Бабуля Ганна

Гавораць, паглядзеўшы на рукі чалавека, можна многае зразумець пра яго жыццё. Рукі Ганны Якімаўны Пішчык, якая жыве ў вёсцы Мельнікі, прыкладам прыгажосці не з’яўляюцца. Але ёсць у гэтых руках нешта больш значнае за прыгажосць. Гэта рукі, якія ўсё жыццё не цураліся працы, ведалі розную работу.

Ганна Якімаўна нарадзілася ў снежні 1938 года ў вёсцы Мельнікі. У маладой сям’і Якіма і Кацярыны Пішчык яна была першым і адзіным дзіцем. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, маленькай Ганначцы было ўсяго толькі два гады. Таму дакладна яна не памятае тых падзей, як і не памятае, на жаль, свайго бацьку.
-Як распавядала маці, у вайну мы часта ўсе хаваліся ў лесе, — успамінае Ганна Якімаўна, — але ж у вёсцы заставалася хата, гаспадарка. Таму тата з іншымі вясковымі мужчынамі наведваў вёску. Так аднойчы яны пайшлі і больш не вярнуліся.
Прайшоў час. Маці Ганны Якімаўны выйшла замуж другі раз, нарадзіла дачушцы сястрычку Веру. Нягледзячы на тое, што дзяцінства Ганны Якімаўны прыпала на цяжкі ваенны і пасляваенны час, яна змагла атрымаць пачатковую адукацыю. Як прызнаецца, жаданне вучыцца далей было, але не знайшлося магчымасці. Бо трэба было дапамагаць па гаспадарцы. З падлеткавага ўзросту яна пасвіла авечак, а ў юнацкія гады ездзіла працаваць на Украіну.
— На заробкі ў той час моладзі ездзіла шмат. Туды мы ехалі ў сакавіку, а вярталіся дамоў толькі ў лістападзе. Буракі ў асноўным палолі, за гэта атрымлівалі цукар. Нехта заставаўся на доўгі час, але мяне заўсёды цягнула дадому, — расказвае Ганна Якімаўна.
У дваццаць гадоў маладая дзяўчына Ганна сустрэла чалавека, з якім звязала свой лёс. Іван на чатыры гады быў старэйшы. Ніякіх скарбаў не меў, але яны дзяўчыне і не патрэбны былі, бо цаніла яна толькі каханне. У 1958 годзе згулялі маладыя вяселле.
— Ваня быў напалову сірата, як і я. Я расла без бацькі, а ён — без маці. Таму мы добра разумелі адзін аднаго, — расказвае мая субяседніца. — На той час я жыла з мамай і сястрой, таму Іван прыйшоў жыць да мяне. Хоць тады ў нас не было амаль ніякіх сродкаў, але вяселле справілі самае сапраўднае. Вечарам з сяброўкамі плялі вяночкі. А на другі дзень, хоць была зіма, пайшлі пешшу з Мельнікаў у Хаціслаў, каб афіцыйна зарэгістраваць наш шлюб. Вяселле гулялі дома,танцавалі пад гармонік.
Сямейнае жыццё было, як і ва ўсіх: са сваімі турботамі і радасцямі, і ўвесь час у вясковых справах. Ганна Якімаўна працавала свінаркай, а потым пайшла ў паляводчую брыгаду. У маладой сям’і адна за адной нарадзіліся дачушкі -Таццяна і Валянціна. З цягам часу перабудавалі маленькую хатку, каб усім хапала месца. Вось так і жылі год за годам у штодзённай працы.
На маё пытанне, што рабілі ў калгасе, Ганна Якімаўна адказвае з усмешкай:
— Ды без справы ніколі не сядзелі. У калгасе работы хапала. Нават калі цяжарная была, ішла працаваць. На полі і роды пачаліся. А вось зімой нас накіроўвалі на цялятнік. Ды і дома заўжды чакала гаспадарка. Цяжка было, але іншага жыцця мы не ведалі, для нас жыццё і праца былі адным цэлым.
Калі Ганна Якімаўна пайшла на заслужаны адпачынак, яшчэ доўгі час хадзіла ў брыгаду. Аб гэтым сведчыць сшытак, у якім жанчына запісвала кожны свой выхад. Я папрасіла паказаць той сшытак, і мая субяседніца беражліва дастала яго і паклала на стол. На пажаўцелых ад часу старонках быў прыгожа напісаны год, месяц, дзень, а таксама, работа, якую даводзілася выконваць. Разам з гэтым сшыткам захоўваюцца ў пенсіянеркі нумары раённай газеты, у якіх ёсць артыкулы пра дачок і зяця.
Сёння, у свае 78 гадоў, Ганна Якімаўна жыве адна ў роднай хаце. Муж Іван памёр амаль дзесяць гадоў назад. Старэйшая дачка Таццяна разам з сям’ёй жыве ў горадзе Бабруйску, а малодшая Валянціна — у вёсцы Перавое. Даўно дарослыя не толькі дзеці, але ўжо нават і ўнукі. І самае галоўнае, што ніхто не забывае маці і бабулю.
-У мяне ўжо чацвёра праўнукаў, дай Бог і яшчэ будуць. А гэта самае галоўнае ў жыцці, — кажа жанчына, — бо яны — працяг нас.
Неаднойчы звалі дочкі Ганну Якімаўну жыць да сябе, але яна адмаўляецца, бо лічыць, што ў родных сценах жыць лепш. У яе хаце чыста і ўтульна, на сценах размешчаны вышыванкі, а на падлозе — вязаныя рукамі гаспадыні “ходнікі-кружкі”. Ля хаты — маленькі агародзік, радуюць вока кветкі, а з гаспадаркі засталіся толькі куры.
Размаўляла з Ганнай Якімаўнай і ўсё глядзела на яе рукі. Мазолістыя, з сеткаю маршчын, з шурпатымі далонямі, яны і без расказу жанчыны яскрава сведчаць аб працавітасці і нялёгкім жыццёвым шляху. У думках пранеслася: “Рукі бабулі нібы фотаздымак жыцця”. І хоць было гэтае жыццё няпростым, але на лёс Ганна Якімаўна не наракае. Наадварот, удзячна яму за ўсё, што было і ёсць.
Анастасія ПАРХАМУК.
НА ЗДЫМКУ: Ганна Якімаўна Пішчык.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 58 от 2.08.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.