Жаўрук-смяцюх “загняздуецца” на Савецкай

Пазналі будынак на фотаздымку? Менавіта так у хуткім часе будзе выглядаць фасад “былой гасцініцы” на вуліцы Савецкай. Графіці з птушкай 2017 года — жаўруком-смецюхом – стане яркім арт-аб’ектам Маларыты, дзякуючы ініцыятыве грамадскай ар­­га­нізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.
Грамадскае аб’яднанне “Ахова птушак Бацькаўшчыны” ўжо шмат гадоў праводзіць акцыю “Птушка года”. У студзені мінулага года галасаваннем птушкай года-2017 быў абраны жаўрук-смяцюх. Птушка-сімвал з’явілася на марках, паштоўках, канвертах, а цяпер выява яе ўпрыгожыць наш горад. Зразумела, каб “загнездаваць” жаўрука-смецюха на будынку, патрэбны немалыя сродкі (650 беларускіх рублёў). Трэба закупіць матэрыялы (фарбы, балоны, насадкі, пэндзлі, валікі), аплаціць арэнду пад’ёмніка ці будаўнічых рыштаванняў і страховачнага інвентару. На краудфандынгавай платформе “Талака” адкрыты збор сродкаў на рэалізацыю гэтай кампаніі. Людзі актыўна падтрымалі цікавы праект, дзякуючы чаму палова ад патрэбнай сумы была сабрана ўжо ў першыя дні пасля яго старту. Мастаком, які будзе ажыццяўляць задуму ў жыццё, абраны Алесь Kontra. Яго таленавітыя графіці на прыродную тэматыку ўпрыгожылі фасады многіх будынкаў у Мінску.
— Птушынае графіці ад АПБ — не толькі эстэтычнае ўпрыгожванне. Гэта добры сродак прыцягнуць увагу насельніцтва да прыгажосці прыроды Беларусі, да яе раз­настайнасці і выключнасці, — адзначае каардынатар кампаніі ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Карына Салавей. – У Беларусі ўжо ёсць графіці з птушкамі і іх вельмі палюбілі людзі: зімародкі ў Валожыне, гогаль, вушастая сава і сіпуха ў Мінску.
Чаму менавіта невялікая Маларыта атрымае такі падарунак ад АПБ? Больш усяго чырванакніжных жаўрукоў-смецюхоў жыве на Палессі. Вельмі любіць гэтая птушка і Маларытчыну. Круглы год у горадзе і паблізу заўважаюць птушку-сімвал года. Некалькі пар жаўрукоў-смецюхоў нават гняздуюцца ў Маларыце. Больш таго, родам з райцэнтра вядомы беларускі арнітолаг Дзяніс Кіцель. Ён сам загарэўся ідэяй графіці гэтай птушкі ў родным горадзе і захапіў ёй арганізатараў праекта.
Размяшчэнне графіці ўжо ўзгод­нена з Маларыцкім райвыканка­мам. Мастак прымецца за работу, як толькі вырашацца ўсе арганізацыйныя пытанні.
Думаецца, прыгожае графіці з жаўруком-смецюхом прыжывецца ў Маларыце і зробіць горад больш каларытным, сучасным і прывабным для яго жыхароў і гасцей. І яшчэ раз нагадае людзям, што побач з намі жывуць чароўнай прыгажосці жывыя істоты, і наш абавязак — захаваць іх, а не наносіць ім шкоду.
Дар’я ПАЎЛЯНКОВА.
На здымку: макет графіці з жаўруком-смецюхом.

Опубликовано Гч № 45 от 14.06.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.viagraon.com

kamod.net.ua

свадебные салоны киев