Пра вайну — не з першых вуснаў

Усё менш і менш становіцца сярод нас жывых сведкаў той далёкай і страшнай Вялікай Айчыннай вайны, а значыць, усё менш і менш застаецца магчымасцей ведаць пра вайну з першых вуснаў. Дык што мы, пасляваеннае пакаленне, ведаем пра яе?

Вітольд Пяткевіч, старшыня Олтушскага сельвы-канкама:
-Безумоўна, наша пакаленне вайну не бачыла, але так шмат мы чулі і чыталі пра Вялікую Айчынную. І не толькі з расказаў непасрэдных удзельнікаў вайны, жывых сведкаў яе.Пра выпрабаванні, што выпалі на долю савецкага народа, а гэта значыць і беларускага, шмат пісалі ў школьных падручніках, у мастацкай літаратуры. Шмат якія фільмы можна было глядзець на гэтую тэму. Іх, між іншым, з цікавасцю глядзіш і цяпер. Успамінаюцца ”Маладая гвардыя”, “Жывыя і мёртвыя”, “Лёс чалавека”, “Сын палка”, “А досвіткі тут ціхія”, “У бой ідуць адны “старыя”, “Штрафбат”, “Снайпер”, “Альпійская балада” і многія іншыя. Гэтыя фільмы расказвалі пра падзеі Вялікай Айчыннай, пра мужнасць і гераізм, якія праяўлялі нашы людзі, пра патрыятызм, пра моцную сілу духу, дзякуючы чаму наш народ і змог перамагчы.
На тэрыторыі нашага Олтушскага сельсавета ёсць 17 помнікаў, што былі ўстаноўлены ў гонар тых, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. А гэта гаворыць пра многае.
Ужо ў першы дзень вайны, 22 чэрвеня 1941 года, мужна змагаліся з ворагам воіны 75-й стралковай дывізіі. І калі немцы з’явіліся з боку Олтуша, тут, ля Мелавой гары, дзе цяпер устаноўлены абеліск, агнём іх сустрэлі воіны 235-га гаўбічнага артылерыйскага палка. Яны аказалі дастойнае супраціўленне ворагу, хаця панеслі і вялікія страты.
Жывых сведкаў вайны на тэ­рыторыі сельсавета, можна сказаць, ужо толькі адзінкі. У іх ліку і Дзмітрый Яўстаф’евіч Кацёл. Мы многім абавязаны гэтаму чалавеку, які і сёння паказвае прыклад моцнай сілу духу, адданасці роднай зямлі, сваёй малой радзіме, якую некалі адстаяў у ворага. Таму яшчэ і яшчэ раз хочацца сказаць яму шчыры дзякуй і пажадаць моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.

Надзея
Крэнь, жыхарка вёскі Ланская:
-Я — з пакален­ня 60-ых. Але вайна ўвесь час напамінала пра сябе і ў нашай сям’і: быў цяжка паранены і вярнуўся дамоў інвалідам мой бацька Фёдар Дзмітрыевіч Алесік, а тры яго браты — Фядос, Антон і Мікалай — наогул не вярнуліся з фронту. Пра іх напісана ў кнізе ”Памяць”. Дзядзька Фядос быў старэйшым сярод пяцярых братоў, ён першым і пайшоў служыць у Чырвоную Армію ў 1938 годзе. Там яго застала і крывавая савецка-фінская вайна, а потым — і Вялікая Айчынная. Доўгі час не было ад дзядзькі пісьмаў. Таму ніхто не спадзяваўся на тое, што ён жывы. А аднойчы прыйшло пісьмо ад ленінградскіх школьнікаў, якія і паведамілі, што Фядос Дзмітрыевіч Алесік пахаваны ў брацкай магіле. А дзядзька Антон, які ішоў на фронт ужо жанатым, ваяваў ва Усходняй Прусіі. У студзені 1945 года ад яго прыйшло апошняе пісьмо. А хутка па пошце даслалі сумнае паведамленне, што Антон Дзмітрыевіч Алесік у адным з баёў 2 лютага 1945 года загінуў і пахаваны непадалёк ад горада Ландэберг.
Прайшоў тыдзень — і зноў гора: бабуля атрымала пахавальны ліст на малодшага сына, Мікалая. Ваяваў і яшчэ адзін мой дзядзька, Аляксей. Але яму, як і майму тату, пашанцавала больш: яны дамоў вярнуліся жывымі.
Бабуля пражыла больш за 80 гадоў, і ніколі не пакідала яе горыч аб сынах, якія загінулі на вайне.

