Дабрачынная казка

З’яўленне Дзеда Мароза і Снягуркі было поўнай нечаканасцю для пацыентаў дзіцячага аддзялення райбальніцы. Хаця кожны з 13 тых, хто паляпшае тут стан свайго здароўя, у душы ўсё ж   такі верыў і спадзяваўся, што гэтыя госці навагодняга свята абавязкова завітаюць і сюды. Маленькія пацыенты чакалі цудаў, сюрпрызаў, прыемных неспадзяванак. І не памыліліся. Казка прыйшла і да іх. Колькі было захаплення і радасці ў дзяцей толькі ад таго, што ўбачылі Дзеда Мароза і Снягурку. А дарагія госці прыйшлі не з пустымі рукамі, а з цэлым мехам падарункаў.
Ініцыятыва павіншаваць з Новым годам пацыентаў з дзіцячага аддзялення належыць Вользе Табачкоўскай, мастацкаму кіраўніку ГДК.
— Гэтая акцыя праводзіцца ўжо ў трэці раз, — расказвае Вольга Паўлаўна. – Узнікла яна тады, калі мы з меншаю дачкою Ксеніяй лячыліся ў аддзяленні. Я пераканалася, што і хворым дзеткам так, як і здаровым, хочацца свята, цудаў, нечага дзіўнага і таямнічага. Са сваімі ідэямі падзялілася з Аленай Пахомавай, старшай медсястрой аддзялення. Яна з задавальненнем падтрымала. Не была супраць і Тамара Гардзяюк, загадчыца аддзялення.
Між   іншым, Вольга Табачкоўская ў першы год падарункі для дзяцей купляла за свае ўласныя грошы. У мінулым го­дзе да гэтай дабрачыннай акцыі далучыўся яшчэ і РК БРСМ…
Дзеці расказвалі вершы, спявалі песні каля ёлкі. Кожны за гэта атрымаў навагодні салодкі падарунак. Дарэчы, Дзед Мароз і Снягурка паднеслі сюрпрыз і работнікам аддзялення. Дзякуючы намаганням Зоі Троцкай, дырэктара Брэсцкага абласнога аддзялення “Беларускага дзіцячага фонду” для эфектыўнасці лячэння маленькіх пацыентаў тут з’явіўся такі неабходны медыцынскі апарат як партатыўны інгалятар (для аэразольнай тэрапіі) вытворчасці ЗША.
Свет не без добрых людзей. У гэтым у чарговы раз пераканалася Алена Пахомава. Па яе словах, дабрачыннай акцыі не было б, калі б не бязвыплатная дапамога маларытчан. Ганна Фёдарава, дырэктар ПГУП “Экзотык-фрут” прадаставіла навагоднія падарункі; ІП Таццяна Шараварына падарыла аддзяленню прыгожую вялікую ёлку. Свята не адбылося б і без Вольгі Табачкоўскай, мастацкага кіраўніка ГДК, якая на час мерапрыемства стала Снягуркай, і Алены Паліводы, загадчыцы дзіцячага сектара ГДК, што была ў ролі Дзеда Мароза.
-Для міласэрнасці і добрых спраў пры жаданні некалькі хвілін ці гадзін можна знайсці заўсёды, — заўважае Вольга Паўлаўна. — Побач заўжды ёсць тыя, каму патрэбна  наша ўвага, наша дапамога. Сёння ж  галоўным падарункам для маленькіх пацыентаў, пераканана, сталі ўсмешкі і добры настрой.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку:  у час дабрачыннай акцыі ў дзіцячым аддзяленні райбальніцы.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://etalon.com.ua

www.dekorde.com

профлист купить