“Тут усё мне міла, бо я адсюль родам”

Ці ёсць на зямлі месца больш прыгожае, больш любімае і больш дарагое, чым малая радзіма!  Яна заўсёды з табою ў думках, яна пастаянна кліча да сябе. І што б ні здарылася, яна рада табе.  Чым больш становішся дарослым, тым лепш гэта разумееш — такія меркаванні выказвалі  і  ўдзельнікі апытання, якое правяла карэспандэнт райгазеты. 

Іна Калеснік, прадавец магазіна
в. Велікарыта:

-Хоць я нара­дзілася ў Ваў­ка­выску, амаль увесь час жыла ў Маларыце, таму менавіта гэты горад лічу сваёй маленькай радзімай. Я люблю Маларыту, заўсёды ёю захаплялася, а цяпер, калі горад так папрыгажэў, — тым больш. Калі прыезджыя пытаюцца пра нашу Маларыту, доўга магу расказваць ім пра вартасці гэтага невялікага, але вельмі ўтульнага гарадка. А іх тут шмат. Чаго варта толькі тое, што ў нас няма мноства прамысловых прадпрыемстваў, навокал — лес, а гэта значыць мы заўсёды дыхаем чыстым паветрам. Згадзіцеся, у апошнія гады ў Маларыце шмат зроблена для таго, каб кожны з нас адчуваў сябе, як дома. Яна чысценькая, тут шмат зялёных насаджэнняў, кветак, тут добразычлівыя людзі.

Мікалай Трацюк, механізатар СВК “Дарапеевічы”:

-Я адзін з тых, хто ў канцы 70-х не рвануў, як многія, у горад, а пасля службы ў арміі прыйшоў працаваць у мясцовы калгас. На той час у мяне былі пасведчанні трактарыста і вадзіцеля. Памятаю, што тады нагадвала сабою наша гаспадарка, якімі былі тэхніка, палі, фермы. Калі параўноўваць з сённяшнім, гэта неба і зямля. Пераўтваралася гаспадарка, на вачах мянялася ў лепшы бок і мая малая радзіма — вёска Дарапеевічы. І хоць яна не мае статуса аграгарадка, як большасць цэнтральных сядзіб гаспадарак, многае тут нават лепшае, чым у аграгарадках. 4-ы год мы карыстаемся прыродным газам, цяпер ужо ездзім па добрай асфальтаванай дарозе, у вёсцы практычна не ўбачыш старых дамоў, што пустуюць. На месцы іх пабудаваны і будуюць новыя. Пра поспехі нашай гаспадаркі ведаюць нават у рэспубліцы. Прычым, яна не зацыклілася на дасягнутым, а з кожным годам развіваецца ўсё больш і больш. І як жа гэтым не ганарыцца тым, хто застаўся адданым і гаспадарцы, і вёсцы!

Аляксандра Косік, маларытчанка, студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы:

-Мне ўсяго толькі 18 гадоў. Калі вучылася ў школе, як і многім, хацелася хутчэй вырвацца з бацькоўскага гнязда. Хацелася нечага большага. Хацелася схадзіць у кінатэатр, тэатр, чым абдзелены наш невялікі горад. Але калі паступіла вучыцца ў Гродна, дзе ёсць магчымасць хадзіць і ў кінатэатр, і ў тэатр, мне не хапала не гэтага, а нечага роднага, блізкага, чым напаўняецца душа толькі дома, на малой радзіме. Са светлымі пачуццямі і эмоцыямі імчалася сюды, каб пабыць са сваімі мамай, татам, брацікам, налюбавацца хараством пейзажаў ля роднага дома, нагаварыцца са школьнымі сяброўкамі, парадаваць сваім візітам бабуль і дзядуль. Гэта тое, ад чаго радуецца душа…

Кацярына
Кучко, работніца дзіцячага садка
в. Велікарыта:

-На сваёй малой радзіме, у Старым Раматове, цяпер ужо бываю не надта часта. Хаця цягне туды пастаянна. Таты і мамы, праўда, у жывых ужо няма, але застаўся бацькоўскі дом. І хоць ён пусты і з вялікім сумам заходзіш сюды, усё роўна нейкае асаблівае пачуццё напаўняе сэрца. Тут усё напамінае пра бестурботнае дзяцінства, пра родных табе людзей. Тут твае карані.
Калі бываю ў Старым Раматове, люблю прайсціся па знаёмых грыбных і ягадных месцах. Здаецца, адсюль і ягады смачнейшыя.

Мікалай
Семянюк, механізатар СВК”Дарапеевічы”:
-Нас у сям’і было 9. Трое засталіся і працуюць тут, у гаспадарцы. Пасля школы, атрымаўшы пасведчанне вадзіцеля, прыйшоў у калгас і я. Калі ажаніўся, нам выдзелілі дом, які затым прыватызавалі. Разам з жонкай гадуем дваіх дзяцей. Бацькі ўжо няма, а маці яшчэ жывая, таму ёсць да каго заехаць у бацькоўскі дом. І гэта радуе.

Наталля Касцючык, загадчыца магазіна в. Велікарыта:
-У сваю родную вёску Нікольская стараюся наведацца кожны раз, як толькі выпадае такая магчымасць. Тут жывуць бацькі, брат, сястра, пляменнікі, якіх у мяне шасцёра. Калі іду ў водпуск, хоць на тыдзень, але абавязкова еду да бацькоў. Дзе яшчэ лепш адпачываеш душою, як не ў родным доме і ў родных мясцінах! Мой брат жыве на Поўначы ва Урэнгоі, але таксама на адпачынак прыязджае ў Нікольскую. Як прызнаецца, сумуе па нашых унікальных мясцінах. А яны ля нашай вёскі надзвычай прыгожыя. Наогул, Маларытчына — край вельмі адметны, і я ганаруся, што нарадзілася і жыву тут, у гэтым цудоўным куточку такой жа цудоўнай нашай Беларусі.
Запісала Ірына КАСЦЕВІЧ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 50 от 1.07.17г.

Добавить комментарий


www.agroxy.com

https://pills24.com.ua

https://topobzor.info
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!