Літаратурны працэс на Маларытчыне: дзень сённяшні

Нельга сказаць, што сёння літаратурнае жыццё Маларытчыны стаіць на месцы, не развіваецца. У нашым раёне былі і ёсць людзі, здольныя да мастацкай творчасці. Аднак іх неабходна ў час заўважыць. А заўважыўшы, пастаянна падтрымліваць. Цяпер гэтым на Маларытчыне займаецца ў першую чаргу аддзел бібліятэчнага маркетынгу Маларыцкай раённай бібліятэкі. Шмат чаго робіцца яго супрацоўнікамі ў гэтым накірунку. У тым ліку – рыхтуюцца і выдаюцца творы. Ужо ўбачылі свет 50 зборнікаў мясцовых аўтараў. Першы з іх выйшаў у 1996г., 6 – ужо ў 2017г., у планах – яшчэ некалькі.

Чытачоў сваімі творамі радуюць Мікалай Губей, Генадзь Мішчук, Валянціна Бярнадская, Алена Сац, Тамара Марозава, Надзея Літвінюк, Тамара Абрамчук і інш.
У літаратурным працэсе Маларытчыны ў канцы ХХ стагоддзя пачала назірацца яшчэ адна станоўчая тэндэнцыя – актыўна развіваецца літаратурная крытыка. Даследаваннямі творчасці мясцовых паэтаў стала актыўна займацца Марыя Жыгалава. Яна ўжо на­друкавала некалькі сваіх навуковых прац на гэтую тэму. Раней, у 2008г., пра пісьменнікаў Маларытчыны (Марыю Жыгалаву, Сямёна Кавеньку, Алену Мажароўскую, Аляксея Філатава) і іх творы краязнаўчыя нарысы і артыкулы напісаны таксама і брэсцкімі навукоўцамі. Дзве брашуры пра творчасць паэтаў раёна, якія выдадзены ў Маларыцкай раённай бібліятэцы, былі падрыхтаваны Аляксандрам Лядзінскім. Пад кіраўніцтвам Ірыны Аксянюк, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры раённай гімназіі, падрыхтаваны 2 вучнёўскія даследчыя работы.
Для папулярызацыі зборнікаў мясцовых майстроў слова ў чытальнай зале раённай бібліятэкі часта арганізуюцца выставы, ла­дзяцца розныя мерапрыемствы. Нядаўна тут прайшла сустрэча-семінар “Этнавітальнасць і мультыкультурнасць у літаратуры Маларытчыны”. Яе адкрыла Наталля Кузьміцкая, намеснік дырэктара бібліятэкі. У госці была запрошана Марыя Жыгалава, доктар педагагічных навук, кіраўнік навукова-даследчай лабараторыі па сацыякультурных праблемах беларуска-польска-ўкраінскага пагранічча, прафесар кафедры беларускай і рускай моў Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, сапраўдны член Акадэміі педагагічных і сацыяльных навук РФ, заслужаны настаўнік Беларусі, аўтар больш за 200 навуковых прац, а таксама майстры паэтычнага слова раёна. Гэта — Мікалай Пацяюк, Уладзімір Кучмінскі, Пётр Пальчук, Уладзімір Данілюк, Лідзія Гаўрылюк, Вольга Бачай, Таццяна Ефлакова, Надзея Кухцей. На сустрэчы прысутнічалі і бібліятэкары Галіна Кучына і Святлана Макарук.
Марыя Пятроўна звярнула ўвагу прысутных на развіццё сучаснай літаратуры і погляд айчынных і замежных навукоўцаў на само паняцце “рэгіянальная літаратура”, на яе ролю ў развіцці асобы і ўклад у развіццё айчыннай літаратуры. На канкрэтных прыкладах Марыя Жыгалава паказала ролю чытання ў развіцці інтэлекту пісьменніка, а значыць, і ў выбары актуальнай тэматыкі і праблематыкі, у абагачэнні стылявых адметнасцей лірыкі і прозы, у спосабах фарміравання характару лірычнага героя і дынамікі яго развіцця. Яна таксама пазнаёміла мясцовых пісьменнікаў з паняццем “моцная пазіцыя” твора, паказала на канкрэтных прыкладах, у чым яна праяўляецца, як дапамагае чытачу вызначаць тэму і ідэю мастацкага твора, якую ролю адыгрывае выбар назвы твора, рытму і рыфмы, сродкаў для фарміравання характару лірычнага героя, спосабаў пранікнення чытача ў падтэкст і выхад на шырокія філасофскія абагульненні. Была звернута ўвага і на жанравую, стылявую і тэматычную парадыгмы, мастацкую манеру, мову і стыль пісьменнікаў, спосабы адлюстравання імі навакольнага жыцця.
Марыя Жыгалава адказала на пытанні мясцовых паэтаў, звязаныя не толькі з яе літаратуразнаўчай дзейнасцю, але і з архіўнай, з гісторыяй выдання кніг за мяжой (у Германіі). Таксама было разгледжана пытанне этнавітальнасці і мульцікультурнасці ў творчасці пісьменнікаў нашага раёна.
Цяпер Марыя Пятроўна Жыгалава завяршае падрыхтоўку да друку кнігі “Поліэтнічная літаратура Маларытчыны: інтэрпрэтацыя і аналіз”, якая будзе першай грунтоўнай манаграфіяй аб развіцці літаратуры Маларытчыны, напісанай паэтамі розных нацыянальнасцей, пачынаючы з пачатку 50-х гадоў ХХ стагоддзя. Асноўная ўвага ў ёй будзе скіравана на ўсебаковы аналіз літаратурнага працэсу Маларытчыны, на яго асаблівасці і адметнасці, этнавітальнасць і мультыкультурнасць мастакоў слова і іх твораў, гісторыю, уклад беларускіх паэтаў, чые жыццёвыя лёсы прайшлі праз Маларытчыну, шляхі і сучасны стан развіцця поліэтнічнай літаратуры прыгранічнага рэгіёна.
Шмат старонак літаратурна-краязнаўчага даследавання будуць прысвечаны асобным майстрам слова Маларытчыны (Мікалаю Пацеюку і Уладзіміру Данілюку, Алене Мажароўскай і Івану Заматаеву, Пятру Чагайдзе і Генадзю Мішчуку, Таццяне Ефлаковай і Мікалаю Губею, Лідзіі Гаўрылюк і Міхаілу Коцелеву, Пятру Пальчуку і Уладзіміру Кучмінскаму, Мікалаю Навумчыку і Надзеі Кухцей).
Думаецца, што новая кніга дапаможа чытачу асэнсаваць гісторыю развіцця рэгіянальнай літаратуры.
Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: удзельнікі сустрэчы-семінара з Марыяй Жыгалавай у раённай бібліятэцы.

Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 60 от 9.08.17г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.