Пад лічбай 100

У кнізе рэгістрацыі запісаў актаў аб нараджэнні аддзела загса Маларыцкага райвыканкама днямі з’явіўся соты запіс. У юбілейны для органаў загса год гэта стала добрай нагодай, каб запрасіць сям’ю маларытчан Таццяны Мікалаеўны і Вячаслава Іванавіча Абрамукоў з іх нованароджанай дачушкай Паулінай у залу правядзення ўрачыстасцей на свята імянарачэння.

Не будзе перабольшваннем сказаць, што такой шматлюднай урачыстай рэгістрацыі нованароджанага ў нашым горадзе яшчэ не было. І ўсё таму, што сям’я Абрамукоў незвычайная. Са снежня 2014 года Таццяна і Вячаслаў, якія гадавалі сваіх чацвярых дзяцей, сталі бацькамі-выхавальнікамі ў дзіцячым доме сямейнага тыпу. Іх сям’я значна павялічылася. Вось і цяпер у ёй выхоўваецца сямёра прыёмных дзетак. На ўрачыстасць з нагоды нараджэння маленькай Паулінкі, каб падзяліць з бацькамі радасць, пажадалі прыйсці ўсе: і родныя дзеці, і прыёмныя.
— З’яўленне на свет маленькага чалавека змяніла ваша жыццё. Любоў, абавязак, сям’я – такія простыя, знаёмыя словы, але колькі за імі радасцяў і трывог. Без дзяцей чалавек не можа адчуць усю паўнату шчасця. Нарадзілася дзіця, і ў вашу сям’ю прыйшлі новыя клопаты і чаканні. Цяпер Вы адказваеце не толькі адзін за аднаго, за сваіх старэйшых дзетак Валерыю, Уладзіслава, Вольгу, Канстанціна, за семярых дзяцей, якія знаходзяцца на вашым выхаванні — Ілью і Рамана Мурашка, Ілью Цярэшка, Сяргея Калдыбіна, Альберта Рабчанюка, Анжаліку Ярашук, Алену Зінчук, але і за пакуль зусім бездапаможную нованароджаную дачушку. Вы – першаадкрывальнікі яе жыцця і шчасця, — звярталася да Вячаслава і Таццяны начальнік аддзела загса Наталля Камянчук.
Нараджэнне дзіцяці, падкрэслівала Наталля Мікалаеўна, важная падзея не толькі для сям’і, але і для ўсяго грамадства. З першых дзён дзяржава бярэ на сябе клопат аб дзецях. І важным прызнаннем правоў новага чалавека з’яўляецца дзяржаўная рэгістрацыя нараджэння. Пад дружныя апладысменты, якія, між іншым, нават не разбудзілі галоўную гераіню ўрачыстасці, бацькі, у адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, паставілі подпіс у запісе актаў аб нараджэнні і атрымалі пасведчанне — першы дакумент сваёй маленькай дачушкі.
Імя – гэта першы падарунак, які прыпадносяць бацькі свайму дзіцяці. Менавіта па іх жаданні нованароджаная атрымала імя Пауліна. Гэтае імя, як адзначала Наталля Мікалаеўна, мае старажытнарымскія карані і ідзе ад слова “паулус”, што значыць “маленькая”, “сціплая”. Але не імя праслаўляе чалавека, а чалавек – сваё імя. А таму ўсе жадалі Паулінцы стаць годным чалавекам, гонарам таты і мамы.
Павіншаваць шчаслівых бацькоў з нараджэннем дачушкі жадалі многія. Ад імя раённай ўлады здароўя, шчасця, дабрабыту вялікай сям’і пажадаў намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама Вадзім Шпетны. Папаўненне ў сям’і, дзе бацькі добра выхоўваюць не толькі сваіх, але і прыёмных дзяцей, як адзначыў Вадзім Паўлавіч, гэта яшчэ адзін доказ бескарыслівай любові да дзяцей.
— Вялікая сям’я – гэта радасць для ўсіх, і толькі ў сям’і дзіця можа адчуць сябе шчаслівым, — віншуючы Таццяну Мікалаеўну і Вячаслава Іванавіча з важнай падзеяй, адзначала Таццяна Лаўрэенка, начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму і старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” у адной асобе. Не засталося ўбаку і такое грамадскае аб’яднанне, як “Белая Русь”. Старшыня яго, Анд­рэй Гарбацэвіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама, перш чым уручыць маленькай жыхарцы Маларытчыны Пауліне Абрамук сімвалічны падарунак – камплект для нованароджанага з вышытымі элементамі ўзора Маларыцкага строю, заўважыў, што патрыятычнае выхаванне пачынаецца з сям’і, з той зямлі, дзе нарадзіўся, і такая вопратка для нованароджанай Пауліны — гэта сімвал яе дачынення да Маларытчыны.
Шчырыя віншаванні атрымлівалі бацькі і ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”. Старшыня яе, Людміла Бурштын, добра ведаючы Таццяну і Уладзіслава Абрамукоў як бацькоў, чые дзеці наведваюць першую гарадскую школу, дзе яна працуе настаўніцай, выказвала ім ўдзячнасць за пастаянную сувязь са школай, добрае выхаванне дзяцей і жадала, каб сімвал нашай краіны — бусел — і далей не абмінаў іх дом.
З падарункамі для сям’і завітала на ўрачыстасць і начальнік аддзела маркетынгу і рэалізацыі Маларыцкага кансервавагародніна­сушыльнага камбіната, член праўлення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” Інеса Іванова. Прыемнымі сюрпрызамі для дзяцей сталі кніжкі-размалёўкі і блакноты ад “Таптышкі”. А яшчэ сям’я атрымала пачастункі – сокі і пюрэ для дзіцячага харчавання ад маларыцкіх вытворцаў.
Як такая ўрачыстасць магла абысціся без агульнага здымка? Ён адлюстраваў радасць, якую падзялілі разам з бацькамі ўсе ўдзельнікі ўрачыстага абраду рэгістрацыі маленькай Пауліны – народжанага ў юбілейны для загса 2017 год сотага новага жыхара нашага горада.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: у час урачыстай рэгістрацыі нованароджанай Пауліны Абрамук.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 59 от 5.08.17 г.

Добавить комментарий


www.220km.net

https://yarema.ua

www.steroid-pharm.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!