Жыватворны дар

“Я кроў табе дару, хоць цябе не ведаю, але ты ў бядзе – і я табе здароўе вяртаю,” – няцяжка зразумець, што гэтыя радкі прысвячаюцца людзям з вялікім і шчодрым сэрцам – донарам. У перакладзе з лацінскага “донар” – значыць “дарыльшчык”. Штогод дар здаровых людзей дзеля выратавання хворых у свеце дасягае 50 мільёнаў літраў крыві. Кожнаму трэцяму жыхару планеты хоць раз у жыцці неабходна пераліванне крыві і яе кампанентаў. І Беларусь — не выключэнне.

Запатрабаванасць у працэдуры ўзрастае на 2-3 працэнты кожны год, паралельна з павелічэннем колькасці высокатэхналагічных аперацый. Напрыклад, пры правядзенні хіміятэрапіі аднаму анкагематалагічнаму хвораму патрабуецца канцэнтрат трамбацытаў, які атрыманы з крыві 35 донараў. Замяніць кроў нельга нічым. Гэтую жыва­творную субстанцыю немагчыма купіць, дастаць ці знайсці. Можна толькі аддаць і атрымаць. Нягле­дзячы на тое, што ў нашай краіне кровадача гарантуе матэрыяльнае заахвочанне, у маральным аспекце яна не мае кошту.
Стаць донарам могуць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў, якія маюць прапіску ці рэгістрацыю не менш за 6 месяцаў у рэгіёне абслугоўвання. Пры сабе донару трэба мець пашпарт, ваенны білет, даведку аб стане здароўя з паліклінікі па месцы пражывання за ўвесь перыяд жыцця (агляды тэрапеўта, жанчынам – гінеколага, звесткі аб прышчэпках, флюарограф і аналіз мачы – 1 раз у год). А таксама фотаздымак на дакумент.
За двое сутак да кровадачы забаронена ўжываць любы алкаголь, з ранку ў дзень здачы крыві не курыць. Вечарам і ранкам не есці тлустую, малочную, смажаную, вэнджаную ежу. Трэба ўключыць у свой рацыён больш вадкасці (салодкі чай, сокі, вада), гародніну, садавіну, посныя кашы, нятлустае адварное мяса, рыбу.
Бязвыплатная дача крыві – гэта самы каштоўны падарунак, які вы можаце атрымаць самі ці зрабіць яго сваім блізкім і нават незнаёмым людзям. Чалавек становіцца багатым не тады, калі бярэ, а калі аддае сам. Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб донарстве крыві і яе кампанентаў” донару, які здае кроў бязвыплатна, прадугледжаны шэраг гарантый. Гэта вызваленне ад працы ў дзень здачы крыві з захаваннем сярэдняга заробку за кошт арганізацый пералівання крыві, дадатковы апла­чваемы дзень адпачынку пасля кожнага дня здачы, які можа быць далучаны да водпуску ці выкарыстаны ў іншы час. Калі чалавек здаваў кроў у час працоўнага водпуску, дзяржаўнага свята, у выхадны дзень ці пасля працоўнага дня, яму прадастаўляецца неаплочваемы дзень адпачынку. Перад здачай крыві чалавек атрымлівае бясплатнае харчаванне. Таксама донару ў 100-працэнтным памеры з першага дня хваробы аплачваецца бальнічны ліст, калі на працягу 12 месяцаў, якія папярэднічаюць дню надыходу часовай непрацаздольнасці, у мужчын было не менш, чым чатыры кровадачы, а у жанчын — не менш, чым тры. Пры наяўнасці не менш за 40 кровадач (плазмы, трамбацытаў – не менш чым 80) грамадзяне ўшаноўваюцца нагрудным знакам адзнакі Міністэрства аховы здароўя “Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь”.
Быць бязвыплатным донарам – значыць быць карысным грамадству і самому сабе! За больш падрабязнай інфармацыяй вы можаце звяртацца па тэлефонах: 8 (0162) 414926, 8 (0162) 977337, 8 (029) 2228070.
Марыя ЖУК,
урач-трансфузіёлаг.

Опубликовано ГЧ № 45 от 14.06. 17г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


ремонт газового оборудования

chemtest.com.ua

http://farm-pump-ua.com