Скандынаўскай хадзьбой – да здароўя

Цяжка сказаць, з каго ў нашым горадзе пачаўся рух да здароўя праз скандынаўскую хадзьбу. Але для мяне першапраходцамі былі жыхары Маларыты Еўдакія Мікалаеўна Сліўная, Уладзімір Іванавіч Сярдзюк і Іван Пятровіч Алесік. Потым ужо было дакладнае вывучэнне методык праз літаратуру і інтэрнэт. Вось ужо два з паловай гады прайшло з таго часу, як я захапіўся такім відам хадзьбы. І з задавальненнем гатовы падзяліцца з чытачамі сваімі напрацоўкамі, даць рэкамендацыі, якія вывучыў і імкнуся выконваць.

Скандынаўская хадзьба – від фізічнай актыўнасці, у якім выкарыстоўваецца методыка хадзьбы пры дапамозе спецыяльна распрацаваных палак. З дапамогай такога метаду фізічнай тэрапіі мы можам актыўна ўплываць на функцыі органаў і сістэм, а таксама пазбавіцца ад некаторых захворванняў. Асабліва карысны гэты від актыўнасці людзям з парушэннямі дыхання, кровазвароту, астэахандрозам, астэапарозам, артрозам і лішняй вагой. Такі метад шырока выкарыстоўваецца для рэабілітацыі пасля інфаркту і ішэмічнага інсульту. Гэтая тэхналогія зніжае артэрыяльны ціск і цукар у крыві.
Ад звычайнай хадзьбы скандынаўская адрозніваецца больш раўнамерным і комплексным размеркаваннем работы мышцаў, 90% якіх задзейнічаны ў рабоце. Яна трэніруе ўсе органы і сістэмы, з’яўляецца выдатнай гімнастыкай для суставаў, бо задзейнічае ўсе суставы, асабліва плечавыя і пазваночнік, зніжае нагрузку на пазваночнік, а гэта важна для людзей з павышанай вагой цела. А яшчэ скандынаўская хадзьба спальвае на 50% калорый больш, чым звычайная, у выніку садзейнічае пахудзенню. Плюсы скандынаўскай хадзьбы ў тым, што яна падыходзіць для людзей любога ўзросту, эканамічная (патрэбны толькі спецыяльныя палкі), мае мінімум супрацьпаказанняў, нармалізуе сон, узмацняе эмацыйна-валявую сферу, дапамагае пры стрэсах. Акрамя таго, яна садзейнічае паляпшэнню постаці, зніжае нагрузку на каленныя суставы, павялічвае вынослівасць арганізма, дае зарад энергіі і пазітыву.
Любы чалавек адолее хадзьбу з палкамі. Важна толькі выкарыстоўваць індывідуальны падыход, каб правільна разлічваць нагрузку. Пачынаць трэба з невялікіх нагрузак і прыслухоўвацца да свайго стану. Гэта ж не від спорту, дзе ставяцца пэўныя рэкорды, а проста від фізічнай дзейнасці. Хадзіць з палкамі можна як па тратуару і асфальту (для чаго ў камплекце прадугледжаны спецыяльныя чаравічкі), так і па грунтовых дарогах і траве. Імкніцеся хадзіць па сасновым лесе, што ва ўмовах нашага горада рэальна. Хадзіць можна ў любую пару года. Для зімняй хадзьбы ў камплекце палак ёсць спецыяльныя насадкі.
Асноўны маршрут – гэта “сцежка здароўя”. Яе мы пачынаем ад гаражоў прадпрыемства ЖКГ, ідзем міма гаражоў сельгасхіміі, дач ПМК і назад. Усяго праходзім да 6 кіламетраў. Многія выкарыстоўваюць іншыя маршруты: у лес “на Катушу” ці ў лес “на Зялінку”.
Калі вы вырашылі займацца скандынаўскай хадзьбой, абавязкова азнаёмцеся з невялікім спісам супрацьпаказанняў і вывучыце правілы і тэхніку хадзьбы.
Чым асабіста мне вельмі падабаецца такі від хадзьбы, дык гэта тым, што, атрымліваючы станоўчы ўплыў на сваё здароўе, мы амаль не нагружаем свой мозг. Наша задача толькі ісці, а ўсё іншае дзейнічае “на аўтамаце”.
Хадзьба аб’ядноўвае аднадумцаў, пазітыўна настроеных людзей, з якімі можна пагутарыць і проста добра правесці час.
Валерый САВАСЦІЁНАК, кіраўнік гуртка скандынаўскай хадзьбы, валанцёр ДУ “Маларыцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”.
НА ЗДЫМКУ: аматары скандынаўскай хадзьбы на “сцежцы здароўя”.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 60 от 9.08.17 г.

Добавить комментарий


www.artma.net.ua

https://iwashka.com.ua

ここに
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!