ГРАМАДСКАЯ ДУМКА — ГАЛОЎНЫ КРЫТЭРЫЙ АЦЭНКІ РАБОТЫ

Вывучэнне грамадскай думкі – адна з форм работы Міністэрства ўнутраных спраў па паляпшэнні дзейнасці органаў правапарадку. Як правіла, апытанне грамадзян праводзіцца 1 раз у паўгоддзе. У лістападзе супрацоўнікі аддзела маніторынгу Міністэрства ўнутраных спраў працавалі ў нас у раёне.
Што паказала апытанне? Над вырашэннем якіх праблем міліцыі трэба працаваць найбольш? Аб гэтым інтэрв’ю начальніка райаддзела ўнутраных спраў Аляксандра МЕЛЬНІКА.

— Аляксандр Дзмітрыевіч, калі браць у цэлым, дык на якіх праблемах засяроджвалі ўвагу грамадзяне, адказваючы на пытанні, што змяшчаліся ў анкетах?
— Праблемы, якія хвалююць нашых грамадзян, калі браць увогуле, характэрныя не толькі для Маларыцкага раёна, але і ў цэлым  для рэспублікі. Гэта і праблема алкагалізацыі, і праблема дарожнай бяспекі, і праблема сямейна-бытавых адносін.
Калі ж   браць дадзеныя па раёне, дык нашых грамадзян больш за ўсё турбуе стан дарожнай бяспекі. Многія з гараджан лічаць неабходным, да прыкладу, абуладкаваць штучнымі няроўнасцямі аварыйна-небяспечныя перакрыжаванні: вуліц Заводская і Маруды, Школьная і Маякоўскага.
Нельга сказаць, што гэта праблема толькі міліцыі. Было выпісана адпаведнае прадпісанне работнікам камунальнай службы, але, на жаль, яны яго не выканалі.
Занепакоены нашы грамадзяне і праблемамі самагонаварэння,  незаконнай рэалізацыі алкагольнай сурагатнай прадукцыі і ў горадзе, і ў вёсках. Найбольш гэта датычыць такіх населеных пунктаў як Высокае, Чарняны, Збураж, Ляхаўцы.
Скажу, што гэтыя праблемы мы бачым і самі, пастаянна працуем над іх вырашэннем, ёсць пэўныя вынікі гэтай работы. Летась, да прыкладу, было выяўлена больш чым 50 фактаў захоўвання і збыту алкагольнай прадукцыі, з незаконнага абароту канфіскавана больш чым 10 тон рознага роду вадкасці, якая ўтрымлівае спірт.
Шэраг рэспандэнтаў лічаць неабходным палепшыць работу са зваротамі грамадзян, бо, на іх думку, супрацоўнікі міліцыі не заўсёды праяўляюць заклапочанасць, не заўсёды ветлівыя і ўважлівыя непасрэдна да саміх грамадзян, не заўсёды прафесійна падыхо­дзяць да вырашэння пастаўленых задач.
Гэта адназначна: такая праблема існуе. Але радуе, што толькі 4,5% апытваемых абазначылі абыякавасць і пасіўнасць работнікаў міліцыі да праблем людзей і іх вырашэння.
На жаль, грубыя, некампетэнтныя і абыякавыя паводзіны аднаго супрацоўніка наносяць непапраўную шкоду ўсёй міліцыі. Як бы дзіўна ні гучала, але і лю­дзей у форме таксама трэба і даводзіцца выхоўваць.
— Анкетаванне — не ісціна ў апошняй інстанцыі, але ўсё ж лічбы падказваюць, што ёсць яшчэ над чым працаваць, акрамя выканання сваіх прафесійных абавязкаў?
— Згодзен з вамі. Праблемы ёсць, яны для нас не новыя, шляхі вырашэння іх мы бачым і над гэтым працуем. Галоўнае прызначэнне работніка органаў унутраных спраў – работа для людзей і дзеля людзей, каб прыстойны падаткаплацельшчык быў абаронены, былі абаронены яго жыццё, маёмасць, здароўе.