Святлана ЛЫС,
жыхарка вёскі Ланская:
-Мне 36 гадоў, пра вайну ведаю толькі па расказах, па ўспамінах яе ўдзельнікаў і відавочцаў, якіх нярэдка запрашалі ў школу, калі вучылася. Пра вайну можна было прачытаць у кнігах, паглядзець фільмы. І кожны раз, калі чытаў ці глядзеў ваенныя эпізоды, разумеў, што вайна — гэта страшна, вайна — гэта гора, вайна — гэта смерць. Бабуля, маміна маці, расказвала, што яе брат ваяваў і дамоў з вайны не вярнуўся, як і многія тады аднавяскоўцы.

Віктар Багнюк, жыхар вёскі Велікарыта:
-Каб ведаць пра вайну і зра­зумець, з-за чаго яна ўсё ж развязваецца, прачытаў шмат літаратуры. Не скажу, што ўся­­му напісанаму верыў, але мно­гае давала адказы на пытанні, якія даўно хвалявалі. Як вядома з многіх крыніц, першымі прынялі на сябе ўдар воіны 75-й стралковай дывізіі, якая з мая 1941 года была перакінута да дзяржаўнай граніцы,заняла пазіцыі на поўдзень ад Брэсцкага ўмацаванага раё­на (Тамашоўка-Страдзеч). Часці дывізіі размясціліся ў лагерах на ўсходнім беразе Заходняга Буга, на тэрыторыі Маларыцкага і Дамачаўскага (цяпер Брэсцкага) раёнаў.
Камандаванне дывізіі дакладвала кіраўніцтву корпуса і арміі пра частыя парушэнні нямецкімі самалётамі нашых па­ветраных граніц, звяртала ўвагу на арга­нізацыю супрацьпаветранай абароны, будаўніцтва па­лявога аэрадрома ў раёне вёскі Збураж, узмацненне інтэн­сіўнасці баявой падрыхтоўкі падраздзяленняў. Вучэнні, стрэль­­бы, зборы асабовага саставу праводзіліся да апошняга мірнага дня.
Аднак да пачатку варожага на­падзення поўнасцю завяршыць увесь комплекс работ не ўдалося, для гэтага не было ні часу, ні сродкаў. Вялікія ўчасткі мясцовасці заставаліся адкрытымі ці прыкрываліся лёгкімі палявымі ўмацаваннямі, якія не маглі забяспечыць устойлівую абарону, асабліва ў супрацьтанкавых адносінах. Акрамя таго, раптоўнасць нападзення, запозненае ўвядзенне планаў прыкрыцця дзяржаўнай граніцы, несвоечасовае прывя­дз­енне часцей у поўную бая­вую гатоўнасць — усё гэта, безумоўна, мела адмоўныя вынікі і аказала вельмі неспрыяльны ўплыў на ход баявых дзеянняў дывізіі, абярнулася цяжкімі і непапраўнымі стратамі.
Апытанне праводзіла
Ірына КАСЦЕВІЧ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 47 от 21.06.17г.

Добавить комментарий


profshina.kiev.ua

www.maxformer.com/lebedki

Узнайте про полезный интернет-сайт , он рассказывает про Велосипед Fuji https://velomarket.org.ua/category/velosipedy-fuji/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!