Проза жыцця ў вершах

Мікалай Губей – самабытны мясцовы паэт. Ён родам з в. Ляхаўцы, але ўжо больш за 30 гадоў жыве ў в.Хаціслаў. Мікалай Вікенцьевіч піша вершы з дзяцінства. Аднак першыя свае творы, вартыя ўвагі, пачаў пісаць яшчэ ў 16-гадовым узросце. Цяпер ім напісана шмат вершаў на розныя тэмы. У аддзеле бібліятэчнага маркетынгу (загадчыца Галіна Кучына) Маларыцкай раённай бібліятэкі ўжо выдадзена 7 зборнікаў вершаў паэта на рускай мове: “Палёт душы” (2011), “Вытокі жыцця” (2012), “У пошуках ісціны” (2013), “Развагі пра вечнае” (2014), “На парозе Вечнасці” (2014), “Загадкі лёсу” (2015), “Кантрасты жыцця”. Апошні зборнік убачыў свет у маі гэтага года.

Творы Мікалая Губея любяць чытаць. Пра гэта сведчыць той факт, што пошукавая сістэма “Яндэкс” на запыт “Губей Мікалай Вікенцьевіч” выдае 103 мільёны вынікаў. Імя паэта з Маларытчыны шырока вядома на інтэрнэт-прасторы. Творы Мікалая Вікенцьевіча можна знайсці і пачытаць на такіх сайтах спецыялізаваных анлайн-бібліятэк, як, напрыклад, “LibMir”, “Ридли”, “RuLit”, “Либрусек”, “Maxima Library”, “KnigoGid”, “Vivliophica”, “Avid Readers”, “Іtexts” і інш. Акрамя таго, вершы Мікалая Губея друкуюцца на старонках літаратурна-мастацкага аб’яднання “Над рэчанькай Рытай”, што працуе пры раённай газеце “”, а таксама ў абласным і рэспубліканскім друку.
-Мікалай Вікенцьевіч, як нараджаюцца вершы?
-Напэўна, ад пачуццяў, што ўзнікаюць у сэрцы. Пісаць вершы я нідзе не вучыўся. Больш за 30 гадоў працаваў мастаком-афарміцелем у калгасе “Запаветы Леніна”, на грамадскіх пачатках яшчэ быў трэнерам мясцовай футбольнай каманды.
Раней не было часу сур’ёзна заняцца літа­ра­турнай дзейнасцю, але з выхадам на заслужаны адпачынак ён з’явіўся. Штуршком стала і тое, што захацелася пакінуць памяць пра сябе ўнучкам. Станоўчы ўплыў і ўздзеянне на мяне аказала таксама паэзія Аляксандра Пушкіна, Міхаіла Лермантава, Уладзіміра Высоцкага, Сяргея Ясеніна. Зачытваюся творамі гэтых аўтараў і сёння, захапляюся іх творчасцю, вытанчанасцю і дакладнасцю радка. Захацелася і сабе паспрабаваць “па-майстэрску” пісаць вершы. У рэшце рэшт, усё гэтае, узятае разам, і стала, напэўна, прычынаю таго, што я ўзяўся за пяро.
Пішу так, як бачу, як адчуваю навакольны свет. Я ніколі не ведаю, якім будзе мой першы радок ці другі, як не ведаю, якімі словамі закончыцца верш. Аднаму Богу вядома, як гэта адбываецца. Пішу адразу, бо радкі неяк самі кладуцца і рыфмуюцца. Перачытваючы, амаль нічога не папраўляю. Бывае ў творчасці і прадуктыўны перыяд, бываюць і творчыя прастоі. Кожны верш як роднае дзіця: дарагое і блізкае, таму і любімае.
Калі ў сэрца стукаюцца вершы і лёгка кладуцца на паперу — гэта для мяне неймавернае шчасце, радасць, якую нельга ні з чым параўнаць! Натхненне для творчасці дае навакольны свет, родны край, прыемныя навіны, сустрэчы з добрымі людзьмі.
У апошнім зборніку Міка­лая Губея “Кантрасты жыцця” пераважаюць філасофская і рэлігійная тэмы. Выданне складаецца з 44 вершаў, якія напісаны ў перыяд з ліпеня 2010г. па красавік 2017г. і ў ранейшых зборніках аўтара не друкаваліся.
— Рэлігійная тэма ў апош­нім зборніку не выпадковая, — кажа Мікалай Губей. – Цяпер мала выходжу з дому. Ды і жыццё, на якое выпала нялёгкая доля, набліжаецца да вечнасці. Любы чалавек, аглядваючыся на пражытае-перажытае, думае і пра тое, што яму наканавана Богам на тым свеце. У маіх вершах – проза жыцця, яе будзённасць, паўсядзённасць.
Вершы Мікалая Губея напісаны проста, але шчыра, таму яны не могуць не крануць сэрца чытача, заклікаюць да роздуму над пытаннямі быцця, да разваг над сэнсам жыцця. Асаблівасць вершаў паэта, напэўна, у тым, што ён не толькі спрабуе перадаць свой унутраны свет, перажыванні, думкі, пачуцці, а раскрывае свой светапогляд. Магчыма, камусьці вершы Мікалая Вікенцьевіча нават дапамогуць пагля­дзець на жыццё па-новаму, па-іншаму, і змяніцца ў лепшы бок. Вершаваныя творы Мікая Губея дазваляюць задумацца над вечнымі пытаннямі, дапамагаюць усвядоміць сябе ў гэтым свеце, знайсці сваю сцежку. Паэт скіроўвае ўвагу чытача на тое, што ён, магчыма, раней не заўважаў, фарміруе светапогляд.
Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: Мікалай Губей, аўтар сямі зборнікаў, выдадзеных у раённай бібліятэцы.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 44 от 10.06.17 г.

Добавить комментарий


www.salon-svadebny.com.ua/

webterra.com.ua/prodvijenie-sajta/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!