Вітрына – для Маларыцкага строю адзення

У выставачнай зале “Так жылі бабулі, так жылі дзядулі” Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці нядаўна з’явілася новая вялікая вітрына. У ёй цяпер размяшчаюцца 8 жаночых касцюмаў Маларыцкага строю адзення, якія набыты ў час экспедыцый у вёскі Замшаны, Збураж, Радзеж, Мельнікі, Ляхаўцы, Дарапеевічы, Багуслаўка, і адзін мужчынскі касцюм з в.Збураж, а таксама розныя сельскагаспадарчыя прылады працы, якімі ў штодзённым побыце карысталіся нашы продкі.
— Неабходнасць у такой вітрыне ўзнікла даўно, — тлумачыць Валян­ціна Струнец, дырэктар установы. — У выставачнай зале цяпер знаходзіцца трое кроснаў, за якімі нашы спецыялісты штодзень працуюць. Пры трэнні нітак падчас ткацтва ўтвараецца пыл, які асядае на экспанатах. З цягам часу ён у вялікай колькасці збіраецца на касцюмах строю і паступова іх псуе. З мэтаю захавання таго, што было выткана сто гадоў таму і больш, і ўстаноўлена вітрына.
-Валянціна Мікалаеўна, за чый кошт яна набыта?
-У канцы красавіка гэтага года наш Маларыцкі раённы цэнтр народнай творчасці ДУК “Маларыцкі раённы цэнтр культуры” за дасягнутыя высокія паказчыкі ў сацыяльна-эканамічным развіцці па выніках работы за 2016 год быў занесены на дошку Гонару Брэсцкай вобласці, узнагароджаны Ганаровым дыпломам і грашовай прэміяй. Якраз на гэтыя сродкі і набыта вітрына.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Валянціна Струнец ля новай вітрыны ў раённым цэнтры народнай творчасці.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 45 от 14.06.17г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.