Брыльянт і золата пачуццяў

У Хаціславе даўно прыжылася добрая традыцыя на свята Троіцы ў мясцовым Праабражэнскім храме ўсім прыходам ушаноўваць сямейныя пары, якія адзначылі важкі юбілей сумеснага жыцця. Сёлета урачыстасць звычаю віншаваць юбіляраў надало яшчэ і тое, што гэты год юбілейны для органаў загса, дзе пачыналася кожная сямейная гісторыя. Брыльянтавых юбіляраў Івана Міхайлавіча і Любоў Барысаўну Ківачукоў з Мельнік і залатых юбіляраў Васіля Піліпавіча і Вольгу Васільеўну Кацюба з Сушытніцы віншавалі і шчыра жадалі яшчэ шмат гадоў ісці па жыцці ў пары свяшчэннаслужыцель айцец Пётр, прадстаўнікі Хаціслаўскага сельвыканкама, мясцовай гаспадаркі, царкоўнага сястрынства, праваслаўнага брацтва, аднавяскоўцы.

У студзені 1957 года ў Хаціслаўскім сельскім Савеце быў пакладзены афіцыйны пачатак біяграфіі сям’і Івана і Любові Ківачукоў. Хоць гэтую працавітую сям’ю ведаюць многія вяскоўцы, тым, хто сабраўся ў храме, было цікава пачуць расказ, які падрыхтавала пра юбіляраў кіраўнік спраў Хаціслаўскага сельвыканкама Лідзія Мірчук. Лёсы Івана Міхайлавіча і Любові Барысаўны аб’яднала каханне. І яно вытрымала розныя выпрабаванні. І ён, і яна гадаваліся ў сем’ях, дзе важнымі каштоўнасцямі былі працавітасць і адказнасць. Усё жыццё працавалі, мелі вялікую хатнюю гаспадарку, пабудавалі прыгожы дом. Але самае галоўнае — выгадавалі чацвярых дзяцей, маюць 8 унукаў і 6 праўнукаў. Сярод людзей Іван Міхайлавіч і Любоў Барысаўна заўжды карысталіся павагай. Гаспадыня любіць пачаставаць гасцей смачнымі піражкамі, гаспадар – мёдам. Шэсць дзясяткаў гадоў пражылі яны ў згодзе. І з хваляваннем прымалі віншаванні са сваім брыльянтавым вяселлем. Чуць добрыя пажаданні і адчуваць увагу да сваёй сям’і юбілярам было вельмі прыемна.
Як і шмат гадоў назад, не магла стрымаць хваляванне і другая пара юбіляраў. 9 мая 1967 года была зарэгістравана сям’я Васіля Піліпавіча і Вольгі Васільеўны Кацюба. А сёлета разам з радасным святам Перамогі адзначылі яны і сваё значнае сямейнае свята – залатое вяселле. І гэтая сям’я, як адзначала, віншуючы юбіляраў, Лідзія Сямёнаўна, заўжды вызначалася сваёй працавітасцю. У гаспадарцы, дзе шчыравалі, ён і яна пакінулі след не толькі сваёй сумленнай працай, але і добрай зменай. У сельгаспрадпрыемстве цяпер працуюць сыны Сяргей і Віктар. Выхаваная з дзяцінства адказнасць да даручанай справы ўласціва гэтым братам. У Васіля Піліпавіча і Вольгі Васільеўны 6 унукаў і адна праўнучка. Гэта іх сямейны скарб, тое, што дае сілы і адчуванне шчасця.
Кветкі, падарункі, цёплыя словы… Ушанаванне юбіляраў – гэта прыемна для ўсіх. Сем’ям, якія пражылі разам шмат гадоў, такая традыцыя дае магчымасць азірнуцца ў мінулае, зноў перажыць хвалюючыя моманты. А для іншых вяскоўцаў, асабліва маладых, гэта добры прыклад таго, як варта перамагаць усе цяжкасці, не паддавацца вятрам жыцця. Бо, як вядома, толькі той сямейны карабель вытрымае любы шторм, які моцны пачуццямі, верай і з’яднанасцю.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: у час ушанавання сямей-юбіляраў.

Опубликовано ГЧ № 47 от 21.06.17г.

Добавить комментарий


http://artma.net.ua

https://renesans-centr.kiev.ua

раскрутка сайта харьков
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!