Усе фарбы жыцця – для людзей

“Можна па-рознаму жыць: у горы, надзеі і радасці. А можна і так – не чакаючы цуда, рукой прамень сонца дастаць і падарыць яго людзям”, — такімі вершаванымі радкамі распачала свой даклад старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” Людміла Бурштын на справаздачна-выбарным сходзе раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання. У гэтых словах, на яе думку, галоўнае прызначэнне  Беларускага фонду міру – дапамагаць людзям, якім патрэбна падтрымка, быць уважлівымі да дзяцей, інвалідаў, пажылых, ветэранаў і іншых катэгорый грамадзян, чыё жыццё стане хоць на кроплю шчаслівейшым, калі падаць ім руку ў цяжкай сітуацыі.

За апошні год раённае аб’яднанне заявіла аб сабе не толькі на Маларытчыне, але і ў вобласці, рэспубліцы. Многія акцыі і мерапрыемствы, якія ініцыіравала яно, сталі ўзорам для іншых арганізацый ГА “Беларускі фонд міру”. Як, напрыклад, штогадовае ўшанаванне падарункамі залатых меда­лістаў у час раённага выпускнога балю, шырокае і разнастайнае святкаванне “Тыдня міру”. Летась у час яго прайшлі конкурс плакатаў, віншаванне маладых, якія заключылі шлюб у гэты перыяд, ушанаванне імяніннікаў, якія нарадзіліся ў Дзень міру, наведванне з падарункамі тых, хто бывае ў крызісным пакоі. У цэлым, як расказала старшыня раённай арганізацыі, у месяц праводзіцца 2-3 мерапрыемствы з удзелам Беларускага фонду міру. Гэты год раённая арганізацыя распачала віншаваннем бацькоў, дзеці якіх нарадзіліся ў першы дзень года, акцыяй “Ад сэрца да сэрца”. У якасці спонсара “Беларускі фонд міру” выступаў на конкурсе “Настаўнік года”, у рэспубліканскай акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі”, у час наведвання дзіцячых садкоў, на раённым свяце, прысвечаным Міжнароднаму дню абароны дзяцей, і многіх іншых мерапрыемствах, арганізаваных сумесна з грамадскімі аб’яднаннямі Маларытчыны. Як адзінае цэлае працуе раённы фонд міру разам з ГА “Белая Русь”, “БРСМ”, “Беларускі саюз жанчын”, раённай ветэранскай арганізацыяй, раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, благачыннем цэркваў Маларыцкай акругі, аддзелам загса, гарадскім Домам культуры, тэрытарыяльным Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Пацвярджэннем гэтаму ста­лі выступленні на сходзе Уладзіміра Бойкі, старшыні раённай ветэранскай арга­нізацыі, Таццяны Сацюк, спецыяліста Маларыцкага ТЦСАН, Наталлі Камянчук, начальніка аддзела загса, Сяргея Строка, старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў.
Для таго, каб шматлікія акцыі і мерапрыемствы прай­шлі, патрэбны грашовыя сродкі. У дабрачынных ахвяраваннях прымаюць удзел усе ўстановы адукацыі, аддзелы райвыканкама і сам раённы выканаўчы камітэт, некаторыя сельгаспрадпрыемствы раёна, большасць арганізацый горада. Ніхто не зачыніў дзверы перад “Беларускім фондам міру”, пры гэтым, штогод у дабрачынную дзейнасць уключаецца ўсё большая колькасць устаноў.
Вадзім Шпетны, намеснік старшыні райвыканкама, які прыняў удзел у сходзе, адзначыў, што пра дзейнасць раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” можна расказваць доўга, бо яна працуе на вынік, клапоціцца аб многіх катэгорыях людзей, якім патрэбны ўвага і падтрымка. Усе задачы, якія ставіць перад сабой аб’яднанне, раённая арганізацыя выконвае паспяхова і адказна. На думку Вадзіма Паўлавіча, у многім гэта заслуга энергічнай, іні­цыятыўнай Людмілы Вік­тараўны, якая хоць і не так даўно ўзначальвае раённую арганізацыю, але сапраўды на сваім месцы.
Не менш добрых слоў у адрас старшыні раённай арганізацыі і праўлення пачулі прысутныя ад стар­шы­ні праўлення Брэсцкага абласнога аддзялення ГА “Беларускі фонд міру” Лідзіі Раманюк.
— Прыемна, што ў такім невялікім раёне грамадская арганізацыя змагла так добра наладзіць работу аб’яднання. Па некаторых крытэрыях ваш раён апярэджвае нават вялікія арганізацыі Брэстчыны. Калі мы бачым сапраўдную выніковую дзейнасць, дык і знаходзім дадатковыя сродкі для аказання дапамогі.
Лідзія Мікалаеўна ўручыла ад брэсцкага абласнога аддзялення падзякі і прэміі за актыўны ўдзел у дзейнасці ГА “Беларускі фонд міру” Ліліі Хатынюк і аўтару гэтых радкоў. Старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання за плённае супрацоўніцтва аддзячыла Уладзіміру Бойку, старшыні раённай ветэранскай арганізацыі, і Таццяне Лаўрэенка, начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
На справаздачна-выбар­ным сходзе было абрана праўленне раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру”, а старшынёй яе пераабрана Людміла Бурштын.
Дар’я
ПАЎЛЯНКОВА.

На здымку: у час справаздачна-выбарнага сходу.
Фота аўтара.
Опубликовано ГЧ № 47 от 21.06.17г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!