А міма бягуць цягнікі…

У першую нядзелю жніўня работнікі стальных магістраляў краіны будуць адзначаць сваё прафесійнае свята — Дзень чыгуначніка.

Гэты дзень святочны і для прафесіянала сваёй справы Галіны Андрэеўны Шчарбіной. На чыгунцы працуе яна 27 гадоў. Шмат што давялося пераадолець Галіне Андрэеўне ў сваім жыцці. І любімая работа дапамагала ёй не падаць духам. Заўсёды ў той ці іншай цяжкай жыццёвай сітуацыі яна з галавой «пагружалася» ў працу, якая давала сілы не патануць у бясконцым акіяне пад назвай “праблемы”.
Сама Галіна Андрэеўна Шчарбіна родам з вёскі Карпін Маларыцкага раёна.З дзяцінства добра памятае старую маларыцкую чыгунку, якая ёй вельмі падабалася. Асабліва вабілі цягнікі, за рухам якіх магла назіраць яна гадзінамі. Але ці магла ўявіць тады, што праз гады менавіта чыгунка стане месцам яе працы. Трапіла сюды выпадкова. Пасля водпуску па догляду за дзіцем шукала работу і даведалася пра вакансію сакратара ў аддзеле матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння. Сюды і ўзялі яе, праўда, часова.
— Прыйшла на чыгунку яшчэ зусім маладая, без вопыту. Пра такіх звычайна кажуць: не адрознівала рэйкі ад шпал,- успамінае Галіна Андрэеўна.
З часовага месца праз пэўны час перавялі Галіну на пастаяннае, і яна стала таварным касірам. Вырашыўшы, што трэба атрымліваць адукацыю, паступіла ў Брэсцкі чыгуначны тэхнікум, які закончыла завочна.
— Добра памятаю выпадак: да нас прыехаў рэвізор,—расказвае Галіна Андрэеўна. – Былі пытанні па праверцы. Я маладая і нявопытная, зусім не ведаю, як рэагаваць на крытыку, таму і расплакалася. Кажу: усё, пайду адсюль, не магу працаваць! А рэвізор і гаворыць: «Ды нікуды вы ўжо не пойдзеце!». Прайшло з таго часу, напэўна, гадоў пятнаццаць. Прыязджае неяк той жа рэвізор, толькі ўжо на паса­дзе начальніка, і ў чарговы раз знаёміць з вынікамі праверкі. А я ў адказ і заяўляю: цяпер ужо, што б ні здарылася, я адсюль нікуды не пайду.
Праца на чыгунцы, як адзначае Галіна Андрэеўна, не толькі вельмі цікавая, але і адказная. Таварны касір вядзе разлікі з кліентамі за перавозку грузаў, багажу, аказаныя паслугі, пагрузачна-разгрузачныя работы, захоўванне грузаў. Прымае і правярае правільнасць афармлення дакументаў па прыёму, пагрузцы і выдачы грузаў, а яшчэ афармляе і адпраўляе вагоны з будаўнічымі матэрыяламі на Расію і Украіну.
Галіна Андрэеўна не толькі вопытны спецыяліст і чалавек, улюбёны ў сваю справу, але і маці траіх дачок.
— Хацелася б, каб мае дзеці знайшлі сваё месца ў жыцці і пайшлі па правільным шляху, каб у іх усё склалася, яны адкрылі ў сабе творчы патэнцыял і лепшыя здольнасці. Няхай на іх жыццёвай дарозе заўсёды гарыць зялёнае святло і пашанцуе з працай, як некалі пашанцавала мне. Я жадаю кожнаму чалавеку знайсці сваё месца ў жыцці, бо вельмі важна адчуваць сябе запатрабаваным у нашым грамадстве, — гаворыць Галіна Андрэеўна.
Прафесійнае свята Галіна Андрэеўна заўсёды адзначае з калегамі. Не забываюць на чыгунцы і тых, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку. У калектыве імкнуцца збірацца ў такія дні ўсе разам.
— Упэўнена, з чыгункай звязваюць жыццё раз і назаўсёды. Большую частку жыцця мы праводзім на працы. Мне пашанцавала, што побач ўважлівыя і спагадлівыя калегі. Нават часам памаўчаць побач з імі, калі ведаеш, што цябе разумеюць, ужо многае значыць.
Дзіяна ПАШКЕВІЧ.

НА ЗДЫМКУ: таварны касір Галіна ШЧАРБІНА.

Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 59 от 5.08.17 г.

Добавить комментарий


примоболан
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!