Турзлёт работнікаў лесу

У Маларыцкім лясгасе ўмеюць не толькі разам і дружна працаваць, але і адпачываць. Гэта пацвердзіў двухдзённы раённы турыстычны злёт, у якім прыняло ўдзел 7 каманд – работнікаў Маларыцкага, Велікарыцкага, Гвозніцкага, Пажэжынскага, Ужоўскага, Хаціслаўскага і Чарнянскага лясніцтваў.
Турзлёт збліжае, выяўляе мацнейшых, спрытнейшых, музыкальных, крэатыўных, вынаходлівых і ўмелых. Спаборніцтва, якое прайшло на паляўнічай базе “Арэхава” Маларыцкай раённай арганізацыйнай структуры рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”, было разлічана на тое, каб выявіць якраз такіх турыстаў.

У праграму спаборніцтваў былі ўключаны выпрабаванні, якія праверылі ва ўменні дакладна выбраць азімут па компасе і правільна “чытаць” карту мясцовасці, знайсці пікеты, прайсці паласу перашкод, прыгатаваць лепшую страву, распаліць касцёр адной запалкай, перацягнуць канат, трапна страляць з вінтоўкі, выбіць як мага больш ачкоў у дартсе. Каб перамагчы, неабходна яшчэ было добра згуляць у пляжны валейбол, выканаць лепш за ўсіх песню ля кастра…
Аб’ектыўна ўсе этапы спаборніцтва ацэньвала кампетэнтнае журы ў скла­дзе Сцяпана Нікалайчука, дырэктара Маларыцкай раённай арганізацыйнай структуры РДГА “БТПР”, Аксаны Шамякавай, старшыні абкама прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання, Людмілы Губей, старшыні прафкама Маларыцкага лясгаса, Валянціны Жалнерык, намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама, Наталлі Касянюк, намесніка дырэктара Маларыцкага лясгаса па ідэалагічнай рабоце, Аляксея Дзямінскага, першага сакратара Маларыцкага РК ГА “БРСМ”, Генадзя Масюка, казначэя прафкама Маларыцкага лясгаса, Аляксандра Агаркава, вядучага паляўніцтвазнаўца Маларыцкай раённай арганізацыйнай структуры РДГА “БТПР”, Сяргея Козака і Дзмітрыя Каралюка, егераў.
— Нам было цяжка вызначыць лідараў турыстычнага злёту, — гаворыць Наталля Касянюк, — таму што ўсе каманды паказалі не толькі выдатныя вынікі ва ўсіх відах спаборніцтваў, але і ўзаемавыручку, уменне прыйсці на дапамогу ў ня­звыклай сітуацыі. Турзлёт прайшоў цікава, захапляльна!
Пасля цырымоніі адкрыцця пачаліся спаборніцтвы па пляжным валейболе, дартсе, перацягванні каната, спартыўным арыентаванні. Завяршыўся першы дзень конкурсам творчага майстэрства пад дэвізам “Крута ты трапіў на турзлёт”, пад кiраўнiцтвам Таццяны Краўцовай, iнжынера па лесакарыстанні.
На наступны дзень удзельнікі спаборніцтваў паказвалі майстэрства па распальванні вогнішча адной запалкай. Затым кухары каманд засталіся для падрыхтоўкі да кулінарнага паядынку. Астатнія члены каманд з прамежкам у 10 хвілін накіраваліся на паласу перашкод. Спартсмены паспрабавалі свае сілы ў пераадоленні розных відаў перашкод: “пастка”, спуск па схіле, цір, купіны, паралельная пераправа праз балота, аказанне першай медыцынскай дапамогі і інш.
Кубак спаборніцтваў і ганаровае І месца заваявалі ва ўпартай барацьбе работнікі Хаціслаўскага лясніцтва (капітан каманды Васіль Пятручык, ляснічы). Па колькасці набраных балаў на ІІ месцы апынулася каманда Маларыцкага лясніцтва (капітан каманды Віталь Тыцык, майстар лесу). Ня­значна ад іх адсталі работнікі Велікарыцкага лясніцтва, якія занялі выніковае ІІІ месца (капітан каманды Андрэй Федарук, вальшчык лесу). У асобных відах спаборніцтваў таксама вызначаліся лепшыя. Усе пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі, каштоўнымі падарункамі абкама прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама, РК ГА “БРСМ”, прафсаюзнага камітэта лясгаса.
Сюрпрызам для 50 удзельнікаў турыстычнага злёту стаў святочны салют з 50 залпаў ад Сцяпана Нікалайчука, старшыні журы.
Мікалай НАВУМЧЫК.

Опубликовано ГЧ № 58 от 2.08.17г.

Добавить комментарий


https://220km.net
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!