцы і паважалі, таму і хацелі, каб Усціння Фёдараўна стала кіраўніком іх калгаса.
Пытанне наконт кіраўніка калгаса нейкі час заставалася адкрытым. Яго пачалі вырашаць у Маларыцкім райкаме. І, падумаўшы, знайшлі дастойную кандыдатуру на пасаду старшыні — Леаніда Іванавіча Ляонава.
— Для мяне гэта было вялікай нечаканасцю, — прызнаецца Леанід Іванавіч. – Ужо збіраўся на вучобу ў Маскву, але сакратар Маларыцкага райкама запрасіў да сябе і сказаў, што я нікуды не паеду, таму што мяне накіроўваюць у хаціслаўскі калгас. З начальствам спрачацца не прывык, таму адразу згадзіўся.
— На наступны дзень у Хаціславе адбыўся справаздачна-выбарчы сход. На ім было прынята рашэнне аб’яднаць Мельніцкі і Хаціслаўскі калгасы ў адзін – “Запаветы Леніна”, і Леанід Іванавіч узначаліў яго.
Сход закончыўся. Усе раз’ехаліся,  а Леанід Іванавіч застаўся. Усціння Фёдараўна як кіраўнік сельвыканкама павінна была забяспечыць новага старшыню калгаса жыллём. Яна прапанавала яму пакватараваць часова ў іх дома, а на наступны дзень паабяцала знайсці іншае жыллё. Леаніду Іванавічу спадабалася простая сялянская сям’я Усцінні Фёдараўны і ён застаўся ў іх кватараваць. Кожны дзень яны сустракаліся, гутарылі, хадзілі разам на працу і так непрыкметна для сябе пакахалі адзін аднаго.
— Вы лічыце, што так распарадзіўся лёс.
— (Смяюцца). Менавіта ён. Калі б наканавана было інакш, то я, магчыма, паехаў бы ў Маскву, і хто ведае, што было б далей, — гаворыць Леанід Іванавіч.
— А я ніколі не ведала б такога цудоўнага чалавека, як Леанід, — прызнаецца Усціння Фёдараўна.
Так і стварылася сям’я Ляонавых, аснова якой – добрыя і духоўна багатыя людзі.
Ляонавы маюць траіх дзяцей: старэйшая, Таццяна, закончыла геаграфічны факультэт Брэсцкага педінстытута і са сваёй сям’ёй жыве ў Брэсце. Сярэдні сын, Леанід, таксама жыве ў Брэсце. Ён закончыў эканамічны факультэт і цяпер кандыдат навук. Меншы сын, Вадзім, пайшоў па бацькавых слядах і закончыў сельскагаспадарчую ВНУ,  жыве ў Маларыце.
— Уся сям’я збіраецца разам вельмі рэдка, — адзначае Усціння Фёдараўна. – Часцей зносімся па тэлефоне. Але нам і тое прыемна, што нашы дзеці ні на дзень не пакідаюць нас без сваёй увагі. А гэта ой як важна ў старасці.
Усціння Фёдараўна да выхаду на пенсію доўгі час працавала начальнікам аддзялення сувязі. Леанід Іванавіч аддаў калгасу 48 гадоў. Дзякуючы яму, гаспадарка стала адной з найлепшых у раёне.
Ляонавы за сваю самаадданую і добрасумленную працу ўдастоены шматлікіх падзяк і ўзнагарод. Усціння Фёдараўна мае ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, а ў Леаніда Іванавіча тры ордэны: Знак Пашаны, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Леніна, шмат медалёў. Ён заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР.
Ляонавы па-ранейшаму вядуць хатнюю гаспадарку, па-ранейшаму любяць сялянскую працу. Маюць 6 унукаў і праўнука. І вераць у лёс. Дык няхай ён будзе міласцівым да гэтых шчырых і добрых людзей.
Аксана ШЫРМА, вучаніца Хаціслаўскай сярэдняй школы.
НА ЗДЫМКУ: Леанід Іванавіч і Усціння Фёдараўна ЛЯОНАВЫ.
Фота з сямейнага альбома.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


mazda.niko.ua

best-cooler.reviews

http://101binaryoptions.com