Працоўная вахта хлебаробаў

Нягледзячы на тое, што канец ліпеня сёлета выдаўся дажджлівым, у рэспубліцы ужо з’явіліся першыя тысячнікі на жніве-2017. У Маларыцкім раёне сёлета плануецца убраць ураджай на плошчы 11844 га (за выключэннем кукурузы, грэчкі і проса). На панядзелак, 31 ліпеня, убрана 4699 га, намалочана 13022 т збожжа пры ўраджайнасці 39,7 ц/га. У лідарах па убранай плошчы сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Савушкіна» і ААТ «Чарняны».

Чацвер, 27 ліпеня… Рэдакцыйная машына ўжо імчыць па трасе Маларыта – Кобрын. Спяшаемся трапіць у ААТ «Чарняны». А спяшаемся таму, што не ведаем, калі можа змяніцца надвор’е і спыніць жніво. У Чарнянах накіроўваемся да рамонтных майстэрняў, дзе сустракаемся з галоўным аграномам гаспадаркі Казімірам Сядлецкім. Разам з ім сядаем у рэдакцыйную машыну і адпраўляемся ва ўрочышча «Балоты 3», дзе ідзе уборка азімага жыта. Па дарозе Казімір Уладзіслававіч дзеліцца планамі на гэтае жніво і расказвае, што ўжо зроблена.
— Сёлета мы плануем убраць зерневыя на плошчы 720 га, на 500 з іх — азімыя. На 31 ліпеня ўжо ўбрана 58% плошчаў і намалочана 1430 тон азімага жыта пры ўраджайнасці 34,2 ц/га.
За размовай мы хутка даязджаем да патрэбнага поля. Сюды пераязджаюць з іншага ўчастка два камбайны. Адзін з іх, КЗС-18, зусім новы і ў полі першы сезон. А працуе на ім экіпаж Аляксандра Зяленіна і Паўла Козела. Па гаспадарцы гэты экіпаж з’яўляецца лідарам. Следам за новым камбайнам пад’язджае яшчэ адзін, на якім працуе сямейны экіпаж Валерыя і Яўгена Кулічыкаў. Гэты экіпаж на жніве ўжо трэці год, таксама паказвае добрыя вынікі. Цікавімся ў камбайнераў, ці ёсць паміж імі канкурэнцыя. Маўчаць, усміхаюцца.
— Вядома, ёсць здаровая канкурэнцыя. Без гэтага ў нашай справе ніяк, – адказвае замест камбайнераў галоўны аграном.
Пасля гутаркі з хлебаробамі адпраўляемся на зерняток. На разгрузцы — машына Івана Ігнацюка. Менавіта ён на сваім магутным МАЗе працуе з камбайнерамі ва ўрочышчы «Балоты 3». Настрой у Івана Васільевіча добры, і гэта зразумела, вялікую ж справу робяць нашы хлебаробы. Нездарма ў народзе кажуць: хлеб усяму галава. А мы жадаем работнікам сяла добрага надвор’я і адпраўляемся назад.
Павел КАНАНОВІЧ.
На здымкАХ: экіпаж Аляксандра ЗЯЛЕНІНА і Паўла КОЗЕЛА; сямейны экіпаж Валерыя і Яўгена КУЛІЧЫКАЎ; вадзіцель Іван ІГНАЦЮК.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано ГЧ № 58 от 2.08.17 г.

Добавить комментарий


http://www.etalon.com.ua/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!