Крок у самастойнае жыццё

У апошні дзень чэрвеня ў Маларыцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці было шмат­людна. Падчас урачыстай вечарыны вы­пускнікам установы адукацыі 2017г. уручалі дыпломы. У актавай зале з гэтай нагоды сабраліся не толькі тыя, хто набываў веды, адкрываў сакрэты выбранай прафесіі, але і выкладчыкі, майстры вытворчага навучання, бацькі, госці. 

У самастойнае плаванне з дыпломамі на руках сёлета прафесійны ліцэй адпраўляе 120 выпускнікоў. Усе яны запатрабаваны на рынку працы і зоймуць годнае месца ў працоўных калектывах. Выпускнікі ліцэя атрымалі накіраванні на першае месца працы ў сельгаспрадпрыемствы Маларыцкага, Брэсцкага, Жабінкаўскага і Кобрынскага раёнаў, а таксама ў г.Брэст. Установа адукацыі сёлета падрыхтавала трактарыстаў-машыністаў сельскагас­падарчай вытворчасці, слесараў па рамонту сельскагаспадарчых машын і абсталявання, электразваршчыкаў ручной зваркі, вадзіцеляў аўтамабіляў.
…І вось надыходзіць самы ўрачысты момант. Алена Талашка, намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце ліцэя, зачытвае адпаведны загад. Дырэктар Станіслаў Ляшчук уручае дыпломы.
Між іншым, дыпломы з адзнакай за добрую вучобу, ганаровыя граматы атрымалі 6 выпускнікоў. Гэта – Дзмітрый Міхалькевіч, Ілья Саўчук, Раман Шыян, Яўген Дзем’янюк, Раман Раманчанка, Алег Штык. Пасля лепшых ліцэістаў-выпускнікоў ўзнагародзілі граматамі за поспехі ў вучобе, актыўны ўдзел ў спартыўным і грамадскім жыцці. Станіслаў Ляшчук, віншую­чы выпускнікоў, сказаў, што лепш мець запатрабаваную прафесію і рабочае месца, чым атрымаць дыплом аб заканчэнні ВНУ і стаць беспрацоўным. Дырэктар пажадаў выпускнікам добрага пачатку працоўнай дзейнасці, ажыццяўлення задуманых планаў і мар, лёгка ўліцца ў працоўныя калектывы.
-З набытай адукацыяй вы не згубіцеся ў рыначных умовах, — сказаў старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктар Марушаў, звяртаючыся да выпускнікоў. — Дзяржава вам дала надзейны старт для самастойнага працоўнага жыцця. І яго неабходна выкарыстаць.
Віктар Марушаў традыцыйна ўручыў лепшым навучэнцам прафесійнага ліцэя імянныя стыпендыі Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу за актыўны ўдзел у прафсаюзным і грамадскім жыцці ўстановы адукацыі. Сёлета іх атрымалі Дзмітрый Міхно і Алег Штык.
Са словамі наказу перад пачаткам самастойнай працоўнай дарогі да ліцэістаў звярнулася Таццяна Кароль, майстар групы № 282, а таксама На­дзея Дзем’янюк, настаўніца рускай мовы і літаратуры, маці выпускніка Сяргея Дзем’янюка. Шмат цёплых і шчырых слоў у адрас ліцэістаў сказала і Вольга Жыльцова, вядучая ўрачыстасці.
-Наш ліцэй для 120 выпускнікоў стаў стартавай пляцоўкай, – сказаў Станіслаў Яўгенавіч. – Якую б сцяжынку далей кожны з іх ні выбраў, жадаю ўсім мудрасці і ў любой прафесіі стаць першым і лепшым. Перакананы, што сярод нашых выпускнікоў гэтага года ёсць і героі, якімі мы яшчэ будзем ганарыцца.
Вучоба закончылася, дакументы атрыманы. У сённяшніх выпускнікоў пачынаецца самастойнае працоўнае жыццё.
Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: выпуск 2017 года Маларыцкага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці са сваімі выкладчыкамі і майстрамі вытворчага навучання.

Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ №51 от 8.07.17г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.