Больш таго, як бы крытычна, у тым ліку і самі супрацоўнікі міліцыі, ні адносіліся да меркаванняў грамадзян, я, ведаючы сітуацыю ўнутры міліцэйскага падраздзялення і аналізуючы яе,  магу зрабіць адназначны вывад: грамадзяне ўсё ж аб’ектыўныя ў сваёй ацэнцы тых вынікаў, якія мы маем, і таго стану спраў, што ёсць. Таму над павышэннем даверу іміджу міліцыянера мы будзем працаваць.
Бачым некаторыя свае недапрацоўкі і ва ўзаемадзеянні са сродкамі масавай інфармацыі. Мабыць, у паўсядзённай, руціннай рабоце мы забываем сябе іншы раз і пахваліць (няхай гэта нясціпла), асабліва, калі ёсць за што. Таму і ў гэтым накірунку будзем папраўляць работу.
— Аляксандр Дзмітрыевіч, як рэклама — рухавік прагрэсу, так і грамадская думка – аснова для паляпшэння работы органаў унутраных спраў. Канкрэтныя прапановы грамадзяне выказвалі?
— Грамадзяне падказвалі нам практычныя меры, якія, на іх думку, дазволяць палепшыць стан правапарадку ў нас у раёне і якасць работы міліцыі ў цэлым. А гэта і больш жорсткая барацьба з самагоншчыкамі, і паляпшэнне ўтрымання аўтамабільных дарог, і ўзмацненне адказнасці ўсіх удзельнікаў дарожнага руху за тыя ці іншыя правапарушэнні, асабліва за кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення, і г.д.
Адна з асноўных задач работы з грамадзянамі, якая павысіць імідж міліцыі, – выхаваўча-прафілактычная работа з насельніцтвам не толькі з выкарыстаннем магчымасцей СМІ, але і ўдзел супрацоўнікаў міліцыі ў сходах, што бываюць у працоўных калектывах, па месцы жыхарства. Не сакрэт жа, што вельмі часта супрацьпраўныя паводзіны грамадзян выкліканы нізкім узроўнем прававой культуры і прававой адукацыі. Таму абавязак супрацоўнікаў міліцыі – давесці нормы, патрабаванні закона да кожнага грамадзяніна, каб кожны ведаў не толькі свае правы, але не забываў і пра свае абавязкі. А гэта паспрыяе таму, што кожны з нас лепш будзе разумець і ўсведамляць свае ўчынкі і іх вынікі.
Запісала Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: начальнік райаддзела ўнутраных спраў Аляксандр МЕЛЬНІК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

ГРАМАДСКАЯ ДУМКА — ГАЛОЎНЫ КРЫТЭРЫЙ АЦЭНКІ РАБОТЫ: 1 комментарий

  • 19.01.2011 в 11:48 дп
    Permalink

    Грубыя, некампетэнтныя і абыякавыя паводзіны аднаго супрацоўніка наносяць непапраўную шкоду ўсёй міліцыі. Як бы дзіўна ні гучала, але і лю­дзей у форме таксама трэба і даводзіцца выхоўваць.
    10.05.2010 г. еду на работу,услышал посторонний шум в машине и остановился посмотреть что случилось.Возле меня остановилась ВАЗ 2109 белого цвета,вышли из неё Александр Дмитриевич и водитель в гражданском.Попросили показать документы,я в свою очередь вежливо поинтересовался документами сотрудника милиции.Ответ цитирую:Ты что формы не видишь?????Так что ВОСПИТАНИЕ людей в форме начните с себя.P.S. Когда выходили сотрудники из своей машины,включил в телефоне диктофон(так на всякий случай).

Добавить комментарий


митсубиси л 200

https://tokyozakka.com.ua