Зроблена з любоўю

Нярэдка гавораць: колькі на свеце людзей, столькі існуе і захапленняў. Але, думаю, гэта не зусім так. Таму што ёсць людзі, якія ніводнага захаплення не маюць, а некаторыя і дня не могуць без любімай справы. Менавіта да апошніх належыць і мая знаёмая Любоў Федарук.
Люба вельмі прыемны, пазітыўны чалавек. Пагутарыўшы з ёй, заўсёды атрымліваеш зарад бадзёрасці. Напэўна, менавіта добрая энергетыка і аптымістычнае стаўленне да жыцця і дапамагаюць ёй у яе працы і шматлікіх захапленнях. Безумоўна, Люба творчы чалавек, бо і прафесію абрала творчую. Яна інжынер-тэхнолаг швейнай вытворчасці. Жыве і працуе ў Брэсце. А вось у вольны час займаецца пляценнем з газетнай “лазы”, а яшчэ робіць тапіарыі і сувеніры “Лятаючы кубак”. 
Любоў нарадзілася і вырасла ў вёсцы Дрочава. На маё пытанне, адкуль бяруць вытокі яе захапленні, Люба, амаль не раздумваючы, адказала, што ад дзядулі і маці:
- У дзядулі былі залатыя рукі,  і ён рабіў і майстраваў усё сам. І самае галоўнае – яму гэта вельмі падабалася. Між  іншым,  як і мне падабаецца тое, чым я займаюся. Бо калі справа не даспадобы, дык і толку ніякага не будзе. І матуля мая з ліку тых, хто не любіць проста так бавіць час. Ёй абавязкова трэба  нечым займацца. А калі ўжо гаварыць пра мяне, дык я, як і іншыя дзеці, у школе наведвала розныя гурткі. Настаўніца Дзіна Фёдараўна Ходар, якая вяла заняткі ў гэтых гуртках, вельмі зацікаўлівала сваім майстэрствам. Мне ўсяму хацелася навучыцца. Памятаю, нават неаднойчы даводзілася вяртацца дадому пешшу, бо дадатковыя заняткі праходзілі, як правіла, пасля ўрокаў і я не паспявала на школьны аўтобус, які вёз вучняў дадому адразу пасля заканчэння ўрокаў. Менавіта з тых школьных часоў усё і пачалося.
Ішлі гады. Люба не толькі не забывала пра свае захапленні, але і шукала нешта новае. Такім чынам займацца тапіарыямі яе падштурхнула сяброўка Аляксандра, якая першая засвоіла гэтае майстэрства. Як прызнаецца Люба, яна на той момант часова была без работы, таму вольнага часу хапала. Новы занятак ёй вельмі спадабаўся, таму ў хуткім часе вырабаў было ўжо шмат. Калі наша гераіня задарыла ўсіх родных і блізкіх сваімі вырабамі, вырашыла, што трэба вучыцца новаму. На чарзе былі ”лятаючыя кубкі”.
- Спачатку гэтыя кубкі для мяне былі нечым неймаверным, але вельмі хацелася асвоіць новае ўмельства, - расказвае Любоў. - У гэтым дапамагла сусветная павуціна. З яе дапамогай адшукала аптымальную сістэму пабудовы каркаса. Для яго выкарыстоўваю дрот, гарачы клей і мантажную пену. А ўсё іншае – проста фантазія.
Аднойчы Люба ўбачыла ў знаёмай вырабы з газетнай «лазы». Безумоўна, яны вельмі спадабаліся. І як толькі з’явілася магчымасць, паспрабавала гэтым заняцца. 
- Але не ўсё было так проста, як мне здавалася, - прызнаецца Любоў. - Калі я першы раз дома паспрабавала накруціць трубачкі, адразу ж   зразумела, што справа гэта няхуткая. За пару вечароў я зрабіла іх зусім мала. А вось мазалі на пальцах былі добрыя! Я спляла нейкую маленькую вазачку і на гэтым вырашыла спыніцца. А тыя трубачкі, што засталіся, схавала. 
Прайшло некалькі гадоў, і неяк аднойчы трубачкі зноў трапілі на вочы. Люба вырашыла ўзяць рэванш. Для добрага вырабу “будаўнічага” матэрыялу было мала. Але на гэты раз справа пайшла хутчэй. І пляценне, як прызнаецца Люба, яе вельмі зацікавіла. 
- І ўявіць не магла, што так захаплюся. Любую вольную хвілінку я аддаю пляценню. І за работай сапраўды адпачываю душой. А якое задавальненне адчуваеш яшчэ і ад таго, што твая работа падабаецца людзям!
І сапраўды, дома ў Любы чаго толькі няма! І кошыкі, і ёлачныя цацкі, і плеценыя жывёлы, і абутак, і кубкі з талеркамі, і шмат іншага. І ўсё гэта зроблена з газетнай «лазы». Глядзіш на дзіўныя рэчы і пераконваешся: вось дзе талент! Як сказаў некалі знакаміты рускі тэатральны рэжысёр, настаўнік Канстанцін Станіслаўскі: “Любоў – гэта хацець дакрануцца”. Да тых вырабаў, што зроблены рукамі Любы,  хочацца дакрануцца. Напэўна, таму, што зроблены яны з душою і любоўю.
Анастасія Пархамук.
На здымку: Любоў Федарук.

Добавить комментарий


www.sribnapidkova.ua

もっと
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